needle [ˈni:dl] n.

1. іго́лка (для шыцця, вышывання і да т.п.);

a needle and thread іго́лка з ні́ткай;

the eye of a needle/needle’s eye ву́шка іго́лкі;

thread a needle заця́гваць/прасо́ўваць ні́тку ў іго́лку

2. пруто́к, вяза́льная спі́ца;

knitting needles пруткі́

3. іго́лка для ін’е́кцый;

a hypodermic needle med. шпрыц/іго́лка для падску́рных ін’е́кцый

4. стрэ́лка;

the needle of a compass стрэ́лка ко́мпаса

5. іглі́ца, шыпу́лька;

pine needles іглі́ца хво́і/сасны́

6. infml з’е́длівая заўва́га, шпі́лька, падко́лка

♦

look for a needle in a haystack infml шука́ць іго́лку ў сто́зе се́на

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

шкумаццё, ‑я, н., зб.

Абрыўкі, кавалкі, асобныя часткі чаго‑н.; шкуматы. Са старой елкі.. пасыпалася леташняя ігліца, шкумаццё пасохлага моху і розная другая пацяруха. Лынькоў. І страсаюць з галін снегавое шкумаццё і іней дрэвы, выпростваюцца насустрач сонцу. Хадкевіч. / у перан. ужыв. І ўжо не сядзіцца ў ціхім Зацішку Таму, хто прачытвае Леніна кніжку, Хто скінуў старога жыцця шкумаццё, Хто новае творыць на вёсцы жыццё. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чырвоным (у 1 знач.). Абышоўшы разоў з дзесяць каля кедраў, нехта з гасцей заўважыў паламаны кедр, на якім ігліца не тое каб зруд[з]ела, але счырванела нават. Дубоўка. Як даспела, счырванела Ягада-рабіна, — Увокал глянулі нясмела Мы з табой, дзяўчына. Купала. // Зрабіцца чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванець. Дала руку яна [Ева] нясмела І счырванела: грымнуў смех. Гаўрусёў. Пабялелі Вусы, світка вазака, Толькі шчокі счырванелі Ад марозу ў мужыка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йка ​1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка ​2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ХТА (Abies),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.

Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Дз.​Антанюк.

Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пашы́на, пашы́йнік, пашы́нік, пашэйнік ’галлё, якім усцілаецца дарога ў нізкіх месцах’ (Клім.; паст., Сл. ПЗБ), ’галлё, якім накрывалі лён пры замочванні’ (рас., Шатал.; Жыв. нар. сл.; віц., навагр., ДАБМ, 879), ’сукі дрэва або зрубленыя маладыя дрэвы з галінамі’ (Касп.). З польск. faszyna ’звязка галля’, якое з ням. Faschirie < італ. fascina ’тс’ < лац. fascis ’пучок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 155; Брукнер, 119; Фасмер, 4, 188). Шчуч. пашына ’хваёвая і яловая ігліца’ (Сл. ПЗБ) названа паводле функцыі (’галлё’), магчыма, з пашыпа (гл.) ці + па + шыпʼё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.​У.​Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лі́чнік 1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.

Лі́чнік 2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліца ’калючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)