пачапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.

1. Дакрануцца некалькі разоў; пакратаць. [Галя] не кранулася іх рукою. Ведала звычай некаторых птушак: калі пачапаеш яйкі рукамі, птушкі цураюцца іх. Сабаленка. [Дзед] адкашляўся, разгладзіў, убачыўшы нас, вусы, пачапаў кароценька пастрыжаны клінок бародкі. Янкоўскі.

2. Крануўшы, парушыць. Пасля.. [жонка] расказвае, што цяпер пачалі паказвацца ваўкі. Мабыць, гэта пачапалі іхнія гнёзды. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аба́пал,

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. выражае прасторавыя адносіны. Паказвае на размяшчэнне з абодвух бакоў чаго‑н. Часам па лесе, што абапал выбоістага шляху, пройдзецца Лясун і засвішча, застогне. Лупсякоў. Над ракою, над лугамі абапал ракі ні клубочка ні каснічка — палоскі туману. Янкоўскі.

2. прысл. З абодвух бакоў. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расчыні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Адчыніць што‑н. зачыненае, зрабіць даступным унутранасць чаго‑н. Расчыніць хату. □ Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. // Адчыніць, расхінуць (створкі, дзверцы і пад.). Расчыніць вароты. □ Гарачыня прымусіла расчыніць вокны і дзверы. Чарот. Як толькі шафёр расчыніў пярэднія дзверы, людзі .. адзін за адным спакойна заходзілі ў аўтобус. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),

сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),

1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.

Створаны ў сярэдзіне 17 ст. італьян. майстрам М.​Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.​Блажэўскі, П.​Станкевіч, Л.​Шышкоўскі, Ф.​Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.​Шлег, П.​Падкавыраў, Я.​Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.

2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).

Літ.:

Азархин Р.М. Контрабас. М., 1978.

І.​Дз.​Назіна.

Кантрабас.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пустадо́мак, ‑мка, м.

Разм. Чалавек, які не мае гаспадаркі; дрэнны, нядбайны гаспадар. Разгарнуў свае нататкі.. Слова «пустадомкі» не раз і не два паўтараецца.. У маіх запісах гэта слова сустракаецца з рознымі значэннямі, паўтараецца — з адным: абыякавы, безгаспадарны (пра чалавека). Янкоўскі. Самотна і цяжка Ганне без сыноў. Быццам пустадомкі яны якія, і ў бацькавай хаце месца ім не хапала... Гроднеў. [Апанас:] — Жывеш як пустадомак: ні калёс, ні атос, і кабылу чорт панёс. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маге́ра1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).

Маге́ра2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.

Маге́ра3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера1 (як вынік піцця — белая гарачка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПА́РНЫ ЛІК у мовазнаўстве,

у старабеларускай мове адна з трох катэгарыяльных форм ліку, якая проціпастаўлялася адзіночнаму і множнаму ліку. Унаследаваны старажытнарускай мовай ад праславянскай мовы. Ужываўся пры абазначэнні парных прадметаў («двѣ руцѣ», «двѣ ноз»), а таксама двух аднолькавых у якіх-небудзь адносінах прадметаў ці істот («двѣ сестре», «двѣ жонце»).

Адрозніваліся 3 формы: назоўна-вінавальнага, родна-меснага і давальна-творнага склонаў. У назоўна-вінавальным склоне ў залежнасці ад тыпу скланення назоўнікі мелі канчаткі «-а», «-я», «-ѣ», «-и», «-ы»; у родна-месным і давальна-творным склонах назоўнікі ўсіх скланенняў мелі аднолькавыя канчаткі «-у/-ю» і «-ма». П.л. мелі ўсе зменныя часціны мовы. Разбурэнне Пл. з 13 ст. на ўсходнеславянскіх мовах звязана з развіццём абстрактнага лічэння.

П.л. ужываецца ў сучаснай славенскай мове, часткова ў інш. слав. мовах. Рэшткі П.л. захаваліся ў некат. бел. гаворках («дзве вядрэ», «дзве назе», «дзве сцяне»), а таксама ў літ. мове («вачыма», «грашыма», «плячыма», «дзвярыма»).

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)