неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мра, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.

3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цемра, цемната, цямнота, цемень, цем, цемрадзь, цьма, морак, змрок, змрочнасць; поцемкі, прыцемкі, суцемкі (мн.); цемрыва, цемрань, цемрыня, цямрыца, цямрэча (разм.); мрок, памрока, сутонне, суценне, сутонь (абл.); чарната (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Тума́к1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак2 і тумак3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.

Тума́к2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topiti ‘рабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.

Тума́к3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цень, ‑ю, М ‑і і (у) цяні́, м.

1. Прастора, заслоненая чым‑н. ад сонца. Нам ясна стане ў гэты дзень, Што зелень уся без Сонца згіне, Што толькі з Сонцам дораг цень! Грамыка. // Цемната, змрок. Начны цень. Вячэрні цень. □ Сонечныя прам[я]ні пранізваюць лясны цень, але воблакі час ад часу закрываюць сонца. Пестрак.

2. Цёмны адбітак прадмета на чым‑н., пры ўмове асвятлення з процілеглага боку. Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. Баранавых. Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі скакалі дзіўныя цені. Арабей. // перан. Пра таго, хто ўвесь час ходзіць за кім‑н., падпарадкоўваецца каму‑н. Раней [Шохан] быў ценем Мудрыка, хадзіў толькі з ім, ва ўсім яму падтакваючы. Навуменка. // перан.; чаго або які. Адлюстраванне ўнутранага стану (трывогі, смутку, болю і пад.). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутны цень. Мележ. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. перан.; чаго. Слабы след, адбітак чаго‑н.; напамінак аб чым‑н. Умеў.. [Чорны] зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Мележ. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. // Пра верагоднасць пагрозы чаго‑н. Каб дзеці вольныя раслі, — Вайны прагонім цень! Агняцвет. Чорнай хмарай не заслоніць межы Цень злавесны атамнай вайны. Звонак.

4. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры каго‑н. Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Навуменка. У лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Маўр.

5. Пра каго‑н. вельмі аслабленага, худога. Як .. [Косця] зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень... Ваданосаў.

6. Спец. Месца на малюнку, карціне, якое перадае найменш асветленыя ўчасткі чаго‑н. Пакласці цені. Ігра святла і ценю.

7. Здань, дух мерцвяка. Усе асноўныя сцэны П. Малчанаў выконвае з вялікім майстэрствам: дыялог Гамлета з ценем бацькі, сцэна «мышалоўкі», маналог «быць ці не быць», сцэна пахавання Афеліі і інш. «Беларусь».

•••

Кідаць цень на каго-што гл. кідаць.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

У цяні — а) непрыкметным, непрыкмечаным (быць, заставацца, трымацца); б) без асаблівай увагі, на заднім плане (пакідаць, трымаць каго‑, што‑н.).

Як цень — неадчэпна (хадзіць за кім‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)