СІПАКО́Ў Янка (Іван Данілавіч; н. 15.1.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1997). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Вожык» (1960—73), «Маладосць» (1973—93), выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (1993—97). З 1997 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1953. Першы зб. вершаў «Сонечны дождж» (1960). Паэт пераважна лірычнага складу, актыўны ў пошуках самавызначэння, спалучэння творчай традыцыі і наватарства. Аўтар зб. «Лірычны вырай» (1965), кніг паэзіі «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), у якіх паглыбленае асэнсаванне гістарызму і гуманізму, паэт. эксперыменту на сумежжы сілаба-танічнага верша і верлібра. Гармонія зместу і формы, стылявая выразнасць у этапным творы «Вечаславянскіх балад» (1973, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976, дап. выд. 1998). Трывога за лёс зямлі і чалавека на ёй у зб-ках «У поўдзень, да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). У вянку санетаў «Жанчына» тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых дачыненняў. Аўтар зб. нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), кнігі прозы «Крыло цішыні» (1976). Аповесці «Крыло цішыні» (1974) і «Усе мы з хат» (1975) вызначылі лірычную стыхію і «перакрыжаваную» ў часе кампазіцыю наступных яго празаічных твораў (кнігі «Жанчына сярод мужчын», 1980; «Спадзяванне на радасць», 1983; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990). У аповесці «Жыві як хочацца» (1979), апавяданнях праблемы сучаснага горада, духоўны свет інтэлігента. Развівае ў бел. л-ры жанры прытчаў (зб. «Тыя, што ідуць», 1993), паэм у прозе («Ахвярны двор», 1991). Аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), гіст. апавяданняў, цыклаў мініяцюр, а таксама зб-каў гумару «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). На бел. мову пераклаў асобныя творы Ду Фу, А.Пушкіна, А.Блока, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, А.Туманяна, А.Цэрэтэлі, В.Хлебнікава, Э.Межэлайціса і інш., паасобныя песні карэла-фінскага эпасу «Калевала». Выдаў кн. перакладаў «Лісце травы» У.Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты смутку» Ф.Прэшэрна (1987), «Вершы ў прозе» І.Тургенева (1994), зб. «На волю птушку выпускаю» (1989).
Тв.:
Вочы ў вочы: Выбр. паэзія. Мн., 1978;
Сад людзей: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985;
Выбр.тв. Т 1—2. Мн., 1995—97;
Падары нам дрэва. Мн., 1997.
Літ.:
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;
Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983;
Кабаковіч А. Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;
Лысенка А. Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Янкі Сіпакова Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВЮ́РА (франц. gravure),
1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.
2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.
Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.
Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст.Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.
На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г.найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Гравюра. А.Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.В.Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.Да арт.Гравюра. К.Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.Да арт.Гравюра. В.Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.Да арт.Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́НАК,
выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).
Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.
На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.Да арт.Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.Да арт.Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.Да арт.Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.Да арт.Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).
2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл.Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш.дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.
На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.Маранобу, К.Утамара, К.Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.Дзюрэр, Г.Гольбейн Малодшы, Л.Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш.). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.А.Фраганар, У.Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.Дам’е, У.Блейк, Э.Дэлакруа, В.Васняцоў, І.Білібін і інш.). У І. 20 ст.вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.Пікасо, Р.Гутуза, Р.Кент, У.Фаворскі, А.Канеўскі і інш.).
На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл.сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.Вашчанкаў, Ф.Ангілейкі, А. і Л.Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.Аляшкевіч, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, К.Кастравіцкі, К.Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.Філіповіч, П.Гуткоўскі, А.Тычына, Г.Змудзінскі, В.Дваракоўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.Літко, М.Малевіч, Б.Басаў, А. і В.Волкавы, Я.Мінін і інш. У Вял.Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.Букаты, Дз.Красільнікаў, В.Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.Басалыгі, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г. і Н.Паплаўскія, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, В.Шаранговіч, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
У.Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.Да арт.Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.А.Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.Мсціслаўца. 1575.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 1920—30-х гадоў.
Яго развіццю ў БССР спрыяла дзейнасць нар.маст. школы ў Віцебску, маст. студый у Віцебску, Магілёве (кіраўнік Ф.Пархоменка), Гомелі, Оршы і Мінску (пад кіраўніцтвам Я.Кругера, Г.Віеру, А.Тычыны), а таксама майстэрні М.Філіповіча, Ф.Сяргеева. Адначасова мастакі атрымлівалі адукацыю ў Вільні, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Варшаве, Кракаве. На развіццё выяўл. мастацтва значна паўплывалі створаныя ў 1927 Усебел. асацыяцыя мастакоў (з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Маскве і Ленінградзе; у 1928 рэарганізавана ў Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі) і аб’яднанне «Прамень», у якое ўваходзілі мінскія мастакі.
У Зах. Беларусі цэнтрам маст. жыцця была Вільня, дзе ў 1919 быў адроджаны Віленскі ун-т, пры Віленскай бел. гімназіі ў 1926—27 дзейнічала маст. студыя-майстэрня Я.Драздовіча. Пошукі нац. адметнасці, уласцівыя бел. мастакам, у значнай ступені абапіраліся на традыцыі віленскай школы. Творчасць Б.Кубіцкага, Ф.Рушчыца, Л.Сляндзінскага і інш. развівалася пад уплывам агульнаеўрап. плыней.
Адно з вядучых месцаў у мастацтве пач. 1920-х г. займалі агітацыйнае і афармленчае мастацтва. Эскізы размалёвак афармлення Віцебска ў 1918—19 выконвалі А.Бразер, М.Шагал, С.Юдовін, Д.Якерсон, а ў 1920-я г. — К.Малевіч і члены арганізацыі «УНОВИС» В.Ермалаева, М.Коган, Л.Лісіцкі, М.Суэцін, І.Чашнік і інш. Афармленнем Гомеля займаліся мастакі студыі імя Урубеля, у Мінску — М.Цэханоўскі і У.Страмінскі. Развіваліся агітацыйныя графіка і плакат: А.Быхоўскі, М.Волк, А.Гефтэр, Ф.Іванчук, С.Каўроўскі, Л.Лісіцкі, Л.Фрындлендэр, Я.Целішэўскі, С.Юдовін, для творчасці якіх характэрны метафарычныя элементы, графічны лаканізм і ўздзеянне авангардных плыней. Агітацыйны плакат сустракаўся ў творчасці А.Ахола-Вало, А.Быхоўскага, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Зархі, Ф.Іванчука, В.Карамышына, М.Станюты, Б.Ульпі. Лозунгавы характар агітац. графікі сярэдзіны 1920-х г. змяніўся сюжэтнымі кампазіцыямі. Значны ўплыў на развіццё скульптуры ў першыя паслярэв. гады зрабіў т.зв. ленінскі план манум. прапаганды. У адпаведнасці з ім у розных гарадах рэспублікі былі ўстаноўлены часовыя помнікі дзеячам міжнар.рэв. руху, выкананыя А.Бразерам, К.Елісеевым, В.Мацвеевым, М.Цэханоўскім, Д.Якерсонам. Яркія нар. вобразы створаны З.Азгурам, А.Бразерам, А.Грубэ. Развіццю бел. скульптуры садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме скульпт. аддзялення (1924), якое ўзначаліў М.Керзін. Выпускнікі гэтага аддзялення (З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, А.Арлоў, А.Жораў, Г.Ізмайлаў) разам з М.Керзіным выканалі скульпт. афармленне Дома ўрада ў Мінску на тэмы рэв. барацьбы, гісторыі станаўлення сав. улады на Беларусі (1931—35). Адметнае месца ў жывапісе гэтага часу займае віцебскі перыяд творчасці М.Шагала і К.Малевіча, творчая практыка групы «УНОВИС». У выяўл. мастацтве 1920 — пач. 1930-х г. адлюстраваліся ідэі адраджэння нац. культуры, багатыя гіст. і культ. традыцыі народа і побыт беларусаў, вобразы славутых гіст. асоб Беларусі, помнікі архітэктуры ў творах Я.Драздовіча, А.Грубэ, У.Кудрэвіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, А.Тычыны, М.Філіповіча і інш. У пейзажах 1920-х г. пераважала адданасць рэаліст. кірунку, не пазбаўленаму ўплываў імпрэсіянізму (У.Кудрэвіч, панарамныя пейзажы В.Волкава). Сярод інш. пейзажыстаў П.Мрачкоўская, Ф.Пархоменка, Д.Полазаў, Ю.Пэн, М.Сляпян, М.Станюта. 1920-я г. былі пачаткам фарміравання маст. школы бел.сав. графікі; побач з агітацыйнай масавай графікай развівалася станковая, часопісна-газетная, прыкладная, тэатральны плакат: творы І.Валадзько, П.Гуткоўскага, П.Мрачкоўскай, І.Пляшчынскага, М.Філіповіча і інш. У ліку найб. пашыраных былі пейзаж (малюнкі тушшу А.Астаповіча), архітэктурныя матывы (ксілаграфіі З.Гарбаўца, Я.Мініна, С.Юдовіна), індустрыяльныя замалёўкі (лінагравюры А.Тычыны), нацюрморт (акварэлі М.Тарасікава). З сярэдзіны 1920-х г. пачала развівацца кніжная графіка (П.Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Лебедзева, В.Літко, Б.Малкін, А.Тычына, М.Філіповіч, М.Эндэ і інш.). Графіка ў часопісах («Маладняк», «Світанак», «Наддзвінне» і інш.) набыла выразную сацыяльна-грамадскую накіраванасць у афармленні А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, А.Пузынкевіча, А.Тычыны і інш. Развіваліся карыкатура, шарж. Важную ролю ў фарміраванні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва адыграла творчасць мастакоў тэатра імя Я.Купалы (БДТ, з 1926 БДТ-1). У бел. дэкарацыйным мастацтве найб. плённымі былі творчыя пошукі ў афармленні нац. твораў, дзе яскрава раскрываўся пафас барацьбы народа за лепшую будучыню: мастакі К.Елісееў, А.Марыкс.
Пераважная большасць твораў мастакоў Сав. Беларусі экспанавалася на маст. выстаўках (1-я адбылася ў ліст. 1919 у Віцебску, пазней у Бабруйску), а таксама на 1—4-й Усебел. выстаўках (1925, 1927, 1929 і 1931). Значная роля ў вызначэнні шляхоў развіцця мастацтва ў 1930-я г. належыць Усебел. канферэнцыі мастакоў (1931) і 1-му з’езду мастакоў (1938). Гал. рысай мастацтва 1930-х г. з’яўлялася прапагандысцкая функцыя, уплыў на масавую свядомасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала зацвярджэнне адзінага творчага метаду — сацрэалізму. У жывапісе асаблівая папулярнасць належала сюжэтна-тэматычнай карціне, у аснову якой былі пакладзены традыцыі рус. рэалістычнага мастацтва 19 ст. Разам з тым творы вылучаліся больш складанай кампазіцыйнай пабудовай, выразнай дынамікай рытмаў, шматпланавым сюжэтным дзеяннем, разгорнутай апавядальнасцю. Сярод найб. значных тэм — героіка-рэвалюцыйная, вытв., калгасная, ваенная, спарт., святочна-трыумфальная, а таксама пейзаж, нацюрморт і партрэт. Гіст. тэма займала важнае месца ў творчасці С.Андруховіча, І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, Г.Віеру, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Гусева, І.Давідовіча, В.Дзежыца, Я.Зайцава, Г.Змудзінскага, К.Касмачова, А.Кроля, Я.Кругера, М.Манасзона, Л.Рана, В.Руцая, Ф.Фогта, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, М.Эндэ.
У 1930-я г. тэматычныя карціны, скіраваныя на адлюстраванне вытв. працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, займалі дамінуючае месца ў творчасці І.Ахрэмчыка, Г.Віера, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Даўгялы, А.Заборава, Дз.Камарова, А.Каржанеўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, С.Лі, А.Шаўчэнкі, М.Філіповіча. Паэтычныя і рамантычныя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя жыццю і побыту людзей, пераважалі ў творах А.Волкава, Я.Красоўскага, Л.Лейтмана, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча. Сярод твораў манум. жывапісу кампазіцыі І.Ахрэмчыка, В.Волкава. Цэнтр. вобразы ў партрэтах — рабочы, селянін і салдат, ударнікі працы, калгаснікі, лётчыкі, камандзіры, камсамольцы, піянеры (творы А.Волкава, Дз.Камарова, Н.Тарасікава, Я.Ціхановіча). Вобразы сав. правадыроў, зведзеныя да некалькіх кампазіцыйных схем, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі (творы В.Волкава, М.Гусева, І.Давідовіча, Я.Ціхановіча). Псіхалагізм вобразаў, дасканала адлюстраваная індывідуальнасць уласцівы партрэтам І.Ахрэмчыка, В.Волкава, М.Гусева, Я.Кругера, У.Кудрэвіча, Д.Полазава, М.Станюты, М.Тарасікава, Р.Семашкевіча, М.Філіповіча, групавым партрэтам У.Руцая. Сярод нешматлікай колькасці камерных партрэтаў творы П.Явіча, жанравыя — Ю.Пэна. У пейзажы важным вобразным элементам стала адлюстраванне працы сав. чалавека, бурных працэсаў сацыяліст. будаўніцтва: У.Кудрэвіч, М.Дучыц, А.Шаўчэнка, Б.Звінагродскі, С.Лі, Г.Ізергіна. Паступова больш урачыста пафасны характар набыла сав.быт. карціна: А.Волкаў, І.Давідовіч, Я.Красоўскі, У.Хрусталёў. Пашырылася таксама тэма спорту.
У творчасці шэрагу мастакоў Зах. Беларусі (М.Сеўрук, П.Сергіевіч) у 1930-я г. цэнтральнае месца занялі рамантычнага характару жанравыя кампазіцыі, партрэты і пейзажы, у якіх адлюстраваны падкрэслена нац. вобразы, паэтычныя эпізоды сялянскага жыцця і побыту, эмацыянальна выразныя вобразы роднай прыроды.
Росту майстэрства мастакоў-графікаў садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме графічнага аддзялення (1930). У розных тэхніках працавалі Ф.Фогт (літаграфія), Л.Лейтман (акварэль), М.Тарасікаў і А.Бразер (малюнак тушшу), Б.Малкін (афорт). Тэматыка іх твораў самая разнастайная: сатыр. малюнкі, водгук на паліт. падзеі, ілюстрацыі да літ. твораў, плакаты. У афармленні кніг, сярод якіх вырасла колькасць твораў рус. класікаў, прымалі удзел Б.Басаў, А.Волкаў, М.Гусеў, М.Карпенка, М.Лебедзева, М.Малевіч, Б.Малкін, І.Мільчын, Я.Мінін, А.Тычына, М.Эндэ і інш.Вытв. тэма дамінавала ў творах А.Астаповіча, А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана, Б.Малкіна, Л.Рана, М.Тарасікава, А.Тычыны, В.Ціхановіча і інш. У галіне манум. скульптуры створаны помнікі У.І.Леніну ў Полацку (1936) і ў Слуцку (1938) А.Бембелем, у Барысаве (1935) А.Грубэ, помнік Ф.Э.Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933) — А.Грубэ. У станковай скульптуры працавалі таксама А.Арлоў, А.Жораў, А.Глебаў, А.Грубэ і інш., у галіне скульптурнага партрэта — М.Керзін, А.Бразер, З.Азгур. Скульптары спрабавалі выйсці за межы аднафігурнай кампазіцыі (творы Л.Карпенкі, А.Арлова, А.Глебава, С.Селіханава). Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва 1-й пал. 1930-х г. характарызавалася эксперыментамі, пэўным адыходам ад рэалізму (М.Аксельрод, С.Тоўбін), захапленнем кубафутурызмам, экспрэсіянізмам, канструктывізмам. Але гэтыя пошукі ў хуткім часе закончыліся вяртаннем на рэаліст. пазіцыі. Гэтаму садзейнічаў і рэпертуар бел. тэатраў, які папоўніўся новымі сучаснымі творамі. Сярод дэкарацыйных вырашэнняў вылучалася сцэнаграфія Я.Нікалаева, Дз.Уласюка, І.Ушакова. У сярэдзіне 1930-х г. прыйшло новае пакаленне мастакоў-дэкаратараў: М.Блішч, У.Кульваноўскі, П.Масленікаў, І.Пешкур, І.Санін. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. выкарыстоўваліся пераважна рэаліст. сродкі выразнасці, традыцыі рус. сцэнаграфіі (дэкарацыі А.Басулаева, А.Марыкса, Я.Нікалаева, З.Сірвінта, І.Ушакова, К.Ціханава і інш.).
А.Бембель. Гарэльеф у Доме ўрада ў Мінску. 1936.М.Філіповіч. Казачны сюжэт. 1920-я г.Я.Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне. 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст.; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН Аляксандр Сяргеевіч (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В.М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А.Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.Уайлд, М.Чапмен, Р.Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.Вейс, Ч.Хартшарн, У.Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл.Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.Конт, Г.Спенсер, Л.Гумплавіч, М.М.Кавалеўскі, Э.Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.Патнэм, У.Селарс, Г.Р.Харэ).
Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст.маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-раАдраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.Бакачыо, Ф.Рабле, М.Сервантэса, У.Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.Дэфо, Г.Філдынг, Д.Дзідро, Г.Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.
Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.Скарына, В.Цяпінскі, С.Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.Пацея, М.Сматрыцкага, І.Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап.літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц.сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл.«Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.
Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.Гудона (Францыя), У.Хогарта (Вялікабрытанія), Д.Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.Дам’е, а таксама Ж.Ф.Міле, П.Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст.маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;
Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВА 1940—80-х гадоў.
У пасляваенным жывапісе пераважная ўвага аддавалася сюжэтна-тэматычнай карціне, бо менавіта ў ёй з найб. паўнатой можна было ўвасобіць тагачасныя ідэалагічныя рэаліі. Такога плана творы стваралі І.Ахрэмчык, Н.Воранаў, І.Давідовіч, Я.Зайцаў, П.Раманоўскі, В.Цвірка, А.Шыбнёў. На пасляваенны бел. жывапіс моцна ўплывала ваенная тэматыка. Мастакі імкнуліся вырашыць праблему гераічнага ў мастацтве, але на тым этапе пераважалі спрошчаныя жыццёвыя ўражанні, нескладаная апавядальнасць сюжэтаў. Пад лозунгам барацьбы за павышэнне прафес. майстэрства жывапіс паступова траціў умоўнасць, асацыятыўнасць, сімволіку. Большасць палотнаў ілюстратыўна ўзнаўлялі пэўныя бакі рэчаіснасці. Паслядоўна развіваліся традыцыі рэаліст. жывапісу ў творчасці І.Ахрэмчыка, В.Волкава, Я.Зайцава, Х.Ліўшыца, У.Сухаверхава, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва і інш. Да лепшых кампазіцый ваеннай тэматыкі належаць творы «Палонных вядуць» А.Шыбнёва (1947), «За родную Беларусь» У.Сухаверхава, «Партызаны ў разведцы» Я.Ціхановіча (абодва 1948). У тэматычных крыніцах быт. жанру арыентацыя на творчыя здабыткі перасоўнікаў вяла да эпігонскага выкарыстання некат. матываў шляхам іх перапрацоўкі і развіцця ў духу новых паліт. рэалій. Нават пейзаж стаў сферай ідэалагічнай увагі. Таму часта аберагальную функцыю выконвала назва твора. У 1947 радзіму наведаў В.К.Бялыніцкі-Біруля, што натхніла яго на стварэнне работ: «Ізноў расквітнела вясна. Па слядах фашысцкіх варвараў», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май» (усе 1947). Яго творчасць моцна паўплывала на бел. мастакоў. У жанры пейзажа працавалі Г.Азгур, П.Гаўрыленка, Б.Звінагродскі, С.Каткоў, У.Кудрэвіч, А.Мазалёў, В.Цвірка, А.Шыбнёў. Характэрным для творчасці мастакоў-дэкаратараў пасляваеннага перыяду было імкненне падпарадкаваць усе выразныя сродкі раскрыццю ідэйнага зместу твора: М.Блішч, А.Грыгар’янц, П.Масленікаў, С.Нікалаеў, Я.Нікалаеў, І.Ушакоў. Бел. скульптары аднаўлялі тыя творы (пераважна манум. скульптуры), якія былі знішчаны ў час вайны, у т. л. помнік У.Леніну і рэльефы для Дома ўрада ў Мінску, помнікі У.Леніну, Ф.Э.Дзяржынскаму, І.В.Сталіну ў розных гарадах Беларусі. Стваралі таксама партрэты камуніст. дзеячаў інш. краін. Значную цікавасць уяўляе і партрэтная скульптура А.Бембеля, А.Глебава, братоў Л. і М. Роберманаў, С.Селіханава і інш., у якой бачна спроба не толькі выявіць індывід. рысы, псіхалагічны і эмацыянальны стан, але і імкненне да тыпізацыі вобраза. У рэчышчы плана манум. прапаганды развівалася манум. скульптура. Вядучае месца ў скульпт. аздабленні бел. гарадоў і пасёлкаў займаў помнік У.Леніну, які быў (як і помнік І.Сталіну) абавязковым атрыбутам цэнтр. плошчы. З мэтамі барацьбы з «буржуазным індывідуалізмам» над помнікамі часта працавалі вялікія групы скульптараў і архітэктараў, што вяло да поўнага абязлічвання твора. Напр., над манум. помнікам І.Сталіну на Цэнтр. плошчы ў Мінску працавала «брыгада» скульптараў у складзе З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, архітэктараў Г.Заборскага і У.Караля. Паводле ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэр. Беларусі былі ўстаноўлены бюсты двойчы Герояў Савецкага Саюза П.Я.Галавачова, С.І.Грыцаўца, С.Ф.Шутава, І.І.Якубоўскага; узведзены помнікі-бюсты Ф.Э.Дзяржынскаму, легендарнаму дзеду Талашу, дзеячу рэв. руху ў Зах. Беларусі, партызанцы В.Харужай, а таксама нар. паэту Беларусі Я.Купалу. Распачаты работы над абеліскам на плошчы Перамогі ў Мінску ў гонар воінаў Сав. Арміі і партызан, што загінулі ў 1941—45. Пры ўсіх сваіх недахопах творы тагачаснай манум. скульптуры мелі адну станоўчую якасць — яны заўсёды былі ў поўнай адпаведнасці з архітэктурным асяроддзем. Ім уласціва тая ж статычнасць, важкасць і пампезнасць.
У 1950-я г. выкананы шэраг скульпт. кампазіцый, прызначаных для аздаблення архітэктурных збудаванняў. Завяршылася стварэнне ансамбля плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Сав. Арміі і партызанам, што загінулі ў баях з фашызмам (скульптары С.Адашкевіч, З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). Адной з гал. у пасляваеннай скульптуры была задача ўшанавання герояў Вял.Айч. вайны. Шматлікія помнікі ўзведзены амаль ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі, што служыла важным сродкам патрыят. выхавання. З 1951 З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў і С.Селіханаў прынялі ўдзел у скульпт. афармленні новага будынка Маскоўскага дзярж. ун-та імя М.В.Ламаносава. У кніжнай і станковай графіцы плённа працавалі І.Гембіцкі, С.Герус, С.Раманаў, Л.Ран, А.Тычына, В.Ціхановіч і інш. Адной з гал. ліній у развіцці графічнага мастацтва Беларусі ў пасляваенны перыяд стала адлюстраванне падзей вайны: жыццё і побыт партызан, іх партрэтныя выявы, эпізоды ваен. дзеянняў і г.д. Для многіх мастакоў-удзельнікаў барацьбы з фашызмам гэта стала арганічным працягам і абагульненнем тых непасрэдных уражанняў, натурных замалёвак, якія былі зроблены ў гады вайны (С.Раманаў). Аднаўленне Мінска ўвасоблена ў творах Л.Лейтмана, А.Тычыны. Бел. графікі не засталіся ў баку і ад працы над гісторыка-рэв. тэмамі (кампазіцыі А.Волкава). Не менш папулярнымі былі тэмы працы: аднаўленне нар. гаспадаркі, сацыяліст. будаўніцтва, што выяўлялася традыц. іканаграфічнымі сродкамі ў творах Н.Галоўчанкі, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана, С.Раманава, Л.Рана, А.Тычыны і інш. Аднак для такіх твораў была характэрна аднастайнасць кампазіцыйных і выяўл. прыёмаў. Маст. традыцыі, закладзеныя ў перадваенныя гады, працягваліся ў кніжнай графіцы. Сюжэтна-апавядальная сістэма маст. ілюстравання засталася вядучай у творчасці бел. графікаў. У іх творах адзначаецца імкненне да дакладнай перадачы сюжэтнай лініі літ. твора, стварэння ў чытача адчування рэальнасці выяўляемага. Ілюстраваліся пераважна кнігі для дзяцей. З 1948 адзначаецца пэўны рост не толькі агульнай колькасці выданняў, але і іх паліграфічнай якасці. Работы мастакоў-графікаў П.Астроўскага, А.Волкава, І.Давідовіча, В.Ціхановіча і інш. да твораў маст. літаратуры сталі пунктам адліку для развіцця і паляпшэння выдавецкай справы і ілюстравання кніг. Асаблівасцю бел. кніжнай графікі гэтага перыяду была яе цесная сувязь з сатырычнай, паколькі шмат мастакоў супрацоўнічала з сатыр.час. «Вожык» (А.Волкаў, М.Гурло, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, В.Ціхановіч). У галіне кніжнай ілюстрацыі ў 1940 — пач. 1950-х г. працавалі таксама І.Давідовіч, Р.Кудрэвіч, М.Манасзон, Д.Парахня, Ю.Пучынскі.
З сярэдзіны 1950-х г. пашыраліся творчыя сувязі мастакоў Беларусі з інш.нац. школамі, наладжваліся міжнар. кантакты. Для мастацтва сталі характэрнымі лаканічнасць і прастата ў выяўленні жыццёвых сітуацый. Нават у вырашэнні ідэалагічнай тэматыкі праглядаецца абагульнена-тыпізаваны падыход. Усё больш праяўлялася імкненне да асабістага выказвання, пазбаўленага псеўдапафасу і апісальнасці ў падыходзе да выяўлення рэчаіснасці. Мінулая абмежаванасць і жорсткая акрэсленасць жанраў паступова саступала месца свабоднаму іх сумяшчэнню. Адбываўся перагляд вобразна-пластычных сродкаў мастацтва, ішла выпрацоўка новага сацыяльна-маральнага ідэалу.
Новае пакаленне мастакоў, што прыйшло ў 1960-я г., узбагачала вобразныя і выразныя сродкі ўсіх відаў і жанраў, актыўна перабудоўвала выяўл. мовы жывапісу, графікі, скульптуры. Усё выразней праяўлялася тэндэнцыя да індывідуалізаванага прачытвання гіст. і сучасных падзей. Мастакі, што працавалі ў гэтыя гады ў розных відах і жанрах мастацтва, імкнуліся да трактоўкі вобраза ў героіка-ўзвышаным, манум. плане. Назіраўся шырокі зварот да драм. і лірычных тэм, якія маюць рамант. афарбоўку. Маладыя мастакі ўзбагачалі мастацтва новымі ідэямі, пашыралі кола тэм, сюжэтаў, вобразаў. Адлюстраванне канкрэтных фактаў, выяўленчы пераказ падзей саступалі месца абагульненню. Мінулае імкненне да шматслоўнасці, дэталёвай акрэсленасці прасторы, месца і часу змяніліся лаканізмам выразных сродкаў, двухмернасцю разгорнутай на карціннай плоскасці прасторы. Манументалізм і статычнасць форм, графічнасць у абмалёўцы контураў сталі досыць распаўсюджанымі прыёмамі. Шахцёры, мантажнікі, будаўнікі, геолагі і людзі інш. прафесій выяўляліся рашучымі, поўнымі энергіі, грамадз. адказнасці ў творах М.Данцыга, Ф.Дарашэвіча, М.Савіцкага, І.Стасевіча, В.Сумарава, І.Фяцісава. Па-ранейшаму гал. ўвага аддавалася героіка-рэв. тэматыцы. Але ў вырашэнні гэтых тэм ужо адзначаліся спробы псіхалагічнага даследавання, філас. разважанняў аб сэнсе жыцця, цвярозы рэалізм і рамант. ўзнёсласць. Паказальным у гэтых адносінах з’яўляецца трыпціх К.Касмачова «Незабыўнае» (1962). Разам з тым у гэты перыяд прадаўжалі працаваць мастакі, якія прытрымліваліся былых асноў станкавізму. Канкрэтнасць падзеі, псіхалагізм у абмалёўцы вобразаў, захаванне традыц. аб’ёмна-пластычнай выяўленчасці ўласцівы творам Я.Зайцава, Я.Красоўскага, Р.Кудрэвіч, Э.Куфко, М.Манасзона, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва. Лірыка-паэт. ўспрыманне рэчаіснасці, акцэнт на жывапісных якасцях твора, тонкіх каларыстычных спалучэннях пры захаванні асноў рэалістычнай карціны характэрна для В.Грамыкі, В.Жолтак, Р.Кудрэвіч, В.Цвіркі.
Больш выразна і паслядоўна новыя тэндэнцыі жывапісу праявіліся з 2-й пал. 1960-х г., калі асоба мастака вызначала вобразны лад карціны. Публіцыстычны пафас і пэўная рыторыка палотнаў пач. 1960-х г. змянялася пошукам паглыблена-псіхалагічнага падыходу да выяўлення («Партызанская мадонна» М.Савіцкага, 1967). Падзеі Вял.Айч. вайны заставаліся па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі бел. мастакоў, але іх трактоўка набыла інш.выяўл. і сэнсавае адценне. Ад простага фабульнага пераказу эпізоду мастакі перайшлі да апасродкаванага, філас. асэнсавання адной з найб. трагічных старонак у гісторыі 20 ст.: кампазіцыі М.Данцыга («Беларусь — маці партызанская»), Л.Шчамялёва («Маё нараджэнне», абедзве 1967), М.Залознага («Салдаткі», 1969), В.Грамыкі («1941 год. Над Прыпяццю», 1970; «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца», 1972), М.Савіцкага («Віцебскія вароты», 1967; «Поле», 1974), Г.Вашчанкі («Балада аб мужнасці», 1974) і інш. Значнай з’явай у маст. адлюстраванні тэмы вайны стаў цыкл твораў М.Савіцкага «Лічбы на сэрцы» (1974—80). Не толькі чалавек, але і прырода, рэчы набываюць у творах рысы індывід. прачытання. Гэта вяло да большай разнастайнасці стылістычных і вобразна-пластычных вырашэнняў. Бел. мастакі звярталіся да заваёў нац. жывапісу 1920-х г., да скарбаў нар. творчасці, сусв. мастацтва: творы І.Басава, А.Малішэўскага. Зварот да фальклору бачны ў творах У.Стальмашонка, В.Сумарава. Рэмінісцэнцыі жывапісу франц. пуантэлістаў адчувальныя ў палотнах Н.Шчаснай. Шырокія, панарамныя, эпічныя па характары пейзажы дэманстраваў В.Цвірка.
З 2-й пал. 1970-х г. у бел. жывапісе ўзрасла цікавасць да нац. гісторыі. Назіралася парушэнне былой жанравай акрэсленасці: цяжка аддзяліць партрэт ад тэматычнай карціны, пейзажа. Жывапісная мова ўзбагачалася складанымі вобразнымі асацыяцыямі, сімволікай, метафарай: творы Г.Вашчанкі, А.Марачкіна, М.Селешчука, Л.Шчамялёва, Ф.Янушкевіча і інш. Прыкметнае месца ў тэматычным спектры бел. жывапісу па-ранейшаму належыць адлюстраванню сучаснага жыцця ў розных яго праяўленнях. Метафарычныя, насычаныя сімволікай творы Г.Вашчанкі, А.Кішчанкі, А.Марачкіна, У.Тоўсціка, Л.Шчамялёва і інш. даюць уяўленне аб шырокім дыяпазоне кампазіцыйных і пластычных пошукаў бел. жывапісцаў. Шырокі зварот да традыцый старых майстроў (у прыватнасці, да малых галандцаў) прасочваецца ў творах Б.Казакова. Выразнасць і вытанчанасць колеру, выкарыстанне яго сэнсавых і сімвалічных якасцей увасоблены ў творах М.Бушчыка, А.Кузняцова, Л.Хобатава і інш. У той жа час адзначаецца пэўная страта цікавасці да тэматычнай карціны ў яе мінулым разуменні. Тэндэнцыя да раўназначнасці ўсіх жанраў жывапісу стала характэрнай для многіх мастакоў. У творах мастакоў бачна больш жывапіснай свабоды, фантазіі, пошуку новых выразных сродкаў.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прыйшло маладое пакаленне мастакоў і ў графіку, кадры якіх пачаў рыхтаваць Бел.тэатр.-маст.ін-т. Сярод яго першых выпускнікоў Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, Н.Паплаўская, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч і інш. Творча працавалі і выхаванцы інш. устаноў СССР: С.Герус, А.Лось, А.Паслядовіч. Пошук новых сродкаў выразнасці графікі найперш звязаны са станковай гравюрай. Абагульненасць і лаканізм гравюрнай мовы адпавядалі тагачаснай маст. стылістыцы. Пад лозунгам «Эстамп у кожны дом» адбывалася адкрыццё эстампных майстэрань па ўсёй краіне. У 1961 эстампныя друкарні створаны і пры Маст. фондзе Беларусі. На змену ілюстрацыйна-сюжэтнаму кірунку прыйшлі больш складаныя вобразныя рашэнні. Традыц. кірунак у графіцы развівалі мастакі старэйшага пакалення: Л.Ран, А.Волкаў, А.Тычына і інш. Адной з вядучых тэндэнцый у графіцы 1960-х г. стала этнаграфічна-фальклорная. Шырокі зварот да нар. традыцый у цеснай сувязі з сучаснай выяўл. мовай характэрны для творчасці А.Лось, Н.Паплаўскай, А.Паслядовіч. У 1970-я г. да іх далучыліся У. і М. Басалыгі, В.Мікіта, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш. Сучасная выяўл. эстэтыка ў сукупнасці з нар. пластычнымі традыцыямі найб. ярка ўвасобілася ў творчасці А.Паслядовіч і А.Лось. Больш шырокія творчыя сувязі, магчымасць знаёмства з дасягненнямі зах. мастацтва станоўча паўплывалі на развіццё бел. графікі. Імкненне да абвостранай экспрэсіі, эмацыянальна выразнай выяўленчай формы характэрна для твораў А.Кашкурэвіча. У 1960-я г. ўзніклі шматлікія разнавіднасці эстампа: рэпартажныя, ілюстратыўныя, дэкаратыўныя і інш. Характэрнымі сталі змены ў маст. успрыманні навакольнай рэчаіснасці. Лаканізм маст. сродкаў, экспрэсія і дынамічнасць кампазіцыі ў сукупнасці з рамантызацыяй і гераізацыяй вобразаў уласцівы творчасці Г.Паплаўскага. Змены ў развіцці бел. графікі адзначаюцца з 2-й пал. 1970-х г. Грамадскі пафас 1960-х г., эпічнасць светаадчування змяняецца лірызмам, індывідуальным успрыманнем і адлюстраваннем жыцця. Усё больш увагі мастакі аддавалі тэхн. майстэрству, вытанчанасці графічнай мовы, удасканаленню мастацка-пластычнай формы, ускладненню кампазіцыі. Мантажныя прынцыпы пабудовы кампазіцыі, элементы сюррэалізму і інш.маст. плыней 20 ст. ўвасобіліся ў творах У.Савіча, М.Селешчука, Г.Скрыпнічэнкі, В.Славука. Па-ранейшаму плённа развівалася і этнагр. тэндэнцыя ў бел. графіцы. У творах У.Басалыгі, М.Купавы, А.Лапіцкай, Р.Сітніцы зварот да нар. каранёў дапамагае паўней выявіць нац. стылявыя асаблівасці. Прыкметнай адметнасцю графічных твораў стала іх «вясковая» накіраванасць. Мастакі адыходзілі ад мітусні горада ў ціхі патрыярхальны быт. правінцыі з яе маляўнічымі краявідамі, жыццём чалавека, якое неаддзельна ад прыроды і напоўнена значнасцю і сэнсам: серыі Л.Асецкага, Г.Паплаўскага, творы Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Мікіты, Н.Паплаўскай, А.Паслядовіч, У.Савіча. Не пакінута па-за ўвагай і традыц. для бел. мастацтва тэма вайны: творы Л.Асецкага, Г.Паплаўскага, ілюстрацыі Ю.Герасіменкі-Жызнеўскага, А.Кашкурэвіча, у якіх выяўленчы рад не просты пераказ фабулы, а глыбіннае спасціжэнне сутнасці падзей, іх філас. асэнсаванне сродкамі графікі.
У кніжнай графіцы пашыраўся дыяпазон тэхн. сродкаў, удасканальвалася выканальніцкае майстэрства. Тыповай з’явай стала выкарыстанне змешанай тэхнікі, мантаж, аплікацыя. Пад уплывам еўрап. кніжнага дызайну графічная мова і маст. структура выданняў набывала большую дынаміку. У галіне кніжнай графікі працавалі Б.Забораў, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч і інш. На мяжы 1970—80-х г. у бел. кніжную графіку прыйшла новая генерацыя мастакоў: Т.Беразенская, М.Казлоў, І.Кліменка, І.Лобан і інш.Найб. значныя дасягненні ў галіне кніжнай ілюстрацыі — работы А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, В.Славука, В.Шаранговіча. Значныя поспехі дасягнуты мастакамі ў афармленні дзіцячай літаратуры. Эксперыменты з кампазіцыяй, прасторай, колерам, свядомае адмаўленне ад мінулай апавядальнасці дазвалялі графікам выйсці на новы ўзровень маст. трактоўкі літ. тэксту. Адзін з кірункаў у ілюстраванні звязаны з асацыятыўным падыходам, са свабодным палётам фантазіі мастака, калі выяўленчы рад не разлічаны на непасрэдную адпаведнасць тэксту, а з’яўляецца абуджальным штуршком для яго вобразнага асэнсавання (М.Селяшчук). Другі кірунак звязаны з традыц. пераказам ключавых момантаў сюжэта, з раздзяленнем тэксту і яго маст. інтэрпрэтацыі (В.Славук, В.Шаранговіч). Для 1970 — сярэдзіны 1980-х г. характэрна пільная ўвага і цікавасць мастакоў-графікаў да нац. традыцый. Яна ішла ўжо не па шляху цытавання асобных элементаў нар. мастацтва, а на больш высокім узроўні яго творчага пераасэнсавання. Значна павысіўся прафес. ўзровень мастакоў, іх валоданне рознымі тэхнікамі і сакрэтамі графічнага мастацтва. Шырока выкарыстоўваліся інш. віды мастацтва: кіно, фатаграфія, сцэнаграфія.
Бел. скульптура ў 1960—80-я г. таксама перажыла якасныя змены. Творчае аблічча бел. пластыкі пачалі вызначаць выпускнікі Бел.тэатр.-маст. ін-та. Гал. іх кірунак звязаны з развіццём манум. форм скульптуры. Разам з майстрамі старэйшага пакалення плённа працавалі маладыя мастакі — А.Анікейчык, С.Вакар, Л.Гумілеўскі, М.Рыжанкоў, А.Шатэрнік і інш. Вайна па-ранейшаму моцна ўплывала на развіццё манум. скульптуры. Узводзіліся помнікі, мемарыяльныя ансамблі і комплексы, якія мелі шматпланавую прасторавую кампазіцыю, дзе спецыфіка розных відаў мастацтва выкарыстоўвалася для рэалізацыі значных грамадзянскіх ідэй. Гэта мемарыяльныя комплексы «Хатынь» (1969, скульптар С.Селіханаў, арх. Ю.Градаў, Л.Левін, В.Занковіч), «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971, скульптары А.Кібальнікаў, А.Бембель, У.Бабыль, арх. У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, Г.Сысоеў) і інш. У канцы 1960—70-х г. ішло масавае ўзвядзенне курганоў славы і памяці, якія дапаўняліся архітэктурна-пластычнымі аб’ёмамі, выкарыстаннем магчымасцей ландшафту. Прыклад такой кампазіцыі — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, скульптары А.Бембель, А.Арцімовіч, арх. Л.Міцкевіч, А.Стаховіч). Канструктыўнасць станавілася важнейшым кампанентам вобразнай выразнасці. Развівалася манументальна-дэкар. скульптура, звязаная з фарміраваннем сучаснага гар. асяроддзя. Такія творы ў меншай ступені залежалі ад ідэалагічных догмаў, былі больш свабодныя ў стылістычных і пластычных адносінах. Іх адрознівае і тэматычная разнастайнасць, дзе сучаснасць суседнічае з гіст. і фалькл. рэмінісцэнцыямі: манументальна-дэкар. скульптуры А.Анікейчыка, Л.Гумілеўскага, В.Занковіча, А.Заспіцкага, Л.Зільбера, Ю.Палякова, А.Шатэрніка і інш. Сучаснае прачытванне традыц. класічных сімвалаў у дэкар. скульптурах В.Занковіча, Б.Маркава. Засяроджанне ўвагі на псіхал., маральных і гуманістычных аспектах манум. пластыкі, адыход ад прапагандысцкай зададзенасці ўласцівы творам А.Анікейчыка (помнік Я.Купалу ў Мінску і ў в. Ляўкі Аршанскага р-на), А.Заспіцкага, М.Рыжанкова і І.Міско (помнік М.Горкаму ў Мінску), С.Гарбуновай (помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы) і інш. У станковай скульптуры разам з ваеннай тэмай развівалася тэндэнцыя гісторыка-рамант. адлюстравання мінулага, асабліва звязанага з нац. спецыфікай: творы У.Церабуна, С.Ларчанкі, Ю.Платонава, А.Хараберуш, А.Шатэрніка і інш.
Актуальнай станавілася праблема відавой спецыфікі і для скульптуры малых форм. Для мастакоў на першы план пачала выходзіць не выяўленчасць, а пераасэнсаванне форм натуры, трансфармацыя звыклага ў гратэскна-фантастычнае з акцэнтам на пластычную выразнасць. У скульптуры малых форм арганічна развіваліся манументальнасць і дэкаратыўнасць (пластыка А.Мятліцкага). Манументальна-дэкар. характар уласцівы творам А.Кузняцова, У.Слабодчыкава, А.Фінскага. Пашыраліся змены ў вобразна-пластычнай структуры твораў, смелае парушэнне мінулай акрэсленасці жанраў, імкненне да выяўлення выразнасці і прыгажосці пластыкі і матэрыялу. У 1960—70-я г. ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова з традыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаліся сродкі выразнасці сцэн. прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва творчасці М.Апіёка, М.Волахава, В.Галубовіча, Э.Гейдэбрэхта, Б.Герлавана, Я.Ждана, Т.Карвяковай, А.Кляўзера, В.Лесіна, Я.Лысіка, З.Марголіна, У.Матросава, Дз.Мохава, Л.Рулёвай, А.Салаўёва, Ю.Тура, В.Цімафеева, Я.Чамадурава, У.Чарнышова, М.Якуніна і інш. ў драм. і муз. тэатрах.
М.Савіцкі. Танец з факеламі. З цыкла «Лічбы на сэрцы». 1978.Г.Вашчанка. Мір зямлі маёй. 1982.А.Марачкін. У калядную ноч. Заслаўе. 1982.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.У.Басалыга. Царква ў Малым Мажэйкаве. З серыі «Помнікі дойлідства Беларусі». 1977.