ФАНТА́Н [італьян. fontana ад лац. fons (fontis) крыніца] у архітэктуры, дэкаратыўнае збудаванне, якое служыць асновай ці абрамленнем для струменяў вады; твор архітэктуры малых форм.
У антычнасці Ф. — крыніца пітной вады. Пазней Ф. у спалучэнні з архітэктурай, скульптурай і зялёнымі насаджэннямі стаў адным са сродкаў дэкар. і маст.-вобразнага вырашэння ў архітэктуры, садова-паркавым мастацтве і горадабудаўніцтве. Найб. значныя Ф. вядомы ў сярэдневяковых зах.-еўрап. гарадах, краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, у Індыі. Арх. вырашэнне Ф. засн. на спалучэнні водных струменяў з нішамі, гротамі, тэрасамі і каскадамі. Гатычныя Ф. вызначаюцца сім. кампактнымі вырашэннямі. У эпоху Адраджэння будавалі Ф. ўскладненых кампазіцый з багатым пераліваннем вадзяных струменяў. У 16—18 ст. Ф. рабілі на гар. плошчах (Фларэнцыя, Рым), на вілах і ў палацава-паркавых комплексах (Версаль). Сусветна вядомая сістэма Ф. створана ў 18 — пач. 19 ст. ў Петрадварцы.
Найб. значныя Ф. на Беларусі: «Хлопчык з лебедзем» у Цэнтральным скверы, «Вянок» у парку імя Я.Купалы, каля Камароўскага рынку (усе ў Мінску), у парку культуры і адпачынку імя А.Луначарскага ў Гомелі, каля помніка Ф.Скарыну ў Полацку, на плошчы ў в. Верцялішкі Гродзенскага р-на і інш. Ф. часта ўзбагачаюць скульптурай, эл. падсветкай і муз. суправаджэннем у вячэрні час.
В.Б.Ангелаў.
Фантан каля Камароўскага рынку ў Мінску.Фантан «Наяды» на плошчы Рэспублікі ў Рыме.Музычны фантан у Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЛЕНІСТАНО́ГІЯ (Arthropoda),
тып беспазваночных жывёл. 4 падтыпы: трылабітападобныя (з выкапнёвым кл.трылабітаў), трахейнадыхальныя, хеліцэравыя, шчэлепадыхальныя. Каля 3 млн. відаў. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Жывуць у паветры, на паверхні зямлі, у глебе, вадзе. Найб. разнастайныя і шматлікія насякомыя, ракападобныя, павукападобныя, мнаганожкі.
Цела двухбакова-сім., сегментаванае, укрытае хіцінавай кутыкулай, якая ўтварае панцыр. У целе 3 аддзелы: галава, грудзі і брушка, якія ў розных камбінацыях зліваюцца паміж сабой. Перамяшчаюцца з дапамогай членістых канечнасцей (адсюль назва). Галаўныя канечнасці ператварыліся ў сківіцы. Органы дыхання — лёгачныя мяшкі, трахеі або шчэлепы. Крывяносная сістэма незамкнёная, у спінной ч. цела размешчана сэрца. У стрававальнай сістэме пярэдняя, сярэдняя і задняя кішкі з вываднымі адтулінамі; выдзяляльная сістэма прадстаўлена залозамі і мальпігіевымі сасудамі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога мозга, каляглотачных вузлоў і брушнога нерв. ланцуга. Многія Ч. маюць добра развітыя органы пачуццяў, у т. л.фасетачныя вочы, розныя механа- і хемарэцэптары, органы слыху. Размнажэнне палавое, зрэдку — шляхам партэнагенезу. Развіццё часта з метамарфозам. Рост магчымы праз перыядычныя лінькі. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і паразіты. Многія Ч. карысныя: ядомыя, вытворнікі каштоўных прадуктаў, апыляльнікі раслін; выкарыстоўваюцца ў барацьбе са шкоднікамі с.-г. культур. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб жывёл і чалавека, шкоднікі с.-г. культур. Адыгрываюць важную ролю ў біясферы.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАГА ТЭА́ТРА БУДЫНАК.
Існаваў у Мінску на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) у 18 ст. — 1980-я г. Пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку 2-павярховы мураваны будынак, меў сім. кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры гал. фасада, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я.Байкову (набыў у 1815—18), некат. час у доме была карчма, у 1825 перабудаваны пад т-р. У 1835 у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад з цэнтр. рызалітам падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам).
Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены 6-калонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. На 1-м паверсе знаходзіліся карчма і крамы, на 2-м — 3-ярусная 2-светлавая тэатр. зала, на 3-м — службовыя тэатр. памяшканні і жылыя пакоі. У будынку адбываліся тэатр. паказы (рэгулярныя з 1825). У 1852 на сцэне т-ра адбылася прэм’ера 1-й нац. оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару 1884 будынак перабудаваны. У 1895 у ім размяшчаўся Паўн. банк. У 1920—30-я г. дабудаваны 4-ы паверх. Пасля Вял.Айч. вайны ў будынку размяшчаліся банк, муз. вучылішча. У 1984 разбураны. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні.
У.М.Дзянісаў.
Мінскага тэатра будынак. Галоўны фасад (чарцёж). Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач. 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАДЫЯ́НСТВА,
кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст.найб. паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.Кент, К.Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.В.Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).
Г.С.Ларкін.
Да арт.Паладыянства. У.Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.С.Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.
А.М.Кулагін.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯДЗІ́БНЫ ДОМ,
1) жылы будынак у панскай сядзібе, які адрозніваўся ад палаца меншымі памерамі і колькасцю памяшканняў, больш простым арх.-маст. вырашэннем фасадаў і інтэр’ераў; арх.-планіровачны цэнтр сядзібы. Вядомы на тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і інш. у 16 — пач. 20 ст. Будавалі пераважна ў сельскай мясцовасці, у гарадах і мястэчках найчасцей былі зімовым жыллём сям’і пана. Першапачаткова — драўляныя будынкі, выкананыя ў традыцыях нар. дойлідства на ўзор 2- і 3-камерных сял. хат, але мелі печ з комінам, шкляныя вокны, ганак. З 17 ст. пашырылася буд-ва мураваных С.д. (напр., у в. Гайцюнішкі Воранаўскага р-на). Развіццё планіроўкі С.д. садзейнічала дыферэнцыяцыі памяшканняў паводле іх функцыян. прызначэння, вылучэнню алькежаў, флігеляў. Часцей выкарыстоўвалася анфіладная планіроўка, сім. кампазіцыя аб’ёмаў. Цэнтр.ч. дома вылучалася адкрытым слупавым (нагадвала сваімі формамі каланаду) ці закрытым ганкам, мезанінам, балконам (напр., у вёсках Відзы Лаўчынскія Браслаўскага, Кашубінцы, г. Навагрудак Гродзенскага р-наў). Архітэктура правінцыяльных С.д. спалучала прынцыпы вядучых маст. стыляў з традыцыямі мясц. дойлідства. З 18 ст. С.д. атрымалі выразныя барочныя сілуэтныя кампазіцыі, складаныя формы дахаў (ламаныя, мансардавыя), якія дапаўняліся аб’ёмамі прыбудаваных алькежаў з шатровымі дахамі (г.п. Копысь Аршанскага р-на). З канца 18 ст. пашырыліся класіцыстычныя кампазіцыі, засн. на вылучэнні гал. фасада і ўвахода (гарады Ваўкавыск, Кобрын, в. Янавічы Клецкага р-на). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. часта выкарыстоўваліся прыёмы эклектыкі (Чырвонабярэжская сядзіба, Краскаўская сядзіба).
2) У сучаснай забудове населеных пунктаў — жылы дом, разлічаны на адну сям’ю. Сваёй планіроўкай і аб’ёмнай кампазіцыяй звязаны з тэр. сядзібы і з’яўляецца ч. ансамбля вуліцы, групы дамоў, квартала (в. Мышкавічы Кіраўскага р-на, арх. Т.Галіёта). Пры ўзвядзенні выкарыстоўваюцца тыпавыя праекты дамоў (1- і 2-павярховыя, мансардавыя, з цокальным паверхам).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в Мн., 1981;
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ТЫ,
індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс. да н.э. — 8 ст. да н.э. насяляў цэнтр. частку М.Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі да стараж. насельніцтва М.Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс. да н.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст. да н.э.засн.Хецкае царства. Каля 1595 да н.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У«народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.
Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл.Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл.Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс. да н.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.
Літ.:
Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ.М., 2002.
Да арт.Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.Да арт.Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.Да арт.Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.