сігна́льшчык, ‑а, ж.

1. Той, хто падае і прымае якія‑н. сігналы. Партызаны-сігнальшчыкі.. спецыяльна былі выстаўлены ўсцяж усёй седлавіны дарогі. М. Ткачоў. Пакуль калгаснікі запаўнялі бак рассявальнага апарата, лётчык праводзіў інструктаж сігнальшчыкаў. Стаховіч.

2. Матрос ці старшына, які вядзе назіранне за морам і паветранай прасторай і прымае і перадае сігналы. Дакладна працуе сігнальшчык — У мора выходзіць тральшчык. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́бка, прысл.

1. Адчуваючы холад. Старшына зябка захінуўся ў шынель. Быкаў. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячамі і хуталіся ў лёгкае адзенне. Лынькоў.

2. безас. у знач. вык. Холадна. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Асіпенка. На двары так зябка, што хочацца хутчэй зайсці ў цёплы кароўнік абагрэцца. Дуброўскі.

3. безас. у знач. вык., каму-чаму. Пра адчуванне холаду. Мне зябка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,

бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.​Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІКАЎ (Іван Герасімавіч) (7.7.1922, с. Горны Балыклей Дубоўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 5.5.1993),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Вучыўся ў Харкаўскім тэатр. вучылішчы (1939—41). Працаваў у Валгаградскім т-ры. З 1954 у кіно. Выканаўца драм. роляў, майстар эпізоду, ёмістай і дакладнай абрысоўкі героя. Лепшыя ролі: у кінафільмах — Сямён Трубнікаў («Старшыня», 1964), салдат Краюшкін («Хвіліна маўчання»), манах Кірыл («Андрэй Рублёў», абодва 1971), Сляпцоў («Нечаканы госць», 1972), старшына Папрышчанка («Яны змагаліся за Радзіму», 1975), Панцялей («Стэп», 1977), Ерафеіч («Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), дзед Селіван («Крыніца», 1982) і інш.; у тэлефільмах — Панкрат («Вечны кліч», 1976—83), Міхаіл Ермакоў («Мой лёс», 1973) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Смелков Ю.С. И.​Лапиков. М., 1976.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Тое, што і падраўнаваць. — Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач.

2. Размясціць у рад па прамой лініі. Ужо роту падраўняў старшына.., далажыў капітану Ігнатаву. Алешка.

3. перан. Зрабіць аднолькавым, аднастайным у якіх‑н. адносінах. Увайшоў Сяргей.. — Ого! Зусім не пазнаць, — заўважыў Максім.. — Толькі трэба схадзіць у цырульню, — параіла Вера. — Трохі падраўняць валасы. Шавялюры не шкадуй, хутка адрасце. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБУХО́ВІЧ (Альгерд Рышардавіч) (псеўд. Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, У.​Сыракомлі, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, В.​Гюго, Дж.​Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.​Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскай газ. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.

Тв.:

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́ННІ ВО́ІНСКІЯ,

званні, якія персанальна прысвойваюцца ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным запасу ўзбр. сіл у адпаведнасці з іх службовым становішчам, заслугамі, ваен. і спец. падрыхтоўкай, выслугай гадоў, прыналежнасцю да віду ўзбр. сіл, роду войск ці віду службы. З.в. вызначаюць старшынство ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, тэрміны ваен. службы і знаходжанне ў запасе, права на матэрыяльнае і грашовае забеспячэнне і льготы. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя ў залежнасці ад прысвоеных З.в. падзяляюцца на наступныя склады: салдаты; сяржанты і старшыны; прапаршчыкі; афіцэры. Афіцэрскі склад падзяляецца на малодшых, старшых і вышэйшых афіцэраў. Кожнаму ваеннаслужачаму і ваеннаабавязанаму прысвойваецца адпаведнае З.в. (гл. табл.). Прысваенне і пазбаўленне З.в. праводзіцца ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь. Пры пэўных абставінах З.в. можа быць адноўлена.

Званні воінскія
Салдаты
радавы (курсант)
яфрэйтар
Сяржанты і старшыны
малодшы сяржант
сяржант
старшы сяржант
старшына
Прапаршчыкі
прапаршчык
старшы прапаршчык
Малодшыя афіцэры
малодшы лейтэнант
лейтэнант
старшы лейтэнант
капітан
Старшыя афіцэры
маёр
падпалкоўнік
палкоўнік
Вышэйшыя афіцэры
генерал-маёр
генерал-лейтэнант
генерал-палкоўнік

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нюх, ‑у, м.

1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.

2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.

•••

Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак., каго-што.

1. Расставіць або разлажыць па месцах, у пэўным парадку. Сабраўся Калістрат галіцца, На століку прылады размясціў І — на табе! — люстэрачка ўпусціў. Корбан. Слава гаспадаром хадзіў па пакоі, прымяраючы, як лепш, размясціць экспанаты. Жычка. // Знайсці, даць кожнаму месца. Калгасны статак, які налічваў не больш двух дзесяткаў кароў і цялят, можна было размясціць і па хлявах калгаснікаў... Васілевіч. У вёску іх прапусцілі толькі хвілін праз сорак. Вусаты старшына размясціў партызан у дзвюх крайніх хатах. Асіпенка.

2. Размеркаваць паміж многімі (асобамі, арганізацыямі). Размясціць заём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́ЙКА,

невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.

Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.​Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.​Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.​Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.​Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.​Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.​Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.​Корбан, Э.​Валасевіч, М.​Скрыпка і інш.

Літ.:

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)