ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс.км², нас. 2545 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч.прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІШЭ́ВІЧ (Уладзімір Сідаравіч) (12.3.1914, в. Краснадворцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1978),
бел.паэт. Скончыў педкурсы ў Слуцку, вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1933—36). У 1936 беспадстаўна арыштаваны, у 1937 сасланы на Калыму. У 1939 вернуты ў мінскую турму на даследаванне. У Вял.Айч. вайну жыў у Слуцку, служыў нам. старшыні гаруправы, рэдагаваў «Газэту Случчыны». З 1944 у Германіі, з 1948 жыў у г. Лос-Анджэлес (ЗША). Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амерыцы», выкладаў у каледжы. Друкаваўся з 1931. У вайну змяшчаў вершы ў выданнях «Беларуская газэта» (Мінск), «Новы шлях» (Рыга), «Беларускі работнік» і «Раніца» (Берлін). Яго творы ў калектыўных зб-ках «Песняры Случчыны» (1943, Слуцк), «Ля чужых берагоў» (1955, Мюнхен). У паэме «Васіль Каліна» (1965, Лондан) паказаў жыццё вёскі ў перыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі супраць сялян і інтэлігенцыі. Паэма «Шлях у светлае» прысвечана гісторыі БССР і СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),
рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш.акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел.правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.
Тв.:
Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас.Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс.км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс.км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м3/с.Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс.км², нас. 2424 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ (Britich Columbia),
правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш.Пл. 947,8 тыс.км². Нас. 3282 тыс.чал. (1995). Адм. ц. — г. Вікторыя. На У — Скалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч.тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТУ́КІ (Kentucky),
штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ЦКІ (Мікалай) (26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 у ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата.
Тв.:
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;