ЛАБРАДО́Р (Labrador ад партуг. lavrador земляроб),
паўвостраў на ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе. Пл. больш за 1,6 млн.км². Абмываецца водамі мора Лабрадор, зал. Св. Лаўрэнція, Гудзонава прал. і Гудзонава зал. Берагі на У высокія, фіёрдавыя, на Пд прамалінейныя, на Пн і З нізкія, месцамі шхерныя. Паверхня пераважна ўзгорыстая (Лаўрэнційскае ўзв.); на ПнУ — горы Торнгат (выш. да 1676 м), цэнтр. ч — Азёрнае плато выш. 500—800 м. У геал. адносінах Л. — частка Канадскага шчыта. Складзены з дакембрыйскіх парод (граніты, гнейсы, габра). З Пн на Пд цягнецца адна з найб. у свеце руданосных зон (гл.Лабрадора жалезарудны пояс). Клімат субарктычны і ўмераны, пад моцным уплывам Паўн. Ледавітага ак. і халоднага Лабрадорскага цячэння. Сярэдняя т-растудз. на Пд -12 °C, на Пн -28 °C; ліп. адпаведна 18 і 7 °C. Ападкаў ад 250 мм на Пн да 1200 мм за год на Пд. На б.ч. паўвострава шматгадовая мерзлата. Рэкі парожыстыя, шмат азёр і балот. Лесатундра і рэдкастойныя хвойныя лясы. Населена ў асн. узбярэжжа. Пушны (куніца, ліс, рысь, андатра) і рыбны промысел. Здабыча жал. руды. Гарады: Сет-Іль, Шэфервіл, Кууджуак, Лабрадор-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
fishery
[ˈfɪʃəri]
n., pl. -eries
1) рыба́цтва n. (як заня́так: ло́ўля або́ гадо́ўля ры́бы), рыбны́ про́мысел
2) ры́бнае ме́сца; ме́сца, дзе гаду́юць ры́бу
3) дазво́л на ры́бную ло́ўлю
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,
барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦККПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.
Да арт.Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвіркі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОБ,
рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, адна з найб. рэк свету. Даўж. 3650 км (ад вытоку р. Катунь 4338 км, ад вытоку р. Іртыш 5410 км), пл. басейна 2990 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Бія і Катунь на Алтаі. Цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне ў шырокай даліне, якая паступова расшыраецца ад 5—10 км каля г. Барнаул да 50—60 км ніжэй упадзення р. Іртыш. Пойма О. парэзана рукавамі, пратокамі і азёрамі. Упадае ў Обскую губу Карскага м., утварае дэльту (пл. больш за 4 тыс.км²), дзе вылучаюцца рукавы: Хаманельская О. (левы) і Надымская О. (правы). Гал. прытокі: Том, Чулым, Кець, Тым, Вах (справа), Васюган, Вял. Юган, Іртыш, Паўн. Сосьва (злева). Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі, зімовая межань. Ледастаў у вярхоўях ад ліст. да крас., у ніжнім цячэнні ад кастр. да мая—чэрвеня. Сярэдні расход вады каля г. Салехард 12,5 тыс.м³/с, макс. — 42,8 тыс. мус, мінім. — 1,65 тыс.м³/с. Цвёрды сцёк 16 млн.т. Рыбны промысел пераважна ў ніжнім цячэнні. Новасібірская ГЭС і Новасібірскае вадасховішча. Суднаходная. У бас. О. здабыча нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), каменнага вугалю (Кузнецкі вугальны басейн), торфу і інш. На О. гарады Барнаул, Камень-на-Обі, Новасібірск, Калпашава, Стражавой, Ніжнявартаўск, Сургут, Нефцеюганск, Лабытнангі, Салехард. На левым беразе, у сярэднім цячэнні ракі — Юганскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІАкадэміі аграрных навук Беларусі
(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел.н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел.аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІхарч. прам-сці, з 1939 Бел.н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),
гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет. тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.Г.Аношка, П.І.Жукаў, В.У.Кончыц. З 1962 выдаецца навук.зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».
Літ.:
Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),
бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс.км² (у т. л.т.зв. Вялікага м. 37 тыс.км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на 1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс.км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн.га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎПАТО́РЫЯ,
горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс.ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр.Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).
У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст.н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).