ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх. Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.
Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙСА́Н,
прэснаводнае возера ў міжгорнай Зайсанскай катлавіне, на У Казахстана. Да пабудовы Бухтармінскай ГЭС на р. Іртыш пл. З. складала 1,8 тыс.км². Даўж. 111 км, шыр. каля 30 км, глыб. да 10 м. Пасля пабудовы 90-метровай плаціны З. знаходзіцца ў падпоры і складае значную ч. Бухтармінскага вадасховішча; яго ўзровень падняўся на 7 м. Упадае р. Чорны Іртыш, выцякае р. Іртыш. Рыбны промысел.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЯ МУКА́,
кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БІН ТЛУШЧ,
тлушч, які вырабляюць з печані рыб, часцей сям. трасковых. Празрыстая масляністая вадкасць ад жаўтаватага да светла-карычневага колеру, мае слабы спецыфічны рыбны пах і смак. Складаецца з трыгліцэрыдаў негранічных к-т, невял. колькасці свабодных тлустых к-т, халестэрыну, фасфатыдаў, вітамінаў A, D і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і жывёлагадоўлі ў якасці крыніцы вітамінаў, для прафілактыкі і лячэння астэадыстрафіі, рахіту, курынай слепаты, залатухі, для лячэння ран, язваў, апёкаў. З адходаў перапрацоўкі рыбы атрымліваюць тэхн. Р.т., які выкарыстоўваецца ў гарбарнай, мылаварнай вытв-сцях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя, медыцынскія, кармавыя і тэхнічныя прадукты перапрацоўкі рыбы. Найб. важны харч. прадукт — мяса рыб (складае 35—69% ад масы рыбы), якое мае шмат паўнацэнных бялкоў (16—20%), поліненасычаных тлушчаў, вітамінаў E і групы B, мінер. рэчываў. У залежнасці ад колькасці тлушчаў у мясе рыба падзяляецца на катэгорыі: посная (тлушчаў да 2%), сярэдняй тлустасці (2—5%), тлустая (больш за 5%). Асн. віды прамысл. перапрацоўкі — замарожванне, вэнджанне, вяленне і кансерваванне. Да харч.Р.п. належаць таксама ганады (ікра, малокі), печань. Сыравіна для атрымання мед.Р.п. (тлушчы, вітамінныя прэпараты) — печань рыб сям. трасковых і інш. Кармавыя і тэхн.Р.п. (рыбная мука, рыбны клей, гуанін, жамчужны пат) атрымліваюць з адходаў перапрацоўкі рыбы (галовы, плаўнікі, луска, вантробы) і малакаштоўнай рыбы.