затаўчы́ ​1, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Збіць да паўсмерці, да страты прытомнасці. Супакоілі.. [манаха] рыбакі, што набеглі з усіх бакоў. А былі, напэўна, злыя, бо ледзь не затаўклі кулакамі. Бажко.

2. Абл. Уціснуць, уваткнуць што‑н. куды‑н. Нарэшце засталося ўсцягнуць падушкі. Адну на другую. Каб было высока. А рагі затаўчы ў сярэдзіну. Гарбук.

затаўчы́ ​2, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., што.

Заправіць затаўкай. Затаўчы кашу здорам.

затаўчы́ ​3, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак.

Разм. Пачаць таўчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),

сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.

Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.​Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.​Рамазанавым і Р.​Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш. Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш. Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.​Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.

Да арт. Клот. П.​Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.
Да арт. Клот. М.​К.​Клот. На раллі. 1872.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раме́снік, ‑а, м.

1. Чалавек, які займаецца саматужным вырабам чаго‑н. Жыва прыпамінаю маіх сяброў-аднапалчан. Вясёлыя хлопцы кашубы-рыбакі, рамеснікі, сяляне. Брыль. Усе аматары .. былі рамеснікі з Камароўкі і прыходзілі ўвечары, каб адпачыць ад капылоў ды рубанкаў. «Полымя».

2. перан. Той, хто працуе без творчай думкі, па шаблону. Ацэнка з пункту гледжання толькі вартасці тэмы прыводзіць да паяўлення апавяданняў, якія не ствараюцца мастакамі, а робяцца рамеснікамі. Галавач.

3. Разм. Вучань рамеснага вучылішча. Маленькі рамеснік на змене бяссоннай пакрыў яго [танк] фарбай, як травы, зялёнай. Вялюгін. Некалі, гадоў дзесяць таму назад, чырванашчокага рамесніка Баравіка ён заўсёды называў Сашам. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.

1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.

2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.

2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.

3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў. Колас. Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі! Танк. Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу. Рамановіч.

2. што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. □ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі. Крапіва. Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець? Лынькоў. // ад чаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. □ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя. Гавеман.

3. каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка. Сабаленка. — Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі]. «ЛіМ». // (звычайна з адмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік. Вітка. Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі. Якімовіч. // (звычайна з адмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах. Бярозкін.

4. што. Зносіць, перажываць якія‑н. непрыемнасці, непажаданыя з’явы. Цярпець няўдачу. Цярпець крах. // Зазнаваць змены. Цярпець змены.

•••

Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.

Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),

уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс. чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г. Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-ра ліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр. прадукт 74 млн. дол., каля 11 тыс. дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн. кВт∙гадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс. га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л. міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.

У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц. мараплавец Ж.​Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ча́йка ​1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.

•••

Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).

ча́йка ​2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.

2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скат ​1, ‑а, М скаце, м.

Спец. Камплект кол для воза, вагона, паравоза. — Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў .. [Багуцкі] групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты. Лынькоў. // Кола аўтамабіля, а таксама камплект гумавых дэталей аўтамабільнага кола. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо скаты былі прастрэлены. Кулакоўскі. Шафёр .. паказаў на задні скат — ён асеў: спусціла камера. Сачанка.

скат ​2, ‑а, М скаце, м.

Буйная драпежная марская рыба атрада акулападобных з пляскатым целам і вострым хвастом.

•••

Электрычны скат — скат, у якога на галаве размешчаны органы, што ўтвараюць электрычным разрады.

[Скандынаўскае skata.]

скат ​3, ‑а, М скаце, м.

1. Разм. Пакаты спуск. Па скатах пясчаных узгоркаў На Нарачы бераг ідуць рыбакі. Танк. Назва Высокі Бераг добра перадае выгляд берага Нёмана з высокім пясчаныя, скатам. С. Александровіч.

2. Спец. Нахільная падземная горкая выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску руды або пустой пароды самацёкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стано́вішча ‘месца знаходжання’, ‘пастава; поза’, ‘абставіны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), ‘пазіцыя, пункт погляду’ (Стан.), ‘стан, месца, дзе жывуць рыбакі ў час лоўлі рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘месца на пашы, дзе апоўдні стаіць быдла’ (Касп.), станаві́шча ‘месца, дзе стаяць каровы ўдзень’ (Сл. ПЗБ), станові́шчэ ‘стаянка’ (ТС). Укр. стано́вище ‘месца знаходжання, размяшчэнне’, ‘лагер, стан’, ‘месца прыпынку скаціны, якая пасецца’, рус. станови́ще ‘стан, табар, стаянка’, чэш. stanoviště ‘месца прыпынку, станцыя’, серб.-харв. ста̀новиште ‘пункт гледжання, пазіцыя’, балг. стано́вище ‘тс; месца знаходжання’, макед. становиште ‘пазіцыя, пункт погляду’. Дэрыват з суф. ‑ішч(а) ад прыметніка станавы (гл. стан), што прадстаўляе прасл. *stanovъ, *stanovati, параўн. стано́ўны ‘пастаянны’, станаві́ты ‘станоўчы’ (Нас.), станаўкі́ ‘ўстойлівы, рашучы’, станаві́ць ‘ставіць’ (Стан.), ст.-рус. становый, рус. дыял. становать, укр. станови́ти, польск. stanovíc, дыял. stanovny, чэш. stanovati, stanový, славен. stanovati, stanovit, серб.-харв. становати, сталован, балг. стану́вам, стано́вен, макед. станува. Магчыма, ужо прасл. *stanoviště ‘стан, стаянка’, паводле Гарачавай (ЭИРЯ, 9, 63–64), утворанага ад зыходных *ŭ‑асноў або ŏ‑асноў, якія перад галоснымі атрымалі канцавое ‑ou̯: *stanou̯‑išče > stanov‑išče > *stan‑ovišče. Бярнар (Бълг. изсл., 98) выводзіць аснову *stanov‑ з іменных форм, параўн. ст.-слав. Р. скл. адз. л. станоу — Н. скл. мн. л. станове, пры старой форме станище < станъ ‘stadium’. Ён жа звяртае ўвагу на семантычную тоеснасць балг. стано́вище ‘пункт погляду’ і чэш. stanovisko ‘тс’ (там жа, 104). У сучаснай беларускай мове супрацьпастаўленне семантыкі ‘месца’ і ‘дзеянне’ рэалізуецца праз ужыванне назоўніка ста́ўленне ‘пазіцыя, адносіны’, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1182.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)