сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́СЫ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,
колькасць мінеральнай сыравіны ў нетрах Зямлі ці на яе паверхні, вызначаная геал. разведкай або ў працэсе распрацоўкі радовішчаў. Па кожнаму віду карысных выкапняў падлічваюцца асобна для радовішчаў, рудных палёў, раёнаў, басейнаў, краін, кантынентаў і Зямлі. На комплексных радовішчах падлічваюць запасы асноўнага карыснага выкапня і таго, які залягае разам з ім, а таксама спадарожныя кампаненты, прамысл. выкарыстанне якіх мэтазгодна. Вымяраюць у адзінках аб’ёму ці масы, падзяляюць на балансавыя, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная, і пазабалансавыя. Паводле ступені вывучанасці З.к.в. адрозніваюць разведаныя, якія служаць асновай праектавання і буд-ва гарнарудных прадпрыемстваў; папярэдне ацэненыя, якія з’яўляюцца рэзервам радовішча, і прагнозныя (геалагічныя), якія паказваюць перспектывы выяўлення прамысл. запасаў і вызначаюць мэтазгоднасць арганізацыі геолагаразведачных і пошукавых работ.
На Беларусі (на 1.1.1996) выяўлена і разведана каля 5 тыс. радовішчаў мінер. сыравіны, якія змяшчаюць каля 30 розных відаў карысных выкапняў. Магчымыя для здабычы запасы нафты вызначаны ў 338,3 млн.т; прагнозныя запасы бурага вугалю ўсіх геал. узростаў (неагенавы, юрскі, каменнавугальны) — 1350,8 млн.т; запасы торфу — 5,7 млрд.т; з іх даступныя для распрацоўкі — 558 млн.т; прагнозныя запасы гаручых сланцаў — 11 млрд.т; запасы калійных солей — больш за 6,4 млрд.т; кухоннай солі — каля 22 млрд.т; сапрапеляў — больш за 3 млрд.т; даламітаў — 768 млн.т (па Рубаўскім радовішчы даламітаў). Агульныя прамысл. запасы сыравіны для вытв-сці цэменту (мел, даламіт) складаюць 940,9 млн.т; вапны (мел) — 136,9 млн.т, буд. і абліцовачнага каменю — 588,1 млн.м³, кварцавых шкловых пяскоў — 15,2 млн.т, буд. і сілікатных пяскоў — 434,6 млн.м³, фармовачных пяскоў — 43 млн.т, пясчана-жвіровых матэрыялаў — 688,2 млн.м³, глін для вырабу цэглы — 251,6 млн.м³, тугаплаўкіх глін — 53,2 млн.м³, гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту і керамзіту — 81,3 млн.м³. Прагнозныя запасы жал. руд Аколаўскага радовішча ацэньваюцца па ўдакладненых звестках у 500 млн.т, Навасёлкаўскага — 76,3 млн.т. Па стану на 1.1.1993 запасы фасфарытаў Сожскага басейна складаюць 30 млн.т, Прыпяцкага басейна — 52,9 млн.т. Прагнозныя запасы гіпсу складаюць 1026,9 млн.т, кааліну — 26,9 млн.т, пірафіліту — 4500 млн.м³, цэалітазмяшчальных трэпелаў — 214,4 млн.т (радовішчы Дружба і Стальное). Запасы глаўканітавых пяскоў у раёне г. Лоеў ацэньваюцца ў 15—18 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАН,
1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.
Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д.Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст.Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл.Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл.Ганчарны горан).
4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).