Сцёран1 (сцёрин) ’вось сукалкі, на якую насаджана махавае кола’ (Нік., Оч.). Узводзіцца (з пытальнікам) да прасл. *stьrnъ (Трубачоў, Этимология–1963, 23; яго ж, Ремесл. терм., 113). Гл. наступнае слова.

Сцёран2 ’іржышча’ (Мат. Гом., Ян.), сцёрань ’зжатае поле’ (ДАБМ, камент., 850–851), сте́рэнь ’тс’ (Лексика Пол.), сцярнуё ’ільнішча’ (Сцяшк. Сл.), сцёрнішча ’іржышча’ (Мат. Гом.), сцярні́шчаржышча’ (лях., Янк. Мат.). Параўн. укр. дыял. сте́рень ’жніўё’, рус. стернь ’тс’, польск. ścierń ’пожня на полі’, чэш. дыял. strn ’тс’, в.-луж. ścierń, серб.-харв. stȓn ’зерневыя культуры’, славен. stȓn ’жніўё, пожня’, strnišče ’тс’, балг. дыял. стрънь ’палеглае збожжа’, стъ́рнище ’жніўё’, макед. стрниште ’зжатае поле’. Прасл. *stьrnъ/*stьrnь (апошняе разглядаецца як зборнае, гл. Новое в рус. этим., 218) і вытворныя *stьrnьje, *stьrnišče, сюды ж як варыянт без s‑ *tьrnъ (гл. цёран), што да і.-е. *(s)ter‑n‑ ’вострая частка расліны’ < *(s)ter‑ ’быць цвёрдым, цвярдзець’ (Борысь, 612; Сной₂, 706; Шустар-Шэўц, 1416). Гл. таксама стырня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́гараць 1, ‑рыць; зак.

1. Згарэць поўнасцю, да канца. Выгаралі дровы ў печы. Выгарала газа ў лямпе. □ Тры гады назад выгаралі Мікуцічы, і тады дзядзька Марцін надумаўся пабудавацца тут, дзе было прастарней і спакайней. Колас. // Пасохнуць, загінуць ад спёкі. Пасека аж белая ад іх, нібы гэта не сіўцы, а ржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Выліняць, страціць натуральны колер пад уздзеяннем сонца. Валасы.. [хлапчуковы] белыя.. выгаралі на сонцы і сталі рыжаватымі. Чарнышэвіч.

вы́гараць 2, ‑рыць; зак.

Разм. Станоўча вырашыцца, удацца. [Аканом] крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. Чарнышэвіч.

выгара́ць 1, а́е.

Незак. да вы́гараць ​1.

выгара́ць 2, ‑ае.

Незак. да вы́гараць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Узвышацца, уздымацца над паверхняй, вытаркацца ўбок, уперад, уверх. Абапал ляжалі апусцелыя палі, толькі тарчалі калючыя іголкі ржышча ды пад полем, пабліскваючы на сонцы, плавалі белыя пушынкі павуціння. Сіняўскі. Дзе-нідзе, нібы рэбры, тарчыць з-пад снегу галлё яблынь, абсечанае асколкамі і цяпер абгрызенае зайцамі. Федасеенка. // Не ляжаць гладка, не прыставаць шчыльна да чаго‑н. Абоі тарчаць. // Выпінацца, вытаркацца адкуль‑н. якой‑н. сваёй часткай. [Паштовая скрынка] была прымацавана да ўваходных дзвярэй, на ёй нават вісеў невялічкі замочак, з якога тарчаў такі ж невялікі ключык. Васілёнак.

2. Знаходзіцца дзе‑н., назаляючы сваёй непатрэбнай прысутнасцю. Нейкая жанчына, захутаная ў хустку, падыходзіць да салдата, ледзь соваючы нагамі. Спыняецца непадалёк, глядзіць на Драча. Драч — на яе. [Драч:] Чаго вылупілася?.. Валяй адгэтуль, тут нельга кожнаму тарчаць. Губарэвіч. — Той тып зноў тарчаў у акне, — сказаў наш як шафёр таварышу. Няхай. // Пастаянна бываць дзе‑н., знаходзіцца перад вачыма. [Верхаводка:] Я ж табе казаў, што дарэмна ты [Рамашка] лётаеш сюды дзень у дзень. І мяне прывучыў кожны выхадны дзень тарчаць тут на рэчцы. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. куды‑н.; высыпаць. Андрэй, як і Алёша, расцёр на далоні колас, прадзьмуў зерні і ўсыпаў у рот. Лобан. Маці знайшла торбу і ўсыпала ў яе з гарнец бульбы. Якімовіч.

2. што. Пакрыць усю паверхню чым‑н. сыпучым. Снег усыпаў зямлю. □ Апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. Грахоўскі. // перан. З’явіцца на паверхні чаго‑н. у вялікай колькасці. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Хомчанка. Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў.

3. каму. Разм. Пабіць або вылаяць каго‑н. [Ян:] — От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць. Чарнышэвіч. // Узяць пад арышт. — Што з ім [Іванам] рабіць? Мо паклікаць участковага, хай усыпле сутак пятнаццаць? — ні то папытаў, ні то прапанаваў вусаты дзядзька Мікалай. Місько. // Нанесці ўдар па ворагу. [Мірановіч] успамінаў апошні свой бой, і тады то дакараў сябе, што не ўбярогся, то адчуваў задаволенасць, што ўсё ж немцам усыпалі і што ён сам падбіў танк... Марціновіч.

•••

Усыпаць бярозавай кашы каму — тое, што і даць бярозавай кашы (гл. даць).

Усыпаць гарачых (бізуноў) — пакараць каго‑н., адсцябаць, выхвастаць.

усыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да усы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схоў, схову; мн. сховы, ‑аў; м.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н. Аддаць грошы на схоў. / у паэт. ужыв. Вось так хадзілі ў тыл варожы, Аддаўшы прозвішча на схоў. Пысін.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. І тут, за горкаю ў даліне, Знаходзяць сховішча яны — Іх схоў надзейны, зацішны. Колас.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для і ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Сяргей] можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўначы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі. Мележ. [Ева Аўсееўна:] — Мая домработніца нікому не адчыніць дзверы, пакуль праз акенца ў калідоры не ўбачыць, хто прыйшоў. І паліцыю не ўпусціць, пакуль не папярэдзіць. А .. [Валодзя] тым часам праз калідор — і ў мой пакой, адтуль — у схоў. Машара.

4. толькі мн. (схо́вы, ‑аў); перан. Тое, што недаступна для іншых, што хаваецца ў душы. [Андрэй] данясе .. [нянавісць] да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы. Зарэцкі.

5. толькі мн. (схо́вы, ‑аў). Памяшканне для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае ржышча будзе пустым галам выглядаць. Гартны. // перан. Пра народную памяць, традыцыі, якія захоўваюць, зберагаюць што‑н. Мы радуемся слову, Адкрытаму ў народных сховах, Незацяганаму, Крамянаму, Як раніцай трава, непатаптанаму. Арочка.

•••

Пад сховам (сховамі) чаго — карыстаючыся чым‑н. як прыкрыццём, маскіруючыся чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)