ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́ЙЛЬ (франц. rocaille літар. драблёны камень, ракавіны),

матыў арнаменту — стылізаваная ракавіна, С- і S-падобныя завіткі, хвалістыя грабяні, языкі полымя і інш., характэрны для ракако. Кампазіцыйныя вырашэнні Р. разнастайныя (хвалісты веер, гірлянда, мудрагеліста выгнуты картуш, расл. матывы), элементы звычайна не паўтараюцца, вылучаюцца экспрэсіяй. Пашырэнню Р. ў еўрап. мастацтве садзейнічала кніга франц. мастака Я.​Мандона «Першая кніга арнаментальных форм ракайляў і картушаў» (Парыж, 1736). Матыў Р. шырока выкарыстоўваўся ў бел. архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы. Тэрмін «Р.» часам ужываюць для абазначэння стылю ракако.

А.​М.​Кулагін.

Ракайль.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канхіяло́гія, канхіліяло́гія

(ад гр. konche, -chylion = ракавіна + -логія)

раздзел заалогіі, які вывучае ракавіны сучасных і вымерлых малюскаў, плечаногіх і іншых жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),

сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.

Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.

Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.

Балацянік звычайны.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЖЫК-РЫ́БА (Diodon hystrix),

рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.

Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),

атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.

Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.

Да арт. Крыланогія малюскі: 1 — глаўкус палосчаты, 2 — анёлік марскі.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),

сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).

Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаваносы: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БЕЛЯ ЗАКО́Н, кампенсацыі фактараў закон,

узаемазамяняльнасці фактараў закон (эфект),

сцвярджэнне аб тым, што адсутнасць або недахоп якога-н. экалагічнага фактара можа быць кампенсаваны інш. блізкім (аналагічным) фактарам. Выяўлены амер. эколагам Э.​Рубелем (1930).

Напр., недахоп святла ў парніку можа быць кампенсаваны павелічэннем канцэнтрацыі вуглекіслаты або стымулюючым дзеяннем некат. біялагічна актыўных рэчываў (гіберэлінаў або інш.); некат. малюскі пры адсутнасці або недахопе кальцыю могуць будаваць свае ракавіны са стронцыю, пры дастатковай яго колькасці ў асяроддзі. Р.з. мае адносны характар, таму што фундаментальныя экалагічныя (фізіял.) фактары (святло, вада, азот, вуглекіслата, хім. макра- і мікраэлементы і інш.) незаменныя.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бунчу́к ’бунчук’ (вядомае ўжо з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. бунчу́к, укр. бунчу́к, польск. buńczuk, bończuk ’турэцкі сцяг’ і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (крым.-тат. bunčukракавіны, бусы на шыі каня’, тур. bundžuk і да т. п.). Корш, AfslPh, 9, 493; Праабражэнскі, 1, 53; Локач, 29; Фасмер, 1, 242; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Цімчанка, 155; Рудніцкі, 1, 256–257.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АМАНІ́ТЫ, амонаідэі (Ammonoidea),

надатрад вымерлых малюскаў кл. галаваногіх. Былі пашыраны ў дэвонскім і мелавым перыядах, дасягнулі росквіту ў сярэдзіне мезазойскай эры. Вядома каля 1,5 тыс. родаў і 5 тыс. відаў. Рэшткі аманітаў трапляюцца ўсюды ў марскіх адкладах. На Беларусі найб. поўна фауна аманітаў прадстаўлена ў Прыпяцкім прагіне ў адкладах верхняюрскай сістэмы.

Ракавіны 1 см — 2 м у папярочніку. Падзяляліся перагародкамі на самастойныя камеры, у адной з якіх размяшчалася цела. Астатнія былі запоўнены газам і злучаліся паміж сабою тонкім вырастам мяккага цела (сіфонам), які служыў рэгулятарам газавага ціску ў камерах. На галаве шчупальцы. Маглі жыць у бурнай прыбярэжнай паласе. Драпежнікі. Маюць стратыграфічнае значэнне.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)