даро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Прыстасаваная для язды і хадзьбы паласа зямлі, якая злучае асобныя пункты мясцовасці. Прасёлачная дарога. □ Белая шырокая дарога віхлястаю стужкаю бегла далёка на ўсход, рэжучы зялёныя нівы. Гартны. Уся дарога была забіта аўтамашынамі, павозкамі, салдатамі. Мележ. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. // Усякі камунікацыйны шлях, па якім адбываюцца зносіны; траса. Марская дарога. Паветраная дарога.

2. Працягласць шляху, адлегласць, якую патрэбна прайсці, праехаць і пад. Прайсці палавіну дарогі. □ Каб скараціць дарогу, .. [маці] звярнула з гасцінца і пайшла проста па полі, звонка шоргаючы пожняй. Ракітны. Дарогі было не больш, чым на паўгадзіны. Шахавец.

3. Месца для праходу, праезду. Стаць на дарозе. □ Гаспадыня нешта даставала з печы, перагарадзіўшы доўгім рагачом дарогу ў хату. Новікаў. Перад [Дамірам і Баранавым] адразу расступіліся, даючы дарогу. Асіпенка. // перан. Доступ куды‑н. Знайсці дарогу да сэрца. □ Нам дарогі ўсе адкрыты, Наш прастор бясконцы... Колас.

4. Падарожжа, паход, паездка. Сабрацца ў дарогу. Напісаць пісьмо з дарогі. Адпачыць з дарогі. □ Усю мінулую ноч і сённяшні дзень Новікаў прабыў у дарозе. М. Ткачоў. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль.

5. Напрамак руху. Збіцца з дарогі. □ [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва. // перан. Накіраванасць, род дзейнасці. — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Назбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць. Колас. [Маці] лічыла прыродазнаўчыя навукі вышэй усялякіх іншых і ўгаварыла сына ісці толькі па яе дарозе. Якімовіч. // перан. Сродак для дасягнення якой‑н. мэты. Вучэнне — гэта дарога да ведаў. Курто.

•••

Канатная дарога — збудаванне для перавозкі грузаў або пасажыраў у ваганетках, падвешаных да стальнога каната.

Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго‑н.

Бітая дарога — уезджаная дарога; дарога, па якой многа ездзяць, ходзяць.

Ведаць дарогу гл. ведаць.

Вывесці на дарогу гл. вывесці.

Выйсці (выбіцца) на дарогу гл. выйсці.

Вялікая дарога — а) бойкі, важны шлях зносін, магістраль (у адрозненне ад прасёлачнай дарогі); б) перан. галоўны, правільны шлях развіцця чаго‑н.

Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.

Дарогі разышліся чые — спыніліся зносіны, сувязь паміж кім‑н. з-за розніцы ў поглядах, інтарэсах і пад.

Даць (уступіць) дарогу гл. даць.

Забыць дарогу гл. забыць.

Загарадзіць дарогу гл. загарадзіць.

Заступіць дарогу гл. заступіць.

Збіцца з (правільнай) дарогі гл. збіцца.

Збіць з дарогі гл. збіць.

З дарогі — адразу пасля паездкі, падарожжа.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Ісці сваёй дарогай гл. ісці.

Паставіць (навесці) на дарогу гл. паставіць.

На дарогу — а) перад падарожжам, паездкай. Зноў вясна... А здаецца, нядаўна праводзілі выраі, Жураўлі на дарогу ваду з крыніцы пілі. Тармола; б) для выкарыстання, ужывання ў час падарожжа, паездкі. Маці панавала ў драўляны куфэрак бялізну і яду бацьку на дарогу. Якімовіч.

На дарозе не валяецца гл. валяцца.

Па дарозе — а) заездам, праездам, мімаходам. Па дарозе ў фатаграфію маці зайшла са мной на Нізкім рынку ў краму. А. Александровіч; б) каму з кім у адным і тым жа напрамку. — Ну дык пойдзем, нам па дарозе, — сказала жанчына. — Я табе паднясу партфель. Юрэвіч; в) каму з кім (з адмоўем) пра адзінства поглядаў, імкненняў і пад. Нам з гультаямі не па дарозе.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Перайсці (перабегчы) дарогу каму гл. перайсці.

Прабіць сабе дарогу гл. прабіць.

Пралажыць (пракласці) дарогу гл. пралажыць.

Саступіць з дарогі гл. саступіць.

Станавіцца папярок дарогі каму гл. станавіцца.

Стаць на дарозе чыёй, у каго; стаць папярок дарогі каму гл. стаць.

Туды і дарога каму-чаму — гэтага і заслужвае, нечага шкадаваць.

У адну дарогу — тое, што і па дарозе (б).

Шчаслівай дарогі! — добрае нежаданне ў дарогу.

Як гарох пры дарозе гл. гарох.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыня́ць, прыму, прымеш, прыме; пр. прыняў, ‑няла, ‑няло; заг. прымі; зак.

1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца. — Дар’я, — паклікаў Лявон сваю жонку. — Прымі са стала зелле. Як у бальніцы якой. Глядзець не магу. Ермаловіч. Вуля азіраўся, шукаў, дзе сесці. Тады падышоў, прыняў ад Раманавага ложка табурэтку і паднёс, паставіў ля акна. Пташнікаў.

2. каго-што. Узяць у рукі што‑н. ад таго, хто аддае, дае. Хведар пасунуў па стале брусок, Лявон прыняў яго, падаў пад пілу. Кудравец. Гэля няўмела прыняла букет, уткнулася тварам у росны бела-ліловы ахапак. Лось. // Атрымаць што‑н. у сваю ўласнасць. Я прыняў дарунак мілы Перад боем уначы. Глебка. Саша з захапленнем прыняў веласіпед, хутка навучыўся ездзіць на ім. Марціновіч. // Узяць з якой‑н. мэтай. [Толя] толькі цяпер успомніў, што ён жа не ведае ні імені дзедавага, ні прозвішча. Значыць, перадачы ў яго для невядомага дзеда не прымуць... Якімовіч.

3. каго-што. Узяць у сваё распараджэнне ад таго, хто здае. Прыняць тавар па накладной. Прыняць змену. □ Назаўтра Міця прыняў касу. Былы касір Міша Сяўрук .. пераводзіўся ў бухгалтары. Навуменка. // Прызнаць выкананым, гатовым для эксплуатацыі, узяць пад свой нагляд, у сваё распараджэнне. Прыняць работу. Камісія прыняла новы жылы дом. // Правесці праверку чыіх‑н. ведаў. Прыняць экзамен. Прыняць залік.

4. што. Узяць пад сваё начальства, камандаванне. Прыняць брыгаду. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. // Заняць (пасаду, вакантнае месца).

5. каго-што. Уключыць у склад чаго‑н. Прыняць камсамольца ў партыю. Прыняць у інстытут. □ — Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію. Колас. Петруся прынялі ў Лепельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ён правучыўся тры гады. С. Александровіч. // Уключыць у якое‑н. выданне (рукапіс, артыкул і пад.); дапусціць да пастаноўкі (оперу, п’есу і пад.). Прыняць артыкул да друку.

6. каго-што. Сустрэць каго‑н. (звычайна ў сябе дома) пэўным чынам; аказаць каму‑н. пэўны прыём. Прыняць гасцей. □ Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі колькі душа пажадае. Навуменка. [Мотэль:] — Ну, ты там як сабе хочаш, але ж прыняць чалавека трэба, трэба і пагутарыць з ім. Лынькоў. // Дапусціць к сабе для перагавораў, для размовы. Прыняць наведвальніка. □ Лаўрыновіч прыняў .. [Шэмета] адразу, як толькі ён паказаўся ў прыемнай. Лобан. // Агледзець, выслухаць (хворага).

7. каго-што. Змясціць у сябе; даць прытулак. Гасцініца прыняла звыш нормы дзесяць чалавек. □ [Касцючэнку] прыняла да сябе адзінокая бабулька. Мележ. // Даць згоду або дазвол на прыбыццё каго‑, чаго‑н. Порт не прыняў карабля. □ Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі.

8. каго-што. Аказаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці або дзіцяняці якой‑н. жывёлы. Прыняць роды. □ Апанаску толькі цяпер прыйшло ў галаву, што гэта ж ён прывёз Дору з раённага гарадка, каб прыняла яго першынца. Даніленка. Цяпер нават тыя, хто з дыпломам, не прымуць лепш за дзядзьку Мішу ацёл, апарос, не зробяць лепш за яго ўкол. Палтаран.

9. што. Праявіць якія‑н. адносіны да чаго‑н., успрыняць што‑н. пэўным чынам. Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Колас. Самабытны, сапраўдны народны танец журы прыняло без захаплення. Сабаленка. // Згадзіцца з чым‑н., аднесціся да чаго‑н. станоўча. Прыняць параду. □ Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў .. маршруце. Колас. Мы прынялі запрашэнне і далучыліся да вясёлай студэнцкай грамады. В. Вольскі. // Зацвердзіць што‑н. (звычайна галасаваннем). Прыняць рэвалюцыю. Прыняць пастанову.

10. што. Выслухаўшы (паведамленне, данясенне і пад.), улічыць, даць згоду выканаць. Прыняць рапарт. // Улавіць і зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай апаратуры якое‑н. паведамленне, сігнал і пад. Прыняць радыёграму. □ — Толькі што наш радыст прыняў свежую, нечарговую зводку. Кулакоўскі.

11. што. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем дзеяння, характар якога вызначаецца сэнсам назоўніка. Прыняць рашэнне (рашыць). Прыняць смерць (памерці). Прыняць прысягу (прысягнуць). □ Зубрам сапраўды давялося аднойчы прыняць актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. В. Вольскі.

12. што. Стаць паслядоўнікам (рэлігіі, вучэння), падданым (якой‑н. дзяржавы). Прыняць каталіцтва. Прыняць савецкае грамадзянства. □ [Сурвіла] усю дарогу ўгаворваў Леапольда Гушку, што яму адно і астанецца — прыняць падданства. Чорны.

13. што. Набыць які‑н. выгляд, якія‑н. асаблівасці. У цемры .. [Букрэй] прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны. Колас. Маленькі столік у кутку цеснай каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Гартны. // Засвоіць што‑н., пераняць што‑н. у каго‑н. [Стафанковічык] бачыў: стаяць каля яго людзі, абураныя на палякаў .. і ён адразу прыняў у сябе іхні настрой. Чорны.

14. што. Перажыць, вынесці што‑н. Гусціна маці прыняла многа пакут, каб смех яе дзяцей быў звонкім і шчаслівым. Васілевіч. Наша гордасць і слава у іх сівізне, і за нас прынялі яны раны, каб свяціла і сонца над намі ясней, каб не зналі ніколі мы папа. Дубоўка. // Уступіць у бой, пачаты па ініцыятыве ворага. Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны. Залескі.

15. што і чаго. Выпіць, праглынуць (звычайна лякарства). [Крушыны] дастаў з шафы каробачку з лякарствам і прыняў таблетку валідолу. Пальчэўскі. [Сідар] стаў скупы, адмовіўся ад чаркі, якую любіў прыняць у выхадны дзень. Чарнышэвіч.

16. што. Падвергнуць сябе якой‑н. працэдуры, працэдурам. Прыняць душ. Прыняць курс лячэння.

17. каго-што за каго-што. Памылкова палічыць за другое (другога). Па шапцы .. [маладога Крулеўскага] можна прыняць за афіцэра чужога войска. Колас. Каля ракі нешта ўзвышалася. Паўлік спачатку прыняў гэта за стог парыжэлага сена. Беразняк.

18. Разм. Ухіліцца, пасунуцца трохі ў якім‑н. напрамку. Яшчэ здалёку шафёр даў сігнал, калона прыняла ўправа. Гурскі.

•••

Ласку прыняць — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).

Прыняць да сэрца (сэрцам) — а) успрыняць што‑н. з павышанай чуллівасцю, занадта перажываючы што‑н.; б) вельмі зацікавіцца чым‑н.

Прыняць за чыстую манету — палічыць праўдай, успрыняць усур’ёз.

Прыняць пад увагу — улічыць, паабяцаць выканаць.

Прыняць у долю — даць магчымасць ўдзельнічаць у якой‑н. справе, прадпрыемства.

Прыняць у разлік — улічыць.

Прыняць у штыкі — сустрэць варожа.

Прыняць эстафету ад каго, у каго — прадоўжыць чые‑н. пачынанні, традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)