Плат1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. плат ’плата’. Да плат1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кайстра́1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра2.

Кайстра́2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастракурск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrumгрэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЫ́ШЫЎКА,

від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш. Стараж. бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)