падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.
Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст.сістэм.Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасцьліт. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.
Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.Карскаму, М.Багдановічу і М.Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел.літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.
Літ.:
Гл. да арт.Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАДЗЕ́ЕЎ Аляксандр Аляксандравіч (24.12.1901, г. Кімры Цвярской вобл., Расія — 13.5.1956),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай горнай акадэміі (1921—22). У 1918—21 падпольшчык, партызан, камісар партыз. брыгады на Д.Усходзе. З 1923 на парт. рабоце ў Маскве, Краснадары, Растове-на-Доне. У 1926—32 адзін з кіраўнікоў РАПП; у 1938—44 адказны сакратар прэзідыума, у 1946—54 ген. сакратар праўлення, у 1954—56 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1923. Аўтар аповесці «Разліў» (1924), рамана «Апошні з удэге» (ч. 1—4, 1929—40, 1956, нясконч.). У станаўленні новай сав. л-ры значную ролю адыграў яго раман «Разгром» (1927) пра партыз. вайну на Д.Усходзе. У творах паказваў, як бальшавіцкая партыя згуртоўвала, дысцыплінавала і выхоўвала стыхійныя чалавечыя масы. У рамане «Маладая гвардыя» (1945, перапрацаваная рэд. 1951, Дзярж. прэмія СССР 1946; экранізацыя 1948; аднайм. оперы Ю.Мейтуса і А.Пашчанкі, абедзве 1947) услаўляецца подзвіг камсамольцаў-падпольшчыкаў Краснадона, патрыятызм народа ў Вял.Айч. вайну. У 1954 апублікаваў раздзелы рамана «Чорная металургія» (нясконч.) пра рабочы клас. Выдаў кнігу нарысаў «Ленінград у дні блакады: (З дзённіка)» (1944), аўтабіягр. «Аповесць нашага юнацтва» (1-961). Літ.-крытычныя артыкулы Ф. сабраны ў кн. «За трыццаць гадоў» (1957). Ф. цікавіўся развіццём бел. л-ры. Сябраваў і перапісваўся з Я.Купалам, Я.Коласам. Разам з Я.Купалам і інш. пісьменнікамі падарожнічаў па Чэхаславакіі (кастр. 1935). Удзельнічаў у літ. вечары, прысвечаным 25-годдзю БССР (Масква, студз. 1944), у рэсп. сходзе пісьменнікаў, прысвечаным абмеркаванню твораў бел. л-ры (Мінск, люты 1948). Выступіў на пленуме праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР (Масква, жн. 1942). Адкрываў Дэкаду бел.сав. л-ры ў Маскве (25.1.1949). У лістах да іх аўтараў падрабязна прааналізаваў п’есу В.Вольскага «Несцерка», раманы І.Мележа «Мінскі напрамак», М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» (усе 1955). На бел. мову творы Ф. перакладалі Ц.Гартны, М.Гарэцкі, М.Лужанін, М.Хведаровіч, А.Звонак і інш. Інсцэніроўка рамана «Маладая гвардыя» паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы (1947), Бел.рэсп. т-рам юнага гледача (1975), аднайм. опера Мейтуса паст.Дзярж. т-рам оперы і балета (1954).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1969—71;
Бел.пер. — Супраць плыні. Мн., 1930;
Апошні з удэге. Мн., 1932;
Разгром. 2 выд.Мн., 1936;
Маладая гвардыя. Мн., 1953.
Літ.:
Боборыкин В.Г. Александр Фадеев: Лит. портрет. М., 1968;
Озеров В.М. Александр Фадеев: Творческий путь. 3 изд. М., 1970;
Бушмин А.С. Александр Фадеев: Черты творч. индивидуальности. Л., 1971;
Мележ І. Шчаслівы дар лёсу // Мележ І. Жыццёвыя клопаты. Мн., 1975;
Новікаў І. З жыцця і для жыцця // Полымя. 1981. № 12;
Чыгрынаў І. Пераемнасць гуманістычных традыцый // Чыгрынаў І. Новае ў жыцці, новае ў літаратуры. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен у яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,
спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1944—50-х гадоў.
Гэты перыяд быў прынцыпова важным для развіцця горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ён звязаны з фарміраваннем комплексу рознаўзроўневых праблем, ідэй і канцэпцый, што залежалі ад паліт., сацыяльна-эканам., ідэйна-маст. і тэхн. умоў. У гэты час актыўна вялося пасляваеннае аднаўленне гарадоў і вёсак. Пры распрацоўцы новых генпланаў (Мінска і інш.) намеціўся падыход да вызначэння гал. горадабудаўнічай канцэпцыі — увасабленне ўсімі магчымымі сродкамі пафасу вялікай Перамогі, узвелічэнне здзейсненага народам подзвігу. У рэчышчы гэтай эстэтыкі праектавалася і забудоўвалася 1-я чарга гал. магістралі Мінска — вул. Савецкай (сучасны праспект Ф.Скарыны). Архітэктурна-маст. аблічча гэтага ансамбля сведчыць пра ўрачыстую манументальнасць, параднасць, мажорную прыўзнятасць усёй забудовы, дзе кожны будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Плошчы, бульвары, курданёры і разрывы паміж будынкамі ствараюць разнастайнасць, рытмічны лад і змену ўражанняў. У жніўні 1944 у Мінску працавала спец. камісія камітэта па справах архітэктуры пры СНКСССР, якая распрацавала схему новай планіроўкі горада («Эскіз планіроўкі Мінска», арх. А.Шчусеў, М.Колі, А.Мардвінаў, У.Сямёнаў, Б.Рубаненка, І.Лангбард); сярод распрацоўшчыкаў «Эскіза» быў і бел. архітэктар Н.Трахтэнберг. Былі ўнесены прынцыповыя ідэі-прапановы па стварэнні радыяльна-кальцавой планіровачнай структуры горада, дзе гал. месца адводзілася цэнтральнай гар. магістралі вул. Савецкай (напрамак усход—захад) і перпендыкулярна ёй — вул. Леніна (напрамак поўнач—поўдзень) — другому дыяметру горада. У паўд.-ўсх. частцы горада прадугледжвалася размяшчэнне прамысл. зоны (фарміраванне пачалося перад вайной), дзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы. Уздоўж р. Свіслач планавалася стварыць суцэльны зялёны масіў, утвараючы паркавую і рэкрэацыйную зоны — рэзервуар чыстага паветра. Далейшыя распрацоўкі генпланаў Мінска і інш. гарадоў імкнуліся захаваць пераемнасць папярэдніх. Роля горадабудаўніцтва ў пераўтварэнні гарадоў стала найб. важным заваяваннем сав. архітэктуры. Праблема ансамблевасці разглядалася як сродак стварэння прынцыпова новага аблічча горада. Горадабудаўнічыя ідэі ансамблевасці ўключалі ў маст. адзінства не толькі грамадскія будынкі, а і жылыя фарміраванні. Сярод распрацоўшчыкаў генплана Мінска (рэдакцыя 1946) бел. праекціроўшчыкі М.Андросаў, Н.Трахтэнберг, інж. К.Іваноў, Р.Абразцоў, В.Талмачоў. У выніку шматлікіх конкурсных спаборніцтваў дойлідаў у 1948 прыняты да рэалізацыі праект планіроўкі і забудовы цэнтр. раёна горада (аўтары арх. Г.Баданаў, У.Кароль, М.Асмалоўскі, М.Паруснікаў). Праектаванне і будаўніцтва праспекта Ф.Скарыны — яркая старонка сав. горадабудаўніцтва. Вялікая ўвага звярталася на маст.-вобразны бок архітэктуры, у большасці выпадкаў яе разглядалі з пазіцыі мастацтва. Тэндэнцыя пошуку архітэктурна-маст. вобразнасці паступова набывала супярэчлівы характар (калі архітэктуру аздаблялі архітэктурай). Імкненне дасягнуць маст. ўзроўню за кошт «класікі» прывяло да неадэкватнасці формы, функцыі, зместу і тэктонікі збудаванняў. На гэтым этапе пачала пераважаць выяўленчасць у архітэктуры, якая стала істотным іманентным сродкам маст. формы, накіраванай на ідэйна-эмацыянальнае мадэліраванне сац. асяроддзя. Найбольшае пашырэнне атрымаў аплікатыўны тып архітэктуры (з канструктыўна пасіўнай выяўленчай формай), напр., «прыстаўка» класічнага порціка як дэкаратыўна-знакавага дапаўнення, а таксама спалучэнне класічнага ордэра з выкарыстаннем дэкору, запазычанага з народна-прыкладнога мастацтва (арнаментыка раслінных матываў са знакамітых слуцкіх паясоў). Архітэктары супрацоўнічалі з мастакамі (мастак-кераміст М.Міхалап і інш.). Сярод значных будынкаў грамадскага прызначэння: у Мінску — галоўны паштамт (арх. А.Духан, У.Кароль), адм. будынак і дзярж. банк (арх. М.Паруснікаў), Палац прафсаюзаў (арх. У.Яршоў), цэнтр. тэлеграф (арх. А.Духан, У.Кароль); ансамбль забудовы вул. Кірава ў Віцебску (арх. В.Гусеў, В. і А. Данілавы), драм. тэатр у Гомелі (арх. А.Тарасенка). Архітэктура гэтых будынкаў заснавана на прынцыпах выкарыстання класічных форм і кампазіцый. К сярэдзіне 1950-х г.гіст. формы ўступілі ў супярэчнасць з нарастаючымі тэмпамі і павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва. Асэнсаванне гэтай праблемы прывяло да адмаўлення ад прыярытэтных гал. фасадаў будынкаў, што выходзілі на магістралі; пачалася карэнная перабудова архітэктурна-праектнай справы, архітэктура ўступіла ў новую стадыю свайго развіцця.
Жылы дом на вул. Мяснікова ў Мінску. 1950-я г. Фота 2004.
Да пач. 20 ст. на Беларусі сістэма нар. асветы мела саслоўна-класавы характар. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя з-за цяжкіх матэрыяльных умоў для дзяцей рабочых і сялян была маладаступная; чацвёра з кожных пяці дзяцей і падлеткаў не наведвалі школы. Пасля 1917 на дзярж. узроўні былі замацаваны найважнейшыя прынцыпы адзінай прац. школы: навучанне на роднай мове, сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, поўнае аддзяленне школы ад царквы, сувязь навучання з грамадска-вытворчай працай. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР усе грамадзяне мелі права на адукацыю незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, веравызнання, сац. паходжання і маёмаснага становішча. Гэтыя правы забяспечваліся абавязковай агульнай 8-гадовай адукацыяй, ажыццяўленнем усеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі, навучаннем у школе на роднай мове, бясплатнасцю ўсіх відаў адукацыі, выплатай стыпендый, пашырэннем сеткі дашкольных і пазашкольных устаноў, арганізацыяй розных форм вытв. навучання, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.
У 1974 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб народнай асвеце», асноўнымі прынцыпамі якой абвяшчаліся: роўнасць усіх грамадзян у атрыманні адукацыі незалежна ад расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, маёмаснага і сац. становішча; абавязковасць адукацыі для ўсіх дзяцей і падлеткаў, дзярж. і грамадскі характар усіх навуч.-выхаваўчых устаноў; свабода выбару мовы навучання, навучанне на роднай мове або на мове іншага народа СССР; бясплатнасць усіх відаў адукацыі, утрыманне часткі вучняў на поўным дзярж. забеспячэнні, стыпендыяльнае забеспячэнне навучэнцаў і студэнтаў і аказанне ім іншай матэрыяльнай дапамогі; сумеснае навучанне абодвух полаў; свецкі характар адукацыі, які выключаў уздзеянне рэлігіі.
У 1991 прыняты Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (новая рэд. 2002), у якім запісана, што Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўласную сістэму адукацыі і выхавання і гарантуе кожнаму свайму грамадзяніну магчымасць развіцця асобы, атрымання адукацыі, якая адпавядала б яе патрабаванням і здольнасцям, актыўнае далучэнне да культурна-гіст. спадчыны бел. народа і інш.нац. супольнасцей краіны. Дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё адукацыі, адпаведныя сац.-эканам. ўмовы функцыянавання гэтай сферы, правы грамадзян на атрыманне агульных і прафес. ведаў, засваенне агульнакульт. каштоўнасцей, абарону інтэлектуальнай уласнасці, таленту і адукаванасці. Былі распрацаваны Канцэпцыя рэформы агульнаадук. школы і Праграма рэалізацыі рэформы агульнаадук. сярэдняй школы (1996), у якой прадугледжвалася ажыццявіць рэформу ў Рэспубліцы Беларусь паступова ў 12 этапаў і завяршыць яе ў 2008/09 навуч. годзе. 1-ы з’езд настаўнікаў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў 1997, падтрымаў рэформу агульнаадук. школы і асн. палажэнні стратэгіі развіцця нац. сістэмы адукацыі. 2-гі з’езд настаўнікаў Беларусі (2001) паставіў задачу — забяспечыць да 2005 паступовы пераход да поўнага ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы; завяршыць да 2008 пераход да абавязковай 10-гадовай адукацыі пры 4-гадовай пачатковай і 6-гадовай базавай школе, а да 2010—12-гадовай сярэдняй адукацыі; забяспечыць увядзенне ў дзеянне стандартаў зместу адукацыі на ўсіх яго ўзроўнях у адпаведнасці з сац. заказам грамадства і дзяржавы.
Сучасная нац. сістэма адукацыі Беларусі ўключае: удзельнікаў адукац. працэсу; адукац. стандарты, на аснове якіх распрацаваны навуч. планы і праграмы; установы адукацыі і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сістэмы адукацыі; дзярж. органы кіравання адукацыяй, якія ўключаюць Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленні і аддзелы адукацыі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў. Асн. адукацыя складаецца з дашкольнай, агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафес.-тэхн., сярэдняй спец., вышэйшай, паслядыпломнай адукацыі.
Дадатковая адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях асн. адукацыі, а таксама ўключае пазашкольнае выхаванне і навучанне, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. Нац. сістэма адукацыі ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб правах дзіцяці» (1993, са зменамі і дапаўненнямі 2000), «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі«(2003), «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)» (2004), «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (2004).
Дзярж. палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: прыярытэт адукацыі; абавязковасць агульнай базавай адукацыі; ажыццяўленне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі; даступнасць дашкольнай, прафес.-тэхн. і на конкурснай аснове сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі; пераемнасць і непарыўнасць узроўняў і ступеней адукацыі; нац.-культ. аснова адукацыі; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, гуманіст. характару адукацыі; навуковасць; экалагічная накіраванасць адукацыі; дэмакр. характар кіравання адукацыяй; свецкі характар адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,
від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар.эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.
Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп.рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц.т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.
Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм.тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл.«Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм. сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац.маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз.жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар.тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел.АМ, Мінскага нар.т-раБДУ і інш.нар. тэатраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі; прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж імі. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прававой асновай для выбараў Прэзідэнта з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс і некаторыя інш. прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Выбары прызначае Палата прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь не пазней як за 5 мес, яны праводзяцца не пазней як за 2 мес да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта (іх колькасць не абмяжоўваецца) вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты ажыццяўляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, паліт. партыям, грамадскім аб’яднанням, прац. калектывам, давераным асобам кандыдатаў у Прэзідэнты даецца права свабодна і ўсебакова абмяркоўваць выбарчыя праграмы кандыдатаў, іх паліт., дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю за іх або супраць на сходах, мітынгах, тэлебачанні і радыё, у друку, у час сустрэч з выбаршчыкамі. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда не пазней як праз 2 мес з дня выбрання. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Прэзідэнта вызначаюцца Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (1995, у новай рэдакцыі закона ад 7.7.1997). Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць з мэтай развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакр.сац. прававой дзяржавы, паляпшэння яе эканам. становішча, павышэння дабрабыту народа і на аснове прынцыпаў роўнасці сац., нац. і інш. супольнасцей, абароны правоў і інтарэсаў чалавека, забеспячэння роўнасці кожнага перад законам. Толькі Прэзідэнт можа прызначаць рэсп. рэферэндум (нар. галасаванне), чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і мясц. прадстаўнічыя органы, датэрмінова спыняць паўнамоцтвы палат Парламента (адзін са спосабаў вырашэння канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі). Прэзідэнт мае права самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. органамі прызначаць на пасады кіраўнікоў дзярж. органаў. Ён прызначае 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Прэзідэнт мае права ствараць, скасоўваць або рэарганізоўваць свой рабочы орган — Адміністрацыю Прэзідэнта, органы дзярж. кіравання і кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце. Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дазволе на назначэнне Прэм’ер-міністра Прэзідэнт мае права прызначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары. Прэзідэнт вызначае структуру Урада, прызначае і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра і інш. членаў Урада, прымае іх адстаўку. Са згоды Савета Рэспублікі Прэзідэнт прызначае на пасады: Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню і суддзяў Вярх. суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага гасп. суда Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў гэтых судоў, Старшыню Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нац. банка. З улікам роўнага ўдзелу Прэзідэнта і Парламента ў фарміраванні Канстытуцыйнага суда ён самастойна вырашае пытанне аб прызначэнні 6 з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда. Прэзідэнт таксама прызначае і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзярж. кантролю.
Прэзідэнт звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў краіне і аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, са штогадовымі пасланнямі — да Парламента. Ён мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, старшынстваваць на пасяджэннях урада. Прэзідэнт вырашае пытанні, звязаныя з прыёмам у грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненнем і прадастаўленнем прытулку. Ён устанаўлівае дзярж. святы і святочныя дні, правамоцны ўзнагароджваць дзярж. ўзнагародамі, прысвойваць класныя чыны і ганаровыя званні, ажыццяўляць памілаванне асуджаных. Прэрагатывай Прэзідэнта з’яўляецца вядзенне перагавораў і падпісанне міжнар. дагавораў, назначэнне і адкліканне дыпламат. прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнар. арганізацыях, прыём даверчых і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламат. прадстаўнікоў замежных дзяржаў. У выпадку стыхійнага бедства, катастрофы або беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэр. цэласнасці і існаванню дзяржавы, Прэзідэнт уводзіць на тэр. краіны або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча. Прынятае Прэзідэнтам рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў трохдзённы тэрмін уносіцца на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадках, прадугледжаных законам, Прэзідэнт мае права адкласці правядзенне забастоўкі (не больш як на 3 мес), адмяняць акты Урада. З мэтай забеспячэння прынцыпу раздзялення ўлад, узаемнага стрымлівання і ўзаемаўплыву заканад. і выканаўчай улад Прэзідэнт падпісвае ўсе законы. Ён ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства мясц. органамі кіравання і самакіравання. Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета Рэспублікі. Ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узбр. Сіл і ў выпадку ваеннай пагрозы ўводзіць на тэр. Беларусі надзвычайнае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадку нечаканага ўварвання ўзбр. сіл на тэр. Беларусі або наўмыснага ўварвання ў яе паветраную прастору ён мае права аддаць загад аб пачатку ваен. дзеянняў без аб’яўлення вайны. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, выдае ўказы, распараджэнні і дэкрэты, якія маюць абавязковую сілу на тэр. Беларусі. Ён можа ў любы час падаць у адстаўку, якая прымаецца Палатай прадстаўнікоў, або датэрмінова быць вызвалены ад пасады на падставе і ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі новаабраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст.пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.:
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991;
Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979;