СТРАКА́ТКІ (Zygaenidae, або Anthroceridae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі 13 відаў, найб. трапляецца С. вятроўнікавая (Zygaena filipendulae).

Размах крылаў да 5 см; пярэднія падоўжаныя, вузкія, заднія адносна маленькія. Афарбоўка яркая, стракатая або аднатонная, з бляскам, часам бурая. Лічынкі кароткія, тоўстыя, расліннаедныя, большасць відаў — алігафагі, кормяцца лісцем пэўных раслін (пераважна бабовых). Гемалімфа мае сінільную к-ту (магчыма, і інш. атрутныя рэчывы), з чым звязана перасцерагальная афарбоўка.

С.​Л.​Максімава.

Стракаткі: 1 — канюшынная; 2 — шчаўевая; 3 — вятроўнікавая; 4 — эфіяльт.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЭ́ПА (Barbarea),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, як заноснае — паўсюдна ў нетрапічных краінах. На Беларусі 2 віды С.: звычайная (B. vulgaris) і прамая (B. stricta). Трапляюцца на вільготных лугах, па берагах рэк, на палях, у пасевах.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Ніжняе лісце лірападобнае, верхняе суцэльнае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне ядавітае для свойскай жывёлы і птушак. Зімовы крэс (B. vema) культывуюць у Зах. Еўропе як салату. Харч., тэхн., меданосныя расліны, часта — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Свірэпа звычайная.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАКАЧЫ́ (Cleridae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, найб. у тропіках. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца С. мурашыны, або мурашкажук (Thanasimus formicarius), і С. пчаліны, або пчалажук звычайны (Trichodes apiarius).

Даўж. да 25 мм. Цела прадаўгаватае, укрытае валаскамі, цёмнае, часта з яркімі, стракатымі надкрыламі ў разнаколерных папярочных палосах (адсюль назва). Галава вял., вусікі 11-членікавыя. Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя і лічынкі большасці С. — драпежнікі. кормяцца насякомымі і іх лічынкамі; ёсць некрафагі; некат. віды паразітуюць у гнёздах пчол, вос. пашкоджваюць харч. прадукты. Іл. гл. да арт. Жукі.

С.​Л.​Максімава.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЮ́Н звычайны

(Misgurnus fossilis),

рыба сям. ўюновых атр. карпападобных. Пашыраны ў Сярэдняй і Усх. Еўропе. Жыве ў стаячых, поймавых, забалочаных вадаёмах, у заглееных зарослых азёрах. На Беларусі трапляецца паўсюдна, найб. на Палессі. Нар. назвы піскун, піскар (з піскам заглынае паветра).

Даўж. 16—25, зрэдку да 32 см. Цела выцягнутае, крыху сціснутае з бакоў. Галава невял., з 5 парамі вусікаў: па 2 на ніжняй і верхняй сківіцах, 1 па вуглах рота. Спіна бурая, з цёмнымі плямамі, бруха жоўтае, зрэдку чырванаватае. Па баках 3 цёмныя паласы (сярэдняя шырокая). Характэрна кішачнае дыханне. Корміцца бентасам.

Уюн звычайны.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЯРЫЯТО́ЗЫ,

глісныя хваробы чалавека і пазваночных жывёл (за выключэннем рыб), якія выклікаюцца круглымі чарвямі філярыямі. Пашыраны паўсюдна, асабліва ў краінах з трапічным і субтрапічным кліматам. Найб. небяспечны анхацэркоз, парафілярыёз, сетарыёз.

Крыніца інфекцыі — хворы чалавек ці жывёла. Пераносчыкі і прамежкавыя гаспадары лічынак узбуджальніка — членістаногія (камары, сляпні, мошкі). Дарослыя гельмінты лакалізуюцца ў брушной і грудной поласцях цела, сэрцы, крывяносных і лімфатычных сасудах, скуры і інш. тканках і органах. Паразітуюць шмат гадоў (напр., вухерыі, лоа ў целе чалавека да 10—20 гадоў, парафілярыі ў целе каня 4—5 гадоў). Хваробы праяўляюцца ліхаманкай, скурнымі высыпаннямі і язвамі, запаленнем лімфатычных вузлоў і інш.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТЭ (ням. Schütte),

хвароба ігліцы хвойных парод дрэў, якая выклікаецца фітапатагеннымі грыбамі. Пашырана паўсюдна. На Беларусі найб. шкаданосныя Ш. звычайнае (узбуджальнік — сумчаты грыб лафадэрміум хваёвы) і Ш. снежнае хвоі (узбуджальнік — фацыдый інфэстанс). Найб. шкодзяць усходам і сеянцам. Пры звычайным Ш. ігліца жаўцее, бурэе, ападае; пры снежным Ш. вясной з’яўляецца павуціністы налёт, потым ігліца бурэе і гіне. Крыніца інфекцыі — хворыя расліны і апад заражанай хвоі. Развіццю хваробы спрыяюць цёплае дажджлівае надвор’е, парушэнні правіл сяўбы і пасадкі дрэў у гадавальніках.

Шутэ звычайнае хвоі: 1 — пашкоджаны сеянец; 2 — ігліца з пікнідамі і апатэцыямі ўзбуджальніка; 3 — павялічаны фрагмент пашкоджанай ігліцы.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУПА́К звычайны

(Esox lucius),

рыба сям. шчупаковых. Пашыраны ў прэсных водах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве звычайна ў прыбярэжнай зоне, у водных зарасніках, у непраточных ці слабапраточных водах. На Беларусі трапляецца паўсюдна.

Даўж. да 1,5 м, маса да 35 кг (звычайна да 1 м і 8 кг). Цела тарпедападобнае, галава вял., пашча шырокая. Афарбоўка зменлівая, залежыць ад асяроддзя: шэра-зеленаватая, шэра-жаўтаватая, шэра-бурая, спіна цямнейшая, бакі з буйнымі бурымі ці аліўкавымі плямамі, якія ўтвараюць папярочныя палосы. Няпарныя плаўнікі жаўтавата-шэрыя, бурыя з цёмнымі плямамі; парныя — аранжавыя. Корміцца пераважна рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.

Шчупак.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМА́Л,

паўвостраў на Пн Зах. Сібіры, паміж Байдарацкай і Обскай губамі Карскага м., у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 700 км, шыр. да 240 км, пл. 122 тыс. км². Паверхня раўнінная, выш. да 84 м. Складзены пераважна з пясчана-гліністых марскіх, на Пд — ледавіковых адкладаў. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Мноства азёр (Ярато, Ямбуто, Нейто і інш.), шматлікія формы крыягеннага рэльефу. На Пн — арктычная тундра, у цэнтр. раёнах — забалочаная мохава-лішайнікавая і хмызняковая расліннасць; на Пд — лістоўнічная лесатундра. Радовішчы газу. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. На беразе Обскай губы — пас. Новы Порт.

т. 18, кн. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАНТУ́Й (ад тат. літар. — свята плуга),

старажытнае веснавое земляробчае свята даісламскага паходжання ў татараў (казанскіх, сібірскіх і інш.) і башкіраў. Традыцыйна адзначаўся да пач. веснавой сяўбы вёскамі адной акругі пачаргова без дакладнай даты ў залежнасці ад прыродных умоў. Уключаў частаванне прыгатаванай на лузе ў катлах абрадавай кашай, наведванне могілак, спарт. спаборніцтвы (бег, скачкі вярхом, нац. барацьбу — керэш і інш.), дзіцячыя і юнацкія забавы. З 20 ст. праводзіцца паўсюдна пасля завяршэння палявых работ як нац. свята. У 1990-я г. адроджана святкаванне С. ў бел. татараў Акрамя татараў і башкіраў С. адзначаюць некат. групы народаў, якія жывуць па суседстве з імі, — марыйцаў, рускіх, удмуртаў, чувашоў.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)