ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр. ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка

(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).

Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»

(лац. index librorum prohibitorum),

афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.​Бруна, Т.​Гобса, Б.​Спінозы, Вальтэра, Р.​Дэкарта, І.​Канта, Г.​Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прывіле́я, ‑і, ж.

Выключнае права, якім карыстаецца хто‑н. у адрозненне ад іншых. Дэлегацкія прывілеі. Саслоўныя прывілеі. □ Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча. Колас. Зусь расказаў мне, што тады, калі ў Рагазіне арганізаваўся калгас, Леўка, каб мець прывілеі, прыкінуўся інвалідам. Сабаленка.

[Лац. privilegium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,

у беларусаў і інш. слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв. ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭН ((Wren) Крыстафер) (20.10.1632, Іст-Нойл, Вялікабрытанія — 25.2.1723),

англійскі вучоны і архітэктар; буйны прадстаўнік англ. класіцызму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (паміж 1649—53). З 1657 праф. астраноміі ў Лондане, з 1661 — у Оксфардзе. У 1668—1718 гал. захавальнік каралеўскіх будынкаў. У 1681—83 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Арх. творам Р. ўласцівы свабоднае выкарыстанне ордэрных элементаў і кампазіцыйная разнастайнасць, стройнасць прапорцый і парадная манументальнасць, вытанчанасць дэталей: 52 прыходскія цэрквы ў раёне Сіці (у т. л. Сент-Мэры-ле-Боу, 1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710), Грынвіцкі шпіталь (1696—1716, у сааўт.) у Лондане, б-ка Трыніты-каледжа ў г. Кембрыдж (1676—84).

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прэлю́дыя, ‑і, ж.

1. Уступ да музычнага твора. // перан. Тое, што гаворыцца, робіцца перад чым‑н. галоўным у якасці ўступу. У машыне Бурмакоў распытваў Паўла пра апошнія работы, пра Мінск, дзе акадэміку ніяк не выпадала пабываць. Павел адказваў, разумеючы, што гэта толькі прэлюдыя. Шыцік.

2. Самастойная музычная п’еса, галоўным чынам для фартэпіяна, якая не мае пэўнай формы.

[Ад лац. praelundere — іграць папярэдне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),

бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел. культ. т-ва імя Ф.​Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».

Тв.:

Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎФМАН ((Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка) (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),

швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.​І.​Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.​В.​Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.​Г.​Клопштака).

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́ВА (Ганна Васілеўна) (8.9.1911, в. Канаёўка Іванцееўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 9.9.1993),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыла Саратаўскае тэатр. вучылішча (1935). Працавала ў т-рах Расіі. З 1945 у Магілёўскім, у 1949—90 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарная, камед. актрыса. Сярод роляў: Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал» і «Верачка» А.​Макаёнка), Калеснікава («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Паўла, Шурка, Насця («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Кацярына і Купавіна («Навальніца» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Вара і Валя («Хлопец з нашага горада» і «Рускія людзі» К.​Сіманава), Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера) і інш.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)