МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нефрэктамі́я

(ад гр. nephros = нырка + ektome = выразанне)

аперацыйнае выдаленне ныркі пры зваротных або прагрэсіруючых паталагічных працэсах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НЫ́РКІ,

парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн. нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.

А.​С.​Леанцюк.

Нырка (падоўжны разрэз); 1 — коркавае рэчыва; 2 — сасочак; 3 — чашачка; 4 — лаханка; 5 — слуп; 6 — піраміда; 7 — нырачная артэрыя; 8 — мачаточнік.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нефро́з

(гр. nephros = нырка)

захворванне нырак у чалавека і жывёл, якое характарызуецца перараджэннем нырачнага эпітэлію, гал. ч. канальцаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паранефрацы́ты

(ад пара- + гр. nephros = нырка + -цыты)

асобыя выдзяляльныя клеткі, якія знаходзяцца ўздоўж бакоў цела дробных плоскіх чарвей групы уданелідаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

піянефро́з

(ад гр. pyon = гной + nephros = нырка)

гнойнае разбурэнне тканкі ныркі пры ўтварэнні ў ёй камянёў, туберкулёзным паражэнні і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гідранефро́з

(ад гідра- + гр. nephros = нырка)

захворванне нырак чалавека або жывёліны, якое характарызуецца расцяжэннем нырачных чашачак і лаханкі з наступным адміраннем тканак ныркі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нефры́т

(ад гр. nephros = нырка)

1) мед. запаленне нырак;

2) мінерал класа сілікатаў малочна-белага або зеленаватага колеру, які ідзе на выраб упрыгожанняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

блужда́ющий

1. прич. які́ (што) блука́е; які́ (што) блу́дзіць;

2. прил. блука́ючы;

блужда́ющий нерв анат. блука́ючы нерв;

блужда́ющая по́чка мед. блука́ючая ны́рка;

блужда́ющие звёзды блука́ючыя зо́ркі;

блужда́ющие то́ки блука́ючыя то́кі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

НЕФРАЛО́ГІЯ (ад грэч. nephros нырка + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае будову і функцыі нырак, прычыны ўзнікнення і механізмы развіцця іх захворванняў; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з агульнай тэрапіяй, кардыялогіяй, уралогіяй, эндакрыналогіяй. Асн. праблемы сучаснай Н.: вострая і хранічная гламерулярныя і тубулярныя працэсы (першасныя і другасныя гламеруланефрыты, інтэрстыцыяльныя нефрыты; вострая і хранічная нырачная недастатковасць, яе лячэнне метадамі гема- і перытанеальнага дыялізу і трансплантацыяй нырак; захворванні нырачнага трансплантата, сімптаматычныя артэрыяльныя гіпертэнзіі). Для дыягностыкі ў Н. выкарыстоўваюць біяхім., рэнтгеналагічныя, радыеізатопныя, марфал., ультрагукавыя і інш. метады даследавання. У самаст. раздзел медыцыны Н. вылучана ў 1950-х.г.

На Беларусі праблемамі Н. займаюцца ў рэсп. нефралагічным цэнтры (4-я бальніца Мінска, Бел. НДІ кардыялогіі), мінскім гар. і абл. нефралагічных цэнтрах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. Вывучаюцца пытанні дыягностыкі і лячэння гламеруланефрытаў, хранічных захворванняў нырак у дзяцей, вострай нырачнай недастатковасці і інш. Вядучыя вучоныя ў галіне Н.: І.І.Канус, В.С.Пілатовіч, А.В.Сукала, А.С.Чыж і інш. Працуюць 18 аддзяленняў Н., 19 аддзяленняў (лабараторый) гемадыялізу, аддзяленне перасадкі ныркі, кабінеты і кансультатыўныя нефралагічныя прыёмы.

Літ.:

Нефрология в терапевтической практике. Мн., 1988;

Стецюк Е.А., Лебедев С.В. Классический гемодиализ. М., 1997;

Пилотович В.С., Соклаков В.И. Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)