Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНАЯ НЫ́РКА, мезанефрас,
парны орган выдзялення ў пазваночных. Складаецца са шматлікіх канальцаў (адзін канец кожнага мае выраст — мальпігіева цельца, другім канцом каналец адкрываецца ў першаснанырачны або вольфаў канал). У кругларотых, рыб і земнаводных П.н. функцыянуе на працягу жыцця, у вышэйшых пазваночных — толькі на ранніх стадыях зародкавага развіцця, потым замяняецца метанефрасам (другаснай ныркай). Гл. таксама Выдзяляльная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРАСКЛЕРО́З (ад грэч. nephros нырка + склероз),
хвароба нырак, пры якой парэнхіма ныркі замяшчаецца злучальнай тканкай, што вядзе да зацвярдзення і зморшчвання ныркі і парушэння яе функцый. Узнікае ад атэрасклерозу дробных артэрый (артэрыёл). пры цяжкіх формах гіпертанічнай хваробы (першасна зморшчаная нырка), ад хранічнага нефрыту і піеланефрыту і інш. хвароб (другасна зморшчаная нырка). Прыкметы: нізкая ўдз.в. мачы, выдаленне з мачой бялку, крыві, урэмія; у цяжкіх выпадках — нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт., у цяжкіх выпадках хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРО́Н (ад грэч. nephros нырка),
асноўная структурна-функцыянальная адзінка нырак пазваночных жывёл і чалавека. Сукупнасць Н. (у чалавека іх каля 2 млн.) забяспечвае мочаўтварэнне і інш. функцыі нырак. Адрозніваюць бесклубочкавыя, якія маюць клеткі аднаго тыпу (у некат. рыб), і клубочкавыя (у інш. пазваночных), што маюць спец. клеткі для асн. працэсаў мочаўтварэння — фільтрацыі, рэабсорбцыі і сакрэцыі. Клубочкавы Н. уключае ныркавае цельца, сістэму паслядоўных канальцаў, зборныя ныркавыя трубачкі, сістэму вывадных праток і лаханку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),
інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя),
самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя, пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш.сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,
сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.