археалагічная культура паляўнічых на маржоў, цюленяў і карыбу, якая існавала ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. на мысе Хоп (Аляска). У 1939—41 адкрыта і даследавана больш за 700 драўляных чатырохвугольных паўпадземных жытлаў з агнішчамі. Выяўлена 138 пахаванняў, некаторыя ў драўляных трунах з багатым інвентаром і загадкавымі скульптурамі, якія, магчыма, звязаны з шаманізмам. Знойдзены аббітыя каменныя прылады, вырабы з косці, іклаў і рогу (наканечнікі стрэл, коп’яў, астрогі, іголкі і інш.), скульптурныя выявы жывёл, фантастычныя фігуркі з маржовых іклаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,
паселішча 2200—1400 да н.э.сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.М.Палікарповіча (1928) і І.І.Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,
могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.Р.Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал.наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРМЕАМЕ́ТР (ад лац. permeo пранікаю + ...метр),
прылада для вымярэння магн. характарыстык ферамагнетыкаў. Даследаваны ўзор замыкае магнітаправод П., на ім размешчаны абмотка для вызначэння магнітнай індукцыі і дадатковая шпуля для вызначэння напружанасці намагнічвальнага поля. На аснове атрыманых даных будуюцца крывыя намагнічвання (ці петлі гістэрэзіса), па якіх вызначаюцца інш.магн. характарыстыкі. П. выкарыстоўваюцца ў лабараторнай практыцы.
Схема пермеаметра: 1 — ярмо; 2 — рухомыя полюсныя наканечнікі; 3 — намагнічвальныя шпулі; 4 — абмотка для вымярэння магнітнай індукцыі; 5 — даследаваны ўзор; 6 — магнітны патэнцыяламетр для вымярэння напружанасці намагнічвальнага поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),
археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр.Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,
могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.
Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Камень Пінскага р-на Брэсцкай вобл. На 2 стаянках выяўлены рэшткі наземных жытлаў, агнішчаў, абкладзеных камянямі, пахаванне. Знойдзена вял. колькасць апрацаваных крамянёў, у т. л. прылад працы (скрэблы, разцы, вастрыі, адбойнікі, сякеры і інш.), вырабаў з косці і рогу (сякеры, цёслы, долаты, рыбалоўныя кручкі, клінкі, наканечнікі, падвескі і інш.), каменныя шліфавальныя пліткі і цёрачнікі, некалькі вырабаў з медзі і бронзы, шмат абломкаў арнаментаваных ляпных гліняных пасудзін нёманскай культуры, шнуравой керамікі культуры і тшцінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАЁ (Cortaillod),
паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РАЎСКАЯ СО́ПКА,
гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.