МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.І.Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́А,
археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.
І.М.Язэпепка.
т. 11, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНО́Е,
паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.
т. 1, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНІ́Ф-КЭ́ЙВ (Kenniff Cave),
пячора ў Квінслендзе (Аўстралія); адзін з найстараж. помнікаў дзейнасці чалавека на кантыненце — датуецца 14—13-м тыс. да н.э. Знойдзена шмат скрабкоў на ядрышчах і адшчэпах, невял. пласціны, мікраліты, пласціны з прытупленым краем, наканечнікі.
т. 8, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІНЯ́ТЫ,
курганны могільнік 10—12 ст. каля в. Маркіняты Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены рэшткі пахаванняў на грунце і ў гаршках, а таксама сякеры, ромбападобныя і ланцэтападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, шпоры, спражкі, бронзавыя ўпрыгожанні, дэталі конскай збруі. М. адносіцца да культуры ўсх.-літ. курганоў.
А.Г.Калечыц.
т. 10, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖЖА,
комплекс паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Падлужжа Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, верхнедняпроўскай культуры (5—3-е тыс. да н.э.) і сосніцкай культуры (1,5—1-е тыс. да н.э). Знойдзены наканечнікі коп’яў, разцы, ножападобныя пласціны, скрэблы, нуклеусы, адшчэпы, фрагменты ляпнога посуду і інш.
т. 11, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙШКУНЫ́,
курганны могільнік балтаў 9—11 ст. на ПнУ ад в. Вайшкуны Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. 9 курганоў у 1975 даследаваў Я.Г.Звяруга. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце ці ў насыпе. Выяўлены рэшткі вогнішчаў. Сярод знаходак жал. сякеры, наканечнікі кап’я, шыла, шпількі, бронзавыя званочкі, фрагменты шыйных грыўняў, бранзалетаў, гліняныя прасліцы, кераміка.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.), неаліту (5—3-е тыс. да н.э.) і могільнік эпохі сярэдняй бронзы (16—12 ст. да н.э.) каля в. Прылукі Брэсцкага р-на. Выявіў і даследаваў у 1898 М.Ф.Беляшэўскі. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, пілка, нажы, вастрыі, абломкі посуду эпохі неаліту, гаршкі тшцінецкай культуры.
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)