ІПІЎТА́К,

археалагічная культура паляўнічых на маржоў, цюленяў і карыбу, якая існавала ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. на мысе Хоп (Аляска). У 1939—41 адкрыта і даследавана больш за 700 драўляных чатырохвугольных паўпадземных жытлаў з агнішчамі. Выяўлена 138 пахаванняў, некаторыя ў драўляных трунах з багатым інвентаром і загадкавымі скульптурамі, якія, магчыма, звязаны з шаманізмам. Знойдзены аббітыя каменныя прылады, вырабы з косці, іклаў і рогу (наканечнікі стрэл, коп’яў, астрогі, іголкі і інш.), скульптурныя выявы жывёл, фантастычныя фігуркі з маржовых іклаў.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)