ПУ́ЛЬПА (ад лац. pulpa мякаць) у тэхніцы, сумесь завіслых цвёрдых часцінак і вадкасці, падрыхтаваная для выкарыстання ў тэхнал. працэсе. Пры абагачэнні карысных выкапняў П. наз. сумесь іх з вадой; у гідраметалургіі і хіміі — сумесь матэрыялаў, што апрацоўваюцца, з вадой ці спец. хім. рэагентамі; у буд-ве і горнай справе — сумесь вады і грунту ці горнай пароды. П., атрыманую шляхам размывання грунту гідраманіторам ці ў спец. змяшальніках, выкарыстоўваюць пры тушэнні пажараў.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мя́ккасць, тураў. мʼякосць ’уласцівасць мяккага’, ’мякаць’, ’вялікая мяккасць’ (ТСБМ, ТС). Укр. мʼякість, рус. мягкость, польск. miękkość, н.-луж. měkosć, в.-луж. mjechkość, чэш. měkkost, славац. mäkkosť, ст.-славен. mehkust, серб.-харв. ме̏кост, балг. мѐкост. Прасл. mękostь. Да мя́ккі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маслёнка ’пярэсна еўрапейская, Trollāus europaeus L.’ (гродз., Кіс.), маслёнкі, маслячкі, масля́начкі ’кветкі лотаці, Caltha palustris’ (смарг., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), масьлянка ’кураслеп лясны, Anemone silvestris L.’ (Бел. зельн.). Да масла, масляк (гл.). Названы паводле жоўтага колеру кветак, такога, як мякаць маслякоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕРГАМО́ТНАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Сапяжанка і Дуля остзейская. На Беларусі пашырана ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона акруглая, густая. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 6—7-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—120 г), шарападобныя, злёгку сплясканыя. Скурка светла-жоўтая з малінавым румянцам. Мякаць белая, рыхлая, сакаўная, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Сорт грушы Бергамотная.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЕВЫ ГРЫБ, плютэй аленевы (Pluteus cervinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду плютэй сям. мухаморавых. Пашыраны па ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, у тундры — ласунак аленяў (адсюль назва). На Беларусі трапляецца ўсюды; расце на пнях і ламаччы розных дрэвавых парод.

Шапка дыям. 3—10 см, у маладых грыбоў званочкавая, потым распасцёртая. Мякаць белая, мяккая, з непрыемным пахам рэдзькі. Пласцінкі шырокія, частыя, белыя, потым ружаватыя ад спораў. Ядомы ў свежым, марынаваным, салёным выглядзе.

Аленевы грыб.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛГА́СНІЦА,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзена скрыжаваннем сартоў Вінеўка і Дэканка зімовая. На Беларусі рэкамендавана для прысядзібнага садаводства, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да паршы, ураджайны. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), шырокагрушападобныя ці круглаватыя, зеленавата-жоўтыя. Мякаць белая, шчыльная, сакаўная, паўмасляністая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне верасня. Захоўваецца каля месяца.

М.​Р.​Мялік.

Калгасніца.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДУЛЯРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Nidulariales),

парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. 3 роды, 85 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаны гняздоўка запоўненая (Nidularia farcta), кілішак гнаявы (Cyathus stercoreus), кілішак Ола (C. olla), кілішак паласаты (C. striatus), кубачак гладкі (Crucibulum laeve). Трапляюцца на гнілой драўніне, ламаччы ў лясах і садах.

Пладовыя целы кубка-, лейка- або гнёздападобныя, знаходзяцца спачатку ў плевачнай абалонцы. Мякаць у выглядзе асобных цельцаў, якія ляжаць свабодна ў слізі ці прымацаваныя да абалонкі. Споры эліпса- або шарападобныя.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,

насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.

У.​П.​Пярэднеў.

Мускатны арэх.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛАТУ́ХА, павуціннік бранзалетавы (Cortinarius armillatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у вільготных лясах, на ўскрайках вярховых балот.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 4—15 см, чырванавата-бурая або чырванавата-карычневая, спачатку шыроказваночкавая, потым распасцёртая, валакніста-лускаватая. Пласцінкі прырослыя, шырокія. Мякаць жаўтавата-бурая з мяккім смакам. Ножка выш. да 12 см, булавападобная, каштанава-бураватая, з цагельна-чырв. пукатымі кольцамі. Споры эліпсоідныя, іржава-жоўтыя. Ядомы.

Прыбалатуха.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)