магнітастры́кцыя

(ад магніта- + лац. strictio = нацягванне)

змяненне формы або памераў цел (з нікелю, нікелевага ферыту і інш.) пры іх намагнічванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

магнітатэлуры́чны

(ад магніта- + лац. tellus, -luris = Зямля);

м-ае зандзіраванне — метад разведачнай геафізікі, які прымяняецца для вывучэння будовы зямной кары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,

фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл. Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магнітао́птыка

(ад магніта- + оптыка)

раздзел оптыкі, які вывучае ўплыў магнітнага поля на выпрамяненне, пашырэнне і паглынанне святла ў целах, што змешчаны ў гэтым полі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

по́люс, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Адзін з двух пунктаў перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй, а таксама мясцовасць вакол гэтых пунктаў.

Паўночны п.

2. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга або магніта (спец.).

Дадатны, адмоўны п.

3. перан. Што-н. зусім супрацьлеглае чаму-н. іншаму (кніжн.).

Гэтыя характары — два полюсы.

Полюсы свету (спец.) — пункты перасячэння нябеснай сферы т.зв. воссю свету, вакол якой адбываецца сутачнае вярчэнне гэтай сферы.

Паўночны і Паўднёвы полюсы свету.

Полюсы холаду (спец.) — вобласці найбольш нізкіх зімовых тэмператур на зямной паверхні.

Магнітныя полюсы Зямлі (спец.) — пункты на зямной паверхні, у якіх магнітная стрэлка з гарызантальнай воссю вярчэння прымае вертыкальнае становішча.

|| прым. по́люсны, -ая, -ае (да 2 знач.).

П. ток.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Наблізіцца да чаго‑н. сілаю прыцяжэння, магнетызму. Цвік прыцягнуўся да магніта.

2. Разм. Рухаючыся з цяжкасцю, павольна, прыйсці куды‑н. [Шкірман] трапіў пад Уманню ў акружэнне, але, пераапрануўшыся ў цывільнае, у лагер не трапіў, прыцягнуўся дадому. Навуменка. // Разм. неадабр. Заявіцца куды‑н. без запрашэння, самавольна. — От валацугі, пярун бы іх пабіў! Чаго яны сюды прыцягнуліся, — кляла Міроніха, уваходзячы ў хату. Гурскі. — Нюрка, ухажор прыйшоў! — Нюрка.. высунула галаву з-за печы. — Ну, чаго прыцягнуўся? — запыталася яна, але ў яе голасе не чулася злосці. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),

прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т. л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.

Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.

Літ.:

Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;

Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.

Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.

М.​А.​Мяльгуй.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магнеты́зм

(ад гр. magnetes = магнетычны)

1) здольнасць магніта, а таксама правадніка з электрычным токам прыцягваць да сябе або адштурхоўваць некаторыя целы;

2) вучэнне аб магнітных з’явах і магнітных уласцівасцях цел.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

по́люс, ‑а, м.

1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.

2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.

3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.

•••

Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)