Во́ка 1, мн. л. во́чы (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Яруш., Грыг.). Рус. о́ко, мн. л. о́чи, укр. о́ко, ст.-рус. око, ст.-слав. око, род. скл. очесе, пар. л. очи, польск., чэш., славац. oko, балг. око́, пар. л. очи́, серб.-харв. о̏ко, о̏чи, славен. око̑, род. скл. očȇsa, пар. л. оčȋ, в.-луж. woko, н.-луж. hoko. Прасл. oko, аснова на ‑es у адз. і мн. л., на i‑ ў пар. л. Роднаснымі з’яўляюцца літ. akìs ’вока’, лат. acs, ст.-прус. ackis, грэч. ὄσσε н. р. пар. л. (з *oqi̯e), ст.-інд. akṣī ’тс’, арм. akn, род. скл. akan ’вока, дзірка’, лац. oculus ’вока’, гоц. augȏ, тахар. A ak, тахар. B ek ’вока’, грэч. ὄψομαι ’убачу’, ὄμμα ’вока’ (Траўтман, 4 і наст.; Праабражэнскі, 1, 642 і наст.; Фасмер, 3, 128, Махэк₂, 411). Сюды ж этымалагічна належаць і во́ка ’ляток у калодачным вуллі’ (З нар. сл.); ’прасвет, адтуліна паміж спляценнем нітак у сетцы’ (З нар. сл.); ’лаз у склеп’ (Шатал.). Параўн. чэш. oka ’адтуліна паміж спляценнем нітак у сетцы’, польск. oka ’тс’, а таксама значэнні рус. глазок ’вочкі (сеткі)’; ’ляток’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршо́к 1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к 2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к 3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок 1 (гл.).

Вяршо́к 4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к 5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к 6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня 2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня 3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)