марка аўтобусаў. Выпускаюцца Львоўскім аўтобусным з-дам (Украіна) з 1957. Вырабляюцца гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія і турыстычныя аўтобусы з дызельнымі рухавікамі Мінскага маторнага з-да (з 1995), а таксама тралейбусы (з 1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «АЎТАГІДРАЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК».
Пабудаваны ў 1967—71 у г. Барысаў як з-д гідрапомпаў і гідраўзмацняльнікаў рулёў. З 1971 з-д «Аўтагідраўзмацняльнік». Выпускае 37 найменняў гідравузлоў. Асн. прадукцыя (1995): механізмы рулявога кіравання грузавых аўтамабіляў КамАЗ, МАЗ, КрАЗ, Урал АЗ, ПАЗ, ЛАЗ, ЛІАЗ, ГАЗ, гідрацыліндры і помпы механізмаў перакульвання кабін аўтамабіляў МАЗ, гідраразмеркавальнікі для дарожных машын і інш. Выпускае таксама адбойныя малаткі, запасныя часткі для аўтамабіляў, аўтапрылады, прыстасаванні і інструмент, у т. л. бытавы. Пры з-дзе палітэхнікум, ПТУ металістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЧ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.
І.М.Браім.
Буч аднагорлавы. Пінскі краязнаўчы музей.Буч двухгорлавы. Вёска Пескі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́НІН (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 13.3.1937, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960), вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Аповесць пра Стары Пасёлак» (1974), «Галасы» (1982), «Рака з хуткім цячэннем» (1983), аповесці «Дзе сыходзілася неба з узгоркамі» (1984) і інш. пошукі асэнсаванага быцця, драматызм бескампраміснасці, псіхалогія няцэльнай асобы. Аўтар раманаў «Прамая лінія» (1967), «Партрэт і вакол» (1978), «Андэграўнд, ці Герой нашага часу» (1998), аповесцей «Адзін і адна» (1987), «Стол накрыты сукном і з графінам пасярэдзіне» (1993), «Каўказскі вязень» (1995) і інш. У творах спалучэнне рэалізму і мадэрнізму, унутр. маналогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬслова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.