КАЎКА́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1817—64,

баявыя дзеянні войск Рас. імперыі па заваяванні і каланізацыі тэр. Паўн. Каўказа, населенай адыгамі, кабардзінцамі, чэркесамі, чэчэнцамі і інш. горскімі народамі. Расія імкнулася таксама зрабіць бяспечнымі шляхі зносін з далучаным да яе ў 1-й трэці 19 ст. Закаўказзем, спыніць набегі паўн.-каўказскіх горцаў.

Рас. рэгулярнымі войскамі (прыбл. ад 50 тыс. чал. у 1819 да 200 тыс. у 1856) і прыдадзеным ім (да 1860) Чарнаморскім казацкім войскам (каля 40 тыс. чал.) камандавалі генералы А.​П.​Ярмолаў (1816—27), І.Ф.Паскевіч (1827—31), Р.​У.​Розен (1831—38), Я.​А.​Галавін (1838—42), А.​І.​Нейгарт (1842—44), М.​С.​Варанцоў (1844—54, гл. Варанцовы), М.​М.​Мураўёў (1854—56), А.​І.​Барацінскі (1856—60), М.​І.​Еўдакімаў (1862—64). Найб. актыўна вялася з канца 1820-х г., калі ў Чэчні і Дагестане склаўся імамат на чале з правіцелем — імамам. Імам Газі-Магамед (са снеж. 1828) абвясціў свяшчэнную вайну супраць іншаверцаў (г. зн. рускіх). Пасля яго гібелі ў кастр. 1832 у час штурму рас. часцямі аула Гімры супраціўленнем горцаў (да 20 тыс. узбр. воінаў-мюрыдаў у 1843) кіравалі імамы Гамзат-бек (1832—34) і Шаміль (1834—59). Лепш узброеныя і колькасна большыя рас. войскі Каўказскага корпуса (з 1854 арміі), абапіраючыся на створаную імі сістэму крэпасцей захапілі рэзідэнцыі Шаміля аулы Ахульга (1839) і Ведзено (1859). Горцы вялі партыз. вайну, блакіравалі рас. атрады, раптоўна нападалі на ўмацаванні і гарады. У час Крымскай вайны 1853—56 рас. войскі адбілі спробы чэркесаў на чале з намеснікам Шаміля па Зах. Каўказе (з 1848) Мухамед-Эмінам захапіць Чарнаморскую і Лабінскую ўмацаваныя лініі (ліст. 1853) і спробу Шаміля прарвацца праз Грузію на злучэнне з тур. войскамі (жн. 1854). 6.9.1859 рас. вайскоўцы захапілі аул Гуніб у Дагестане і ўзялі у палон Шаміля, 2 снеж. капітулявалі асн. сілы чэркесаў на чале з Мухамед-Эмінам. У 1860—64 баявыя дзеянні адбываліся ў гарах Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. 2.6.1864 рас. войскі захапілі апошнюю базу чэркесаў ва ўрочышчы Кбаада (цяпер Красная Паляна каля г. Сочы).

Літ.:

Из истории русско-кавказской войны: Док. и материалы. Нальчик, 1991;

Дегоев В.В. Кавказский вопрос в международных отношениях 30—60-гг. XIX в. Владикавказ, 1992;

Блиев М.М., Дегоев В.В. Кавказская война. М., 1994;

Алюнін С. Сацыяльная база Каўказскай вайны (XIX ст.) // Бел. гіст. часоп. 1997. № 2.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАВЫ,

дзекабрысты-афіцэры, браты.

Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.​Ф.​Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.​Ф.​Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.

Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл. Паўн. т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.​Ф.​Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).

Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.​А.​Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.

Літ.:

Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;

Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст. М., 1954.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ ЕЎРО́ПЫ У Еўропе жыве каля 725 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). Больш за 90% насельніцтва належыць да еўрапеоіднай расы, якая падзяляецца на паўн. і паўд. адгалінаванні. У выніку шматвяковых расавых змяшанняў больш за палавіну насельніцтва адносіцца да пераходных форм паміж паўн. і паўд. еўрапеоідамі. Есць насельніцтва, якое належыць да мангалоіднай расы (калмыкі, групы эмігрантаў з краін Усх. Азіі і інш.) і да негроіднай расы (эмігранты з краін Афрыкі і інш.). Частку насельніцтва складаюць мяшаныя еўрапеоідна-мангалоідныя групы (башкіры, казахі, групы жыхароў Паўн. Каўказа і інш.),

мяшаныя еўрапеоідна-негроідныя групы (мулаты-эмігранты з Вест-Індыі і інш.).

Еўропу насяляюць прадстаўнікі больш як 200 народаў. Прыкладна для 100 народаў Еўропа з’яўляецца асн. месцам пражывання. 65 народаў налічваюць больш за 500 тыс. чал. кожны, іх агульная колькасць 716,4 млн. чал. (98,8% усяго насельніцтва кантынента), з іх 4 народы — больш за 50 млн. (рускія — 120, немцы — 75, італьянцы — 57, французы — 56,8) і 23 народы — больш за 5 млн. (англічане — 48,5, палякі — 42,5, украінцы — 41,6, іспанцы — 39, румыны —21,2, венгры — 13, галандцы — 12,3, партугальцы — 10,8, грэкі — 10,1, беларусы — 9,8, шведы — 8,8, чэхі — 8,5, сербы — 8,4, балгары — 8,2, каталонцы — 7,8, аўстрыйцы — 7,7, фламандцы — 7,1, ірландцы —6, датчане — 5,9, шатландцы — 5,2, славакі — 5,1, фіны — 5, албанцы — 5) чал. Нац. кансалідацыя Еўропы пачалася раней, чым на інш. кантынентах. Да канца 19 ст. многія народы склаліся ў нацыі. Ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе гэты працэс закончыўся пасля 1-й сусв. вайны. У канцы 20 ст. больш чым у ​2/3 краін Еўропы (Германія, Партугалія, Італія, Польшча, Данія, Ісландыя, Ірландыя, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Літва, Славенія, Харватыя, Албанія і інш.) асн. народ складае каля 90% і больш. На Беларусі беларусы складаюць 81,2% насельніцтва, жывуць таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі і інш. У шэрагу краін жывуць вял. групы нац. меншасцей (Францыя, Румынія, Балгарыя, Украіна, Латвія, Эстонія, Югаславія), а некаторыя (Расія, Бельгія, Швейцарыя, Іспанія, Вялікабрытанія) з’яўляюцца шматнацыянальнымі краінамі. У еўрап. ч. Расіі акрамя рускіх жывуць народы Паволжа, Паўн. Каўказа, украінцы, беларусы, башкіры, карэлы, комі, выхадцы з Закаўказзя і Сярэдняй Азіі і інш., у Бельгіі — фламандцы і валоны, у Швейцарыі — германа-, франка- і італашвейцарцы і рэтараманцы, у Іспаніі — іспанцы, каталонцы, галісійцы, баскі і інш., у Вялікабрытаніі — англічане, шатландцы, уэльсцы, ольстэрцы, ірландцы, вял. групы эмігрантаў з б. калоній і інш. У 2-й пал. 20 ст. ў краінах Зах. Еўропы з’явіліся значныя групы выхадцаў з Паўн. і Экватарыяльнай Афрыкі, Б. Усходу, Лац. Амерыкі і Вест-Індыі. Каля 95% насельніцтва Еўропы гавораць на індаеўрапейскіх мовах (славянскай, германскай, раманскай, кельцкай, балтыйскай і інш. груп). На славянскіх мовах гавораць больш за 255 млн. чал. (рускія, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, балгары, сербы, славакі, харваты, баснійцы, славенцы, македонцы, чарнагорцы, лужычане), на германскіх мовах — больш за 190 млн. (немцы, англічане, галандцы, шведы, аўстрыйцы, фламандцы, датчане, шатландцы, нарвежцы, германа-швейцарцы, эльзасцы, ольстэрцы, фрызы і інш.), на раманскіх мовах — каля 210 млн. (італьянцы, французы, іспанцы, румыны, партугальцы, каталонцы, валоны, малдаване, галісійцы, сардзінцы, франка-швейцарцы, фрыулы, карсіканцы і інш.). Народы кельцкай групы (каля 9,6 млн. чал.), даўней пашыраныя ў Цэнтр. і Зах. Еўропе, жывуць цяпер толькі на Брытанскіх а-вах (ірландцы, уэльсцы і гэлы) і на З Францыі (брэтонцы), б. ч. гэтых народаў перайшла на англ. і франц. мовы. На мовах балтыйскай групы гавораць літоўцы (3,2 млн.) і латышы (1,3 млн.). Да самаст. груп індаеўрапейскай сям’і належаць грэкі, албанцы, цыганы, армяне, курды, асеціны, выхадцы з Індыі і Пакістана. На фіна-угорскіх мовах гавораць больш за 22 млн. чал. (венгры, фіны, эстонцы, мардва, марыйцы, удмурты, комі і комі-пермякі, карэлы, саамы і інш.), на мовах семіцкай групы (з сям’і семітахаміцкіх моў) —2,5 млн. (арабы, выхадцы пераважна з Паўн. Афрыкі), на цюркскіх мовах — каля 9 млн. (туркі, татары, чувашы, башкіры, нагайцы, кумыкі, гагаузы і інш.). На Паўн. Каўказе каля 3 млн. чал. прыпадае на народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах (аварцы, лезгіны, даргінцы, лакцы, чэчэнцы, інгушы, кабардзінцы, адыгейцы, чэркесы і інш.). На ПнУ Еўропы жывуць ненцы (каля 7 тыс. чал.) — прадстаўнікі самадзійскай моўнай групы. Ізаляваная ў сістэме моўнай класіфікацыі мова баскаў (1,3 млн. чал.). У розных краінах Еўропы (найб. у Расіі, Украіне, Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі) — каля 2 млн. яўрэяў, якія гавораць на мовах насельніцтва, сярод якога жывуць, і на мове ідыш, што ўваходзіць у германскую групу. Еўропа — радзіма 2 асн. адгалінаванняў хрысціянства — правасл. і каталіцкай цэркваў, шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і рэліг. плыняў, якія вылучыліся з хрысціянства ў перыяд Рэфармацыі (16—17 ст.). У краінах Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы (Расія, Украіна, Беларусь, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Югаславія, Македонія) большасць вернікаў праваслаўныя. Каталіцызм пераважае ў краінах Паўд.-Зах. (Італія, Іспанія, Партугалія, Мальта) і некаторых краінах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы (Ірландыя, Францыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя); у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі католікі складаюць палавіну насельніцтва, астатнія — пратэстанты. Пратэстантаў найбольш у краінах Паўн. Еўропы (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ісландыя), а таксама ў Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі. Іслам вызнаюць у Албаніі і еўрап. ч. Турцыі. Значныя групы мусульман ёсць у Расіі (Паволжа, Паўн. Каўказ і Урал), Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, многіх краінах Зах. Еўропы (нядаўнія эмігранты). У Еўропе жывуць таксама будысты (калмыкі і эмігранты з Паўд. і Усх. Азіі), групы індуістаў, канфуцыянцаў, сінтаістаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ А́ЗІІ У Азіі жыве каля 3630 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). У антрапал. і моўных адносінах гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў зямнога шара. Людзі засялілі асн. раёны Пярэдняй, Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі на ранніх этапах гісторыі чалавецтва. У Паўд.-Зах. Азіі, магчыма, адбывалася фарміраванне чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens). У перыяд верхняга палеаліту людзі рассяліліся на большай ч. Азіі. Праз яе тэрыторыю яны праніклі ў Амерыку, Аўстралію, Акіянію. Найстараж. цывілізацыі ўзніклі ў Месапатаміі, далінах Інда і Хуанхэ. У Азіі ёсць прадстаўнікі ўсіх 3 вял. рас. Да мангалоіднай расы належыць амаль усё насельніцтва Усх., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі, невял. групы насельніцтва Паўн., Паўд. і Пярэдняй Азіі. Яны падзяляюцца на 2 асн. групы — усходнюю (каля 1270 млн.) і паўднёвую (каля 1100 млн.). Да еўрапеоіднай расы (каля 980 млн.) адносяцца розныя тыпы яе паўд. адгалінавання (пярэднеазіяцкі, або арменоідны, індаафганскі і інш.),

народы Паўн. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Індыі. Прадстаўнікі аўстралоіднай расы (каля 10 млн.) жывуць у горных раёнах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У зоне стараж. кантактаў паміж еўрапеоідамі і аўстралоідамі ўтварыўся паўд.-індыйскі расавы тып (каля 280 млн.).

Азію насяляе больш за 1 тыс. народаў, якія знаходзяцца на розных ступенях этн. развіцця. 122 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, іх агульная колькасць 3325 млн. чал., або 92% усяго насельніцтва Азіі, з іх 5 народаў налічваюць больш за 100 млн. чал. (кітайцы 1120, хіндустанцы -244, бенгальцы 190, японцы 124, панджабцы 100) і 38 народаў — больш за 10 млн. чал. [біхарцы 97,6, тамілы 91,1, яванцы 89, тэлугу 75, тай 70, карэйцы 69,7, маратхі 66,5, в’етнамцы 61,5, туркі 50, гуджаратцы 47, малаялі 35, каннара 35, м’янма 33,3, орыя 33,3, афганцы 30,5, бісая 26,8, персы (іранцы) 25,5, рускія 25, сунды 24,5, малайцы 21, курды 18, лао 18, узбекі 18, раджастханцы 17,4, азербайджанцы 17, сіндхі 16,7, чжуан 16, асамцы 15,8, йеменцы 15, іракцы 14,5, тагалы 13,4, непальцы 13,3, сінгалы 12,7, мадурцы 10,8, саудаўцы 10,3, сірыйцы 10,1, кхмеры 10, маньчжуры 10). Краіны Азіі пераважна шматнацыянальныя. Аднародныя ў нац. адносінах Японія, Бангладэш, Карэя, Арменія, Манголія і большасць араб. краін. Народы, якія гавораць на кітайска-тыбецкіх, тайскіх, в’етнамскай, мяо-яоскіх, мон-кхмерскіх, мунда і дравідыйскіх мовах, жывуць толькі ў Азіі. Вялікія групы народаў гавораць на індаеўрапейскіх, семіцкіх, алтайскіх і інданезійскіх мовах. Ізаляванае становішча ў сістэме моўнай класіфікацыі займаюць японцы і карэйцы (зрэдку адносяць да алтайскай макрасям’і), айны, андаманцы, бурышы, кеты, ніўхі, юкагіры. Азіяцкія народы, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, адносяць да індыйскай (індаарыйскай), іранскай і інш. моўных груп. Народы інд. групы (каля 920 млн. чал.) — хіндустанцы, бенгальцы, маратхі, біхарцы, панджабцы, гуджаратцы, орыя, раджастханцы, сінгалы, сіндхі, асамцы, непальцы, кашмірцы і інш. — жывуць пераважна ў паўн. і цэнтр. ч. Індастана; народы іранскай групы (каля 95 млн.) — персы, таджыкі, гілянцы, луры, афганцы, курды, белуджы, хазарэйцы, асеціны і інш. — насяляюць большую ч. Ірана, і Афганістана, шэраг раёнаў у Турцыі, Пакістане, на Каўказе.

3 індаеўрап. моўнай сям’і ў Азіі жывуць рускія — прадстаўнікі ўсх.-слав. падгрупы (Урал, Сібір, Д. Усход, Паўн. Казахстан і інш.); разам з імі ў меншай колькасці — украінцы і беларусы. Да індаеўрап. моўнай сям’і належаць таксама грэкі (Кіпр), армяне (Арменія), немцы (Зах. Сібір, Паўн. Казахстан). У семіцкую групу (гавораць на афраазійскіх, або семіта-хаміцкіх мовах; каля 75 млн.) уваходзяць арабы, асірыйцы і яўрэі Ізраіля. На алтайскіх мовах гавораць народы: цюркамоўныя (120 млн.) — туркі, азербайджанцы, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, каракалпакі, татары, башкіры, тувінцы, хакасы, якуты, уйгуры, цюркскія плямёны Ірана і інш. — жывуць на большай ч. Турцыі, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, на Урале і ў Сібіры, у паўн. ч. Ірана і Афганістана; манголамоўныя (каля 10 млн.) — манголы Манголіі і Кітая, бураты; тунгуса-маньчжурскія (каля 11 млн., у т. л. 10 млн. уласна маньчжуры, якія гавораць пераважна на кіт. мове) — у Паўн.-Усх. Кітаі, а таксама ў Сібіры і на Д. Усходзе Расіі (эвенкі, эвены, нанайцы, ульчы і інш). З гэтымі народамі некат. даследчыкі збліжаюць карэйцаў і японцаў (генет. сувязі моў не высветлены).

Кітайская і тыбета-бірманская групы складаюць кітайска-тыбецкую сям’ю народаў (гл. Кітайска-тыбецкія мовы). У першую (1130 млн.) уваходзяць кітайцы і хуэй, жывуць пераважна на У Кітая, у другую (каля 75 млн.) — тыбетцы, м’янма (бірманцы), іцзу, карэны, розныя гімалайскія народы і інш., жывуць на ПдЗ Кітая, у Непале, на ПнУ Індыі, у М’янме. У Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі вылучаюць сям’ю аўстраазіяцкіх моў (каля 150 млн.), якая падзяляецца на 8 моўных груп. Найбольшыя народы — в’етнамцы, кхмеры, санталы, мунда, мяо. Там жывуць і народы паратайскай сям’і (каля 130 млн.) — тай (сіямцы), лао, чжуан, шан, буі і інш. Народы сям’і дравідыйскіх моў (каля 340 млн.) насяляюць Паўд. Індыю, найб. з іх тамілы, малаялі, каннара, тэлугу, гонды.

Астравы Паўд.-Усх. Азіі (Малайскі архіпелаг і Філіпінскія) і п-аў Малаку насяляюць народы інданезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў, гавораць на інданез. мовах (каля 300 млн. — яванцы, сунды, мадурцы, балійцы, бугі, макасары, бісая, тагалы, ілокі, мінангкабау, батакі, бікол, балійцы, малайцы Малайзіі і Інданезіі, банджары і інш.). На ПнЗ Азіі, у сярэдняй ч. бас. р. Об жывуць ханты і мансі — прадстаўнікі угорскай групы угра-фінскай моўнай сям’і. На Пн ад іх жывуць ненцы, нганасаны, селькупы, энцы, якія складаюць самадзійскую моўную сям’ю. На Каўказе жывуць народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах, у Паўн.Усх. Азіі — чукоцка-камчацкай і эскімоса-алеуцкай сем’яў, на У Інданезіі — папуаскіх сем’яў. У канцы 20 ст. ў Азіі паскорыліся працэсы нац. кансалідацыі, аб’яднання дробных этн. супольнасцей у вял. групы, плямён і племянных груп — у народнасці, ператварэння гэтых народнасцей у нацыі. У Азіі ўзніклі ўсе т.зв. сусв. рэлігіі. Іслам вызнае большасць насельніцтва Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Пакістана, Бангладэш, Інданезіі, Малайзіі. Ёсць мусульмане ў Індыі (99 млн.), Кітаі (27 млн.), на Філіпінах (5 млн.), у азіяцкай ч. Расіі (2 млн.), Тайландзе (2 млн.), Шры-Ланцы (1,5 млн.) і інш. Усяго ў краінах Азіі жыве каля 800 млн. мусульман. Будызм (каля 320 млн. вернікаў), які раней быў пашыраны ва ўсёй Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, пануе толькі ў М’янме, В’етнаме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы і ў Шры-Ланцы, пашыраны ў Кітаі (у тыбетцаў і манголаў у форме ламаізму) і Японіі (разам з сінтаізмам). У Кітаі распаўсюджаны таксама даасізм і канфуцыянства. У Індыі большасць насельніцтва вызнае індуізм (каля 80% насельніцтва краіны). Індуісты ёсць таксама ў Непале (17 млн.), Бангладэш (15 млн.), Шры-Ланцы (2,5 млн.), Інданезіі (4 млн.) і інш. Прыхільнікі хрысціянства пераважаюць ў Арменіі, Грузіі, Расіі, на Кіпры і Філіпінах, у Ізраілі — прыхільнікі іудаізму. У некат. народаў Азіі зберагліся свае племянныя рэлігіі.

Літ.:

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;

Народы России: Энцикл. М., 1994.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)