«ГРО́ДНА»,

гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.Патапаў, У.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСО́ЦКІ Вячаслаў Віктаравіч

(н. 9.6.1955, Мінск),

бел. жывапісец. Сын В.І.Вярсоцкага. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1976). Працуе ў жанры пейзажа, піша нацюрморты, партрэты. Творы вызначаюцца каларытам, выразнай жывапісна-экспрэсіўнай пластыкай, уменнем перадаць непаўторныя адценні розных станаў прыроды. Сярод работ: «Мінск. Сімфонія восені», «Вясна. Вулачка верхняга горада», «Мінск салютуе», «Спрадвечнае», «Мокрыя дрэвы», «Кветкі», «На Мацея зіма пацее», «Кастрычнік», «Ясны дзень», серыя «Краскі беларускіх пушчаў», «Нацюрморт з чырвонай рэдзькай», «Памяць»; партрэты «Маці», «Студэнткі» (усе 1980—90-я Г.) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́ВА Алена Мікалаеўна

(н. 24.5.1965, г. Слуцк),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча імя А.Глебава (1984). Яе пейзажам і нацюрмортам уласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, своеасаблівасць і непаўторнасць колеравага бачання, маст. почырку. Сярод работ: «Сакавік» (1985), «Яблыкі», «Пасля дажджу» (абедзве 1992), «Бэз», «Зімовы сад» і «Пачатак лета» (усе 1993), «Нацюрморт з рабінай», «Кастрычнік», «Капліца ў Падневічах» (усе 1994), «Ранняя вясна», «Май цвіце», «Сонечны нацюрморт», «Вячэрнія промні», «Гарачы жнівень», «Сакавік», «Манастырскі сад», «Палявыя кветкі», «Апошні прамень» (усе 1995) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАВІ́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан злучэння Мінскай і Палескай абл. па разгроме апорнага пункта ням.-фаш. захопнікаў у в. Ламавічы Акцябрскага р-на 25 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваў штаб партыз. злучэння. Атрады М.П. Бумажкова і «Чырвоны Кастрычнік» арганізавалі засады на пад’язных дарогах да вёскі; атрады А.І. Далідовіча, М.М. Розава, Дз.Ц. Гуляева, імя М.Ф. Гастэлы, узброеныя 3 гарматамі, штурмам авалодалі апорным пунктам. У ходзе бою падаўлена 12 дзотаў праціўніка. У баі была смяротна паранена сувязная Р.І. Шаршнёва.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.

2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.

3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.

•••

Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,

бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

працо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працы (у 1, 2 знач.); звязаны з працай. Працоўныя навыкі. Працоўны стаж. Працоўная дысцыпліна. Працоўная кніжка. // Заснаваны на працы, на выкарыстанні працы. Працоўнае выхаванне. Працоўная школа, // Зароблены, здабыты працай, атрыманы за працу. Працоўныя даходы. Працоўная слава. // Запоўнены, заняты працай. Працоўнае жыццё. Працоўныя будні.

2. Які жыве сваёй працай. Працоўны народ. Працоўныя класы грамадства. Працоўнае сялянства. / у знач. наз. працо́ўны, ‑ага, м. Адпачынак працоўных. □ Неабходна было наблізіць мастацтва да жыцця працоўных Савецкай Беларусі, адлюстраваць тое новае, што прынёс вызваленаму народу вялікі Кастрычнік. Шматаў.

•••

Працоўны дзень гл. дзень.

Працоўныя рэзервы гл. рэзервы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.

1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.

2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АХО́ЛА-ВАЛО́ Алексантэры

(Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),

мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.Коласа «Новая зямля», А.Александровіча «Угрум», П.Труса «Ветры буйныя», А.Вольнага «Табе», М.Нікановіча «Вясновы прамень», К.Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.

Л.Дз.Налівайка.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін), А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.А.Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)