«КЁР-АГЛЫ́»,

«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).

Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст. Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд. азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.

Публ.:

Кёроглу. Баку. 1959.

Літ.:

Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Назор ’нагляд’ (Дуж-Душ.), параўн. у т. зв. духоўнай песні: Ай сынку мой, сынку, царь небесный! / Да с ким мяне, деву, покидаешь? / Да кому ты назор святый оставляешь? (магіл., Шн. 2, 615). Ад наверыць ’назіраць’ (Бел. каз. эпас, 53). Рус. назор ’нагляд, дазор’, укр. назорити ’убачыць, заўважыць’; у іншых славянскіх мовах адпаведныя словы ад *zbreti ’глядзець’ маюць іншыя значэнні (чэш. názor ’погляд, думка’, серб.-харв. назор ’думка, погляд’, ’увага’ і пад.), што, відаць, сведчыць аб незалежным характары іх развіцця. Гл. зорыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сказ1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).

Сказ2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тамга́ ’кляймо, метка, пячаць, пячатка’, ’гандлёвая пошліна’ (ТСБМ), ст.-бел. тамга, томга ’гандлёвае мыта’ (Ст.-бел. лексікон). З рускай мовы, параўн. стараж.-рус. тамга/*тамъга ’кляймо; пячатка; від падатку, уведзенага на заваяванай тэрыторыі Старажытнай Русі татара-манголамі’, пазней, у Маскоўскім княстве, — ’гандлёвая пошліна’. Ст.-цюрк. tamɣa ’пячатка, адбітак’, сучасныя манг. тамга́ ’пячатка; штэмпель; штамп’, ’кляймо, таўро’, ’туз (у картах)’, каз.-тат. тамга́ ’метка; таўро, кляймо; пячатка’, тур. damga ’кляймо, штэмпель; пломба; проба (на каштоўных вырабах)’ і інш. (Чарных, 2, 227; Фасмер, 4, 18; Анікін, 531).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Весажо́р ’сузор’е ў сем зор’, вісажы́р, вісыжа́р ’сузор’е’ (Бяльк.), зах.-палес. высожа́р ’Плеяды’ (Маш., Atlas, 3); рус. кур., дан., тул., калуж. весожа́ры ’сузор’е’, дан. весожа́ры, висожа́ры ’Плеяды’, калуж. висожа́ры, урал. висожа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’, смал. вышеза́р ’сузор’е Малой Мядзведзіцы’. Складанае слова ад віс‑ (параўн. рус. вяц., каз. ви́сы ’валасы’, новасіб. ’апоўзіны’) і ‑жар (усячэнне ад стожар). Гэта слова, як і роднаснае валасажа́р (гл.), узнікла ў выніку налажэння двух слоў з хісткай семантыкай, якая датычыць назваў сузор’яў і зорак; параўн. балг. власи́ ’валасы’, ’сузор’е Цяльца’ і рус. стожары ’Плеяды’; ’Вялікая Мядзведзіца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакла́га. Ст.-бел. боклаг, боклага, баклага, биклаха (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бакла́га, бакла́жка і інш., укр. бакла́г, бакла́га, бакло́, боклаг, боклага (дзве апошнія формы з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. каз.-тат., тур. baklak від пасудзіны для вады’). Міклашыч, Türk. El. Nachtr., І, 9; Карловіч, Wyr. obce, 73; Брукнер, KZ, 48, 161; Фасмер, 1, 110. Для ўкр. мовы, магчыма, некаторыя формы праз польск. (бо́кло, бо́кла, бо́клак, параўн. польск. bukłak, bokłak). Адносна рум. версіі гл. Шалудзька, Rum., 126 і Крынжалэ, 216. Параўн. яшчэ бікла́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́сцень1 ’тс’ (Сл. паўн.-зах., Грыг.). Гл. кіста, кісць.

Кі́сцень2 ’від зброі’ (ТСБМ). Праз рус. кистень з каз., тат. kistän ’друк, палка’. Аднак значэнне рускага, беларускага, украінскага і польскага слоў не адпавядае імавернай цюркскай крыніцы (’кароткая палка з металічным шарам на адным канцы і з пятлёй на другім для надзявання на руку’). Такі від зброі ў старапольскай мове меў іншую назву таксама цюркскага паходжання basalyk. Польск. kiścień — запазычанне з усходнеславянскіх моў, але ст.-бел. кестень, кістень (з 1540 г.) насуперак Булыку (Запазыч., 153) запазычана са ст.-польск. kiešcień, як аб гэтым сведчыць вакалізм (параўн. Слаўскі, 2, 175–176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ.

Існаваў у 1965—70 у Бабруйску. Створаны на базе Бабруйскага муз.-драм. тэатра. Меў муз. і драм. трупу, аркестр. У аснове рэпертуару аперэты класічныя і сав. кампазітараў, муз. камедыі, драм. спектаклі. Пасля расфарміравання тэатра большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. З тэатрам звязана дзейнасць засл. артыстаў Беларусі А.​Аркадзьева, Дз.​Івановай, Н.​Калаптур, Г.​Лаўрова, К.​Лосева, П.​Масцерава, В.​Фаменкі, Л.​Федчанка, В.​Шаўкалюка, засл. артысткі Расіі Н.​Равінскай, а таксама Р.​Курлыковай, А.​Прыходзькі і інш. Рэжысёры: нар. артыст Тадж. ССР Л.​Іцкоў, засл. артыст Каз. ССР У.​Ажарэльеў, У.​Амельчанка, Б.​Заўгародні; дырыжоры: В.​Віткоўскі, М.​Лапцеў, В.​Ражкоўскі, У.​Шастапалаў; мастак І.​Чумакоў; балетмайстары: Я.​Шваро, Ю.​Волкаў; хормайстар Г.​Палянкова.

Сярод муз. пастановак: «Каламбіна» А.​Рабава, «Рамэо — мой сусед» Р.​Гаджыева (1965), «Лятучая мыш» І.​Штрауса, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава (1966), «На світанні» А.​Сандлера, «Нядзеля ў Рыме» Г.​Крамера, «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.​Мурадэлі (1967), «Чорны дракон» Д.​Мадуньё, «Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара (1968), «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі, «Баядэра» Кальмана, «Халопка» М.​Стрэльнікава (1969); з драм. спектакляў «Позняе каханне» А.​Астроўскага (1965), «Так і будзе» К.​Сіманава (1966), «Прызнаю сябе вінаватым» А.​Мітрафанава (1968).

Л.​В.​Доўнар-Запольская.

Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Сцэна са спектакля «На світанні».

т. 9, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Но1 ’так, але’ (саліг., Нар. словатв.), ’але, ну’: Но, дарма, — дзед кажэ, — быле хлеб (рэч., Бел. каз. эпас, 111), ’ды’ (ТС), параўн. укр. но ’тс’, рус. но ’так, але, ну’, польск. no ’тс’, чэш. no ’тс’, славац. no ’тс’, в.-луж. no ’тс’, н.-луж. no ’тс’, славен. no ’тс’, серб.-харв. но ’тс’. Мяркуецца, што гэта самастойны наватвор на той самай фармальнай базе, што і прасл. *nъ (параўн. рус. но ’але’) і *nǫ/no (гл. ну) (ESSJ SG, 2, 500–502), гл. таксама наст. слова.

Но2 ’а ну ж, ж, жа’: Ідзі но воды прынесі! (ТС), ‑но ’жа, = рус. ‑ка’ (палес., Сцепанец, Крест. свадьба, 163), укр. ‑но ’тс’, рус. ‑но ’жа’, польск. no ’тс’, славен. no ’тс’. Постпазіцыйная ўзмацняльная часціца таго ж паходжання, што і но1 (гл.); сюды ж, відаць, і серб.-харв. ‑но, што адзначаў яшчэ Равінскі (Черног., 529), у выразах како‑но, које‑но, који‑но і пад., што суадносіцца з другой часткай у ажно́ (гл.) і пад. (ESSJ SG, 2, 501; 1, 322–323; Махэк₂, 400).

Но3 ’толькі, адно’: Хай но пачнуць косіць, то дождж будзе (ТС), ’быццам, як’ (ТС). Магчыма, з одно́, онно́ ’толькі’ (ТС), гл. адзін, аднак не выключана сувязь з узмацняльным но2.

Но4 — выклічнік, якім падганяюць каня: Ён на коня: но! но! (рэч., Бел. каз. эпас, 95), ’пагрозны або панукаючы крык на каня’ (Дразд., ТС), но́‑о! ’тс’ (мсцісл., З нар. сл.), но́‑но́ ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), сюды таксама ні ’пануканне’ (Касп.), ну ’тс’ (Янк. 3.), нё ’тс’ (ТС), укр. но, ньо, ’тс’, рус. но ’тс’, польск. no ’тс’, чэш. дыял. no, ’тс’, славац. дыял. no, ne ’тс’. Таго ж паходжання, што і но1 (ESSJ SG, 2, 502); параўн. таксама мсцісл. нок ’пра пануканне каня’ (Нар. лекс.), што, відаць, паходзіць ад дзеяслова но́каць ’падганяць каня крыкам «но!»’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛМАТЫ́, Алма-Ата,

горад, сталіца Казахстана (да 1995). Размешчаны на ПнУ рэспублікі, каля падножжа паўн. схілаў хр. Заілійскі Алатау, на выш. 650—950 м, паміж рэкамі В. і М.​Алмаацінкі. 1200 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустр. і культ. цэнтр рэспублікі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, электратэхн., станкабудаванне і інш.), харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая і інш.), лёгкая (тэкст., футравая, трыкат., абутковая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на В.​Алмаацінцы. Алматы неаднойчы цярпеў ад землетрасенняў і селяў (зроблены супрацьселевыя збудаванні).

Засн. ў 1854 як рас. ваен. ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 г. Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобл. Туркестанскага ген.-губернатарства. Быў месцам паліт. ссылкі. У 1921 перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929—95 сталіца Казахстана (перанесена ў г. Акмала). Развіццю горада садзейнічала Туркестана-Сібірская чыг., пабудаваная ў 1930. З 1992 наз. Алматы.

Горад захаваў прамавугольную планіроўку. Яго сучасны выгляд вызначае ансамблевая сейсмаўстойлівая забудова, шырокія азялененыя праспекты і вуліцы. Сярод арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1941, арх. М.​Прастакоў), Дом урада (1958, арх. Б.​Рубаненка, Г.​Сіманаў і інш.), цырк (1972, арх. У.​Кацаў, І.​Слонаў), высакагорны спарткомплекс «Медэа» (1972, 1975, арх. Кацаў і інш.), музей мастацтваў Казахстана (1976, арх. Э.​Кузняцова, В.​Навумава, Б.​Новікаў), аэравакзал (1976, арх. І.​Шчавелева, А.​Лепік і інш.), гасцініца «Казахстан» (1977, арх. Л.​Ухобатаў, Ю.​Ратушны), т-р драмы (1980, арх. А.​Бармурзаеў, М.​Жаксылыкаў і інш.). Помнікі: Абаю (1960, скульпт. Х.​Наурзбаеў), Аўэзаву (1980, скульпт. Я.​Сергебаеў) і інш.

Дзейнічаюць (1989): Акадэмія навук, 15 ВНУ (у т. л. Каз. ун-т, кансерваторыя), 7 тэатраў (оперы і балета імя Абая, т-р драмы імя Аўэзава, лялек і інш.), 7 музеяў (гістарычны, мастацтваў Казахстана, Дом-музей М.​Аўэзава і інш.).

Літ.:

Алма-Ата: Энцикл. Алма-Ата, 1983.

Р.​А.​Жмойдзяк (гаспадарка).

Алматы.
Да арт. Алматы. Будынак цырка.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)