ВУЧЭННЕ АБ КАРЫСНЫХ ВЫКАПНЯХ
Вывучэнне карысных выкапняў на Беларусі пачалося ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. (экспедыцыя Рас. АН, Геалагічны камітэт). У выніку маршрутных даследаванняў вызначаны палеазойскія, мезазойскія, кайназойскія адклады і звязаныя з імі карысныя выкапні (даламіты, мел, гліны, пяскі). Планамерныя геал. даследаванні і пошукі радовішчаў карысных выкапняў пачаліся ў 1922, калі ў складзе Інбелкульта была створана глебава-геал. падсекцыя, якая з 1923 вывучала карысныя выкапні ў Мінскім, Ігуменскім і Бабруйскім паветах. У 1924 пры Прамыслова-эканам. упраўленні СНГ БССР створаны горны аддзел (з 1928 горная група). У 1927 на базе глебава-геал. падсекцыі створаны Геал. ін-т (з 1929 у сістэме АН Беларусі), які займаўся геолага-здымачнымі і часткова пошукавымі работамі. У 1930 на базе горнай групы створаны Бел. геолагаразведачны трэст. Да 1932 на тэр. БССР выяўлена больш за 500 радовішчаў глін, пяску, вапны, даламітаў і інш. няруднай сыравіны. У вывучэнні геал. будовы Беларусі і ацэнцы перспектыў на новыя віды мінер. сыравіны важную ролю адыграла створанае ў 1936 Геал. ўпраўленне Наркамата мясц. прамысловасці БССР (з 1966 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР). На падставе геолага-геафіз. даследаванняў А.М.Розін і М.Ф.Бліадухо выказалі меркаванне пра наяўнасць на ПдУ Беларусі вугалю і саляносных тоўшчаў, што пацвердзілася ў 1940—41 свідравінамі каля в. Давыдаўка Светлагорскага р-на, дзе на глыбіні 843 м выяўлена каменная соль. Уклад у вывучэнне мінер. рэсурсаў Беларусі ў даваенныя гады зрабілі М.Ф.Бліадухо, М.І.Зуеў, М.Ф.Мядзведзь, А.М.Розін.
У 1945 на базе Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі створаны Ін-т геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т УГ СМ БССР). Гал. кірунак яго даследаванняў — геал. будова тэр. рэспублікі і ацэнка яе перспектыў на найб. важныя віды мінер. сыравіны. У 1949 у раёне г.п. Старобін адкрыты Старобінскае, а пазней Петрыкаўскае радовішчы калійных і каменнай солей і Мазырскае радовішча каменнай солі. На іх аснове створана горназдабыўная прам-сць Беларусі.
За іх адкрыццё і разведку Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны Г.В.Багамолаў, А.А.Іваноў, П.А.Леановіч, Н.П.Несцерава, А.Р.Несцераў, А.М.Розін, А.К.Шыленка. Уклад у адкрыццё, разведку і ацэнку гэтых радовішчаў зрабілі таксама Л.М.Астроўскі, С.Х.Баязітаў, З.А.Гарэлік, І.І.Зелянцоў, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, К.Ф.Радзьковіч, А.І.Свяржынскі, А.Я.Сцефаненка, П.І.Хаўратовіч і інш.
У 1953 на Ельскай плошчы атрыманы першы фантанны прыток нафты. У 1964 адкрыты радовішчы: Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Цішкаўскае, Вішанскае, Давыдаўскае, Надзвінскае, Барсукоўскае, Залатухінскае, Паўд.-Асташкавіцкае, Мармавіцкае, Усх.-Першамайскае, Сасноўскае. З 1965 вядзецца прамысл. здабыча нафты.
За іх адкрыццё і разведку Дзярж. прэміяй Беларусі 1972 адзначаны У.А.Авакумаў, П.В.Анцупаў, Г.В.Багамолаў, К.І.Гнедзін, П.А.Леановіч, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач, З.Л.Пазнякевіч, Ю.І.Паўлаў, Н.Ф.Траўніцкая. У адкрыцці і ацэнцы перспектыў нафтагазаноснасці ўдзельнічалі таксама Ф.С.Азаранка, В.Р.Акуліч, У.А.Багіна, Я.Ц.Балашоў, Б.В.Бандарэнка, А.М.Брусянцоў, М.І.Буялаў, В.К.Галубцоў, З.А.Гарэлік, Я.Г.Грыбік, Р.Х.Дзікенштэйн, А.Я.Зінгерман, М.У.Кандратчык, Я.М.Люткевіч, У.М.Макарэвіч, С.П.Мікуцкі, М.А.Рынскі, Э.І.Свідэрскі і інш.
У 1966—68 у межах Прыпяцкай упадзіны адкрыты сланцаносны басейн, у 1969 — першае ў рэспубліцы прамысл. радовішча бурага вугалю ў раёне г. Жыткавічы, у 1973 — Брынёўскае радовішча. Усе яны прыдатныя для адкрытай распрацоўкі. У пошуках вугалю і гаручых сланцаў удзельнічалі Л.Ф.Ажгірэвіч, Ю.І.Горкі, М.Я.Карповіч, М.М.Качкалда, М.С.Кічкіна, І.А.Яроменка і інш. Вядзецца вывучэнне парод крышт. фундаменту, з якімі звязаны перспектывы метал. карысных выкапняў. Абгрунтаванне наяўнасці іх у гэтых пародах зрабілі Б.В.Бандарэнка, С.І.Рынг, Ж.П.Хацько і інш. Выяўлена шмат магнітных і гравімагнітных анамалій, таксама зон і ўчасткаў, перспектыўных на жал. руды. У 1966 у раёне в. Навасёлкі Карэліцкага р-на выяўлены ільменіт-магнетытавыя руды, якія маюць прамысл. жалеза, тытан, ванадый; у 1970 у раёне в. Аколава Стаўбцоўскага р-на — жалезістыя кварцыты. У межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту выяўлены руды рэдкіх металаў, у паўд. частцы Прыпяцкай упадзіны — баксітаў і даўсанітазмяшчальных парод. У шырокіх маштабах вядуцца пошукі і разведка радовішчаў разнастайных буд. матэрыялаў, цэментавай сыравіны, падземных прэсных і мінер. вод. У наш час разведаны і знаходзяцца ў распрацоўцы 65 радовішчаў нафты (179 пакладаў у дэвонскіх, 2 у верхнепратэразойскіх адкладах). Штогод здабываецца больш за 1,5 млн. т нафты, каля 4 млн. т калійных солей, да 0,3 млн. т каменнай солі, каля 4 млн. т даламітавай мукі, 4 млн. т цэментавай сыравіны, 0,5 млн. т мелу, каля 4 млн. т буд. пяскоў і пясчана-жвіровых сумесей, 2 млн. т гліністай сыравіны, каля 0,3 млн. т шкловых і 0,5 млн. т фармовачных пяскоў. Выяўлены і разведаны таксама радовішчы высакародных, каляровых і рэдкіх металаў, бурштыну, гіпсу, цэалітаў, больш за 70 радовішчаў мінер. лячэбна-сталовых вод, шматлікія радовішчы прэсных вод для гаспадарча-пітнога водазабеспячэння. Расшырэнне мінеральна-сыравіннай базы краіны спрыяе развіццю многіх галін яе эканомікі. Уклад у развіццё мінеральна-сыравіннай базы краіны і ў вучэнне аб карысных выкапнях зрабілі В.А.Авакумаў, П.М.Аверкаў, Л.Ф.Ажгірэвіч, Р.Я.Айзберг, Г.В.Багамолаў, У.А.Багіна, А.А.Балабушэвіч, М.М.Бамбалаў, Г.А.Баязітаў, Ю.С.Булкін, У.У.Варакса, В.М.Вішнеўскі, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, І.Я.Гімельштэйн, Ю.І.Горкі, С.П.Гудак, Г.Г.Дамінікоўскі, А.П.Данукала, Ю.А.Дзеравянкін, А.Я.Зінгерман, Г.І.Ількевіч, І.А.Каратэнка, М.Я.Карповіч, Я.М.Кулдыкаў, М.М.Кунік, П.А.Леановіч, І.А.Ліннік, І.І.Ліштван, К.І.Лукашоў, В.А.Масквіч, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў, Я.А.Нікіцін, А.М.Панасенка, В.І.Пасюкевіч, І.В.Прывалаў, А.І.Свяржынскі, А.Дз.Семянюк, А.М.Сінічка, А.І.Стасевіч, А.Я.Сцефаненка, Ж.П.Хацько, П.З.Хоміч, Дз.Г.Чуйко і інш.
Літ.:
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Полезные ископаемые Беларуси. Мн., 2002;
Месторождения калийных солей Беларуси: Геология и рационал. недропользование. Мн., 2003;
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974;
Геология нефтяных месторождений Белоруссии. Мн., 1972;
Твердые полезные ископаемые БССР. Мн., 1970;
Ажгиревич Л.Ф. Буроугольная формация Белоруссии. Мн., 1981;
Яе ж. Сланценосная формация верхнего палеозоя Белоруссии. Мн., 1982.
Г.І.Ількевіч, І.А.Каратэнка, З.Л.Пазнякевіч.
т. 18, кн. 2, с. 559