ДЫЁНА,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1120 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 377,4 тыс. км, маса 0,067 масы Зямлі. Сідэрычны перыяд абарачэння 2 сут 17 гадз 41 мін. Адкрыў Дж.​Касіні (1684, Францыя).

т. 6, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.

Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).

А.​А.​Міцянін.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСТ,

малая планета № 3232. Сярэдні дыяметр 16 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна З а.а., перыяд абарачэння 5,2 г. Адкрыта ў 1974 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар Брэсцкай крэпасці-героя і яе абаронцаў.

т. 3, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ГІЯ,

малая планета № 3501. Сярэдні дыяметр 17 км, пл. каля 90 км², сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 3 а.а., перыяд абарачэння 5 гадоў. Адкрытая ў 1971 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Наз. ў гонар астранома Алега Коратцава.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3140 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 670,9 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 3 сут 13 гадз 18 мін. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыў Г.​Галілей (1610).

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Н,

малая планета. Дыяметр каля 1 км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце з перыядам 1,81 г. Адлегласць ад Сонца ў перыгеліі 0,645, у афеліі 2,327 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі 15 млн. км. Адкрыта К.​Рэйнмутам (Германія, 1932).

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,

навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.

Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж. астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.

Г.​П.​Макеева.

т. 2, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІМЕ́Д,

малая планета № 1036. Дыяметр 28 км, найменшая адлегласць ад Сонца 1,22 а.а., найбольшая — 4,1 а.а. Па выцягнутасці (эксцэнтрысітэт 0,54) і нахіле да плоскасці зямной арбіты (26°) арбіта нагадвае арбіту каметы (заходзіць унутр арбіты Марса). Адкрыта В.​Баадэ (Германія, 1924).

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДА́ЛЬГА, малая планета № 944. Дыяметр 43 км. Адлегласць ад Сонца 1,9—9,7 а.а. Мае самую вял. паўвось арбіты сярод вядомых малых планет; нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 42,5° і 0,66 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 13,7 года. Адкрыта В.​Баадэ (Германія, 1920).

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)