паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́га1 ’лгун, брахун’ (гародокск., Нар. лекс.), ’п’яніца, дармаед, бывалы чалавек’ (Федар. 4), лыга́ч, лы́гма, лыгу́н, лыгма́р ’ілгун’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; Сцяшк.; Сл. паўн.-зах., КЭС), ’памаўза, шкоднік’ (ТС), лыгаць ’ілгаць’ (лід., карэліц., Сл. ПЗБ), ’маніць, гаварыць няпраўду’ (Сцяшк.), лы́жы ’хлуслівы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. лы́га, лыга́н ’манюка’, ст.-рус. лыжа ’памылковая звестка’ (пач. XVII ст.), рус. лыга́ть, польск. łygać, каш. ləgác, славац. lyhať ’тс’, ц.-слав. облыгати ’абчарняць’. Прасл. lygati — ітэратыў з падаўжэннем вакалізму кораня ад lъgati > ілга́ць (гл.).

Лы́га2 ў выразе лыгу даць ’уцячы’ (Грыг.), ’лытка’ (петрык., Мат. Гом.), ’нага’ (капыл., Жыв. сл.; карэліц., Сцяшк. Сл.), лыгі ’ногі’ (навагр., Нар. словатв.), лы́гі ’тс’ (ТС), ’доўгія ногі’ (Бір. Дзярж.), лы́гі ’тоўстыя ногі’ (Шат.), ’доўгія, тонкія ногі’ (Янк. 3.; клец., Нар. лекс.), лы́гаць ’павольна ісці’ (ТС), ’бадзяцца’, ’дарэмна траціць час’ (Шпіл.), лы́гацца ’часта хадзіць або ездзіць туды-сюды’ (стаўб., Нар. сл.), Рус. пск., цвяр. лы́ку даць ’уцячы’, укр. ли́ги дати ’пабегчы’, лигону́ти ’спешна пабегчы’, рус. уладз., валаг. лыды ’доўгія ногі’, варон. ’ногі’, урал., перм. лыдка — ’даўганогі чалавек’, польск. łyda < łydka ’лытка’, славац. lida ’сцягно’. Паўн.-слав. lyda (Слаўскі, 5, 388) з менай д > г пад уплывам лексемы нага́. З прычыны экспрэсіўнасці ў некаторых гаворках г > ґ. Да лы́тка (гл.). Сюды ж лыгнуць ’выцяць, сцебануць’ (Бяльк.).

Лы́га3 ’віка’ (Жд. 1, Касп., Сл. Эп.-Шып.; маладз., Шчарб.; зэльв., Жыв. сл.), ’сумесь вікі і гароху, пасеяныя на корм жывёле’ (Сцяшк. Сл.). Польск. радзынск., падляш. łyga ’дзікі гарошак’, люблінск. łužyšýńi ’парасткі гароху’. З ві́ка > вы́ка > выґа > łyga > лыгa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)