унясенне ў глебу гіпсу для нейтралізацыі залішняй шчолачнасці, шкоднай для многіх с.-г. раслін; спосаб хім.меліярацыі саланцоў і саланцовых глеб. Пры гіпсаванні глебы натрый у глебе замяшчаецца кальцыем, у выніку паляпшаюцца яе фіз., фіз.-хім. і біял. якасці. Глеба становіцца камякаватай, палягчаецца яе апрацоўка, паляпшаюцца водапранікальнасць і аэрацыя, павышаецца ўрадлівасць. На Беларусі гіпсаванне глебы праводзяць з мэтай угнаення (абагачэнне глебы кальцыем і серай).
Для гіпсавання глебы выкарыстоўваюць пераважна сырамолаты гіпс прыродных пакладаў, фосфагіпс (адходы вытв-сці суперфасфату і прэцыпітату), адходы содавай прам-сці. Уносяць перад ворывам і пасля яго пад культывацыю. Эфектыўнасць павялічваецца, калі гіпсаванне глебы спалучаюць з глыбокім ворывам, арашэннем, унясеннем угнаенняў, снегазатрыманнем і затрыманнем талых вод, пасевам шматгадовых траў. Гл. таксама Вапнаванне глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
муля́ж
(фр. moulage = ліццё)
злепак прадмета ў натуральную велічыню (з гіпсу, воску, парафіну), які выкарыстоўваецца ў якасці нагляднага дапаможніка пры выкладанні, а таксама для афармлення вітрын, у музейных экспазіцыях і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.
Гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы: 1—3 — гіпсавыя перагародачныя пліты (суцэльная, пустацелая і арміраваная чаротам); 4 — гіпсабетонная перагародачная панэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,
аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,
маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст.н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шток
(ням. Stock)
1) металічны цыліндрычны прут, які злучае поршань рухавіка з паўзуном, напр. у паравой машыне, поршневым насосе;
2) адна з форм залягання горных парод, часцей масіўна-крышталічных, гіпсу, каменнай солі, радзей рудных выкапняў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на З з Верхнянёманскай нізінай, на Пд — са Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн.ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),
галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.
Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.