У Мінскім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл., паміж вёскамі Вяча, Бяларучы, Карбачоўка, Галіца. Пластападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял ад шаравата-жоўтых да бураватых адценняў, месцамі гліністы, абжалезнены. Пяскі палевашпатавакварцавыя, розназярністыя, залягаюць у разрэзе вышэй за жвір. Разведаныя запасы 57,1 млн.м³, перспектыўныя 41,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,3—32,8 м, ускрышы (супескі, пяскі гліністыя) 0,2—12,5 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону і буд. раствораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн.м³, перспектыўныя 4,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),
гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш. глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.Амаліуса д’Алуа),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)∙4H2O. Прымесі Fe3+, Cr3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТМАРЫЛАНІ́Т (ад назвы франц.г. Манмарыён),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, водны алюмасілікат натрыю, кальцыю, магнію, жалеза (Ca, Na)<0,4(Mg, Al, Fe)2-3[(Si Al)4O10] (OH)2∙nH2O. Мае пераменны хім. састаў, утварае групу гліністых мінералаў з аднаймен. назвай. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае тонкалускаватыя агрэгаты, якія пры ўвільгатненні моцна набракаюць. Колер ад белага да бурага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 1,7—3 г/см³. Утвараецца пераважна пры выветрыванні асн. і ультраасн. парод (алюмасілікатаў). Трапляецца ў корах выветрывання крышт. фундамента і вулканагенна-асадкавым чахле ў выглядзе глін і суглінкаў рознага ўзросту. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, керамікі, цэглы, для вырабу буравых раствораў, у якасці сарбентаў, фарбавальнікаў, адбельваючых і мыючых матэрыялаў (гл. таксама Бентаніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СПІШ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка (цячэ праз возера), за 4 км на У ад г. Браслаў. Пл. 4,26 км², даўж. 4,13 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.Глыб. 6,3 м, даўж. берагавой лініі 16,5 км. Пл. вадазбору 781 км². Аб’ём вады 13,8 млн.м³. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы выш. 10—12 м, на ПнЗ абразійныя, стромкія, на У спадзістыя, сугліністыя, пясчаныя. Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. 15 астравоў агульнай пл. 0,31 км² і мелі. Дно да глыб. 4,5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелем, у паўд.-зах. плёсе — гліністыіл. Мінералізацыя вады 190—200 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Эўтрофнае. Зарастае. Злучана р. Друйка ў выглядзе шырокай пратокі з воз. Недрава, на ПнЗ — пратокай з воз. Войса. Уваходзіць у зону адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).
Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.
Буравы інструмент: а — прынцып работы турбабура; б — вонкавы выгляд турбабура; в — лопасцевыя буравыя долаты; 1 — корпус; 2 — гліністы раствор; 3 — паток гліністага раствору; 4 — лопасці ротара; 5 — вал; 6 — лопасці корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),
асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн.т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн.т.
Літ.:
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),
механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл.Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт.Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
непада́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Кожны дзень экскаватар, паслухмяны волі чалавека, вурчаў, дрыжучы ўсім целам, злаваўся, угрызаючыся зубамі ў непадатлівы гліністы грунт.Сапрыка.Тонкія і жвавыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок, стаў тугі і непадатлівы, нібы карабельны канат.Карпюк.
2. Няўступчывы, упарты. Вера, гуллівая на словах, была на дзіва ўпартая і непадатлівая.Сачанка.// Стойкі, непахісны. Абы пачынаў [Анатоль] пра што думаць, паўставала Іза, абражаная, але непадатлівая бядзе, гордая і ўпэўненая.Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)