паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Закрэсліць у многіх месцах; накрыць у беспарадку рысамі, пакрэсліць. [Экзаменатар] чырвоным і сінім алоўкам счыркала, пападкрэслівала ўсё маё ўкладанне. Грамовіч. — Што ж ты зрабіла, га, Алёнка? — узяў Рыгор дачку за руку. — З тваёй дысертацыі ліст выняла ды ўвесь счыркала, — адказала за дачку Галя. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́цемна, прысл.

1. Да світання, пакуль яшчэ цёмна. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Галя мала і бачылася з Вадзімкам: зацемна бегла на ферму і вярталася таксама прыцемкам ужо. Сабаленка.

2. Разм. Пасля змяркання; прыцемкам. Улетку зацемна вернешся з поля, не паспееш павячэраць, як песні клічуць цябе з хаты. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напраро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Прадказаць. [Савіч:] — «Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам». Напрарочыў стары. Шамякін. Русыя косы і сінія вочы, што пажадаць вам і што напрарочыць? Дубоўка.

2. Прарочаннем наклікаць. Напрарочыць вымову. □ Ледзь толькі дождж перастаў, Галя сказала, капрызна надзімаючы вусны: — Ты напрарочыў дождж. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́жына, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне на паверхні глебы, запоўненае вадой. Імжыў дождж. Там-сям стаялі лужыны. Жычка. У адным месцы Галя паслізнулася, і левая нага яе трапіла ў глыбокую лужыну. Арабей.

2. Вадкасць, разлітая на паверхні чаго‑н. З адзення [трактарыстаў] ля дзвярэй адразу пацякла здаравенная лужына. Даніленка.

•••

Пасадзіць у лужыну гл. пасадзіць.

Сесці ў лужыну гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблажэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Схуднець, змарнець. Як яна зблажэла! Страшна стала глядзець, якая яна высокая! І твар яе ўчарнеў за тры дні. Чорны. Міроніха за адны суткі страшэнна асунулася, — упалі вочы, зблажэў твар. Гурскі.

2. Абл. Стаць дрэнным, благім; сапсавацца. Галя .. бачыла [позіркі Альбіны] і не магла даўмецца, чаго зблажэў настрой у сяброўкі, чаму яна неяк прымоўкла. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мізарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Худнець, чэзнуць; траціць належны выгляд. Вельмі ж ужо гаравала дачка. На вачах мізарнела і сохла. Сачанка. Станіслаў не прыязджаў у лес, і Галя.. неяк мізарнела. Сабаленка.

2. Разм. Рабіцца меншым, менш значным. Шынка найболей прыйшлася даспадобы «валачобнікам» і на вачах мізарнела ў сваіх памерах. Колас.

3. перан. Станавіцца нікчэмным, пустым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Сунучыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н.; прысунуцца. Галя адчула блізкасць Станіслава, і ёй стала так добра, так утульна, што яна нават сама трошкі падсунулася да яго. Сабаленка. Нарэшце.. [Міхаська] выбраўся з-пад елкі ўвесь і бокам падсунуўся да вогнішча. Сіняўскі. Капітан Рыбін падсунуўся з крэслам да стала і сказаў: — Ну, пачнём... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Сунучыся, пасунуўшыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Антон Жывіцкі бліжэй прысунуўся да лаза бліндажа і пачаў слухаць. М. Ткачоў. Галя адчула, што Міход прысунуўся да яе гэтак блізенька, што дакрануўся да яе нагі. Сабаленка.

2. Разм. неадабр. Прыйсці, прывалачыся куды‑н. Учуўшы пікантную размову, прысунуліся прагныя да навін бабулі. Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умы́цца, умыюся, умыешся, умыецца; зак.

1. Памыць, вымыць сабе твар, рукі. Умыцца крынічнаю вадой. □ — Мы потым, — адказала Галя і тузанула сястру за руку. — Пайшлі хуценька ўмыемся. — І абедзве выскачылі праз сенцы на двор. Хадкевіч.

2. перан. Абмыцца, асвяжыцца дажджом, расой і пад. Сонца, умыйся расою На світальнай зары. Бялевіч.

•••

Умыцца кроўю — быць збітым.

Умыцца слязамі — заплакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)