АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.​Тынтарэта, А.​Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.​Гундуліч), музыцы (Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн, І.​К.​Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сфума́та

(іт. sfumato)

прыём у выяўленчым мастацтве, які заключаецца ў змякчэнні абрысаў постацей і прадметаў, што дае магчымасць перадаваць навакольнае паветра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),

бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.​Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.​Колас у творчасці мастакоў» і «Я.​Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.​Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кастумбры́зм

(ісп. costumbrisme, ад costumbre = звычай)

кірунак у літаратуры і выяўленчым мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст., заснаваны на паказе народнага быту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),

контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.

2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх. праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.

3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл. Контур.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кубі́зм

(фр. cubisme, ад лац. cubus < гр. kybos = куб)

кірунак у выяўленчым мастацтве пач. 20 ст., які перадаваў прадметы рэальнага свету камбінацыямі геаметрычных фігур.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

драпіро́ўка

(фр. draperie)

размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатральна-дэкаратыўным і выяўленчым мастацтве.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эцю́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. У выяўленчым мастацтве: твор, выкананы з натуры, які з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай будучага кампазіцыйнага цэлага.

2. мн. Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў.

Пайсці на эцюды.

3. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому-н. асобнаму пытанню.

Лінгвістычныя эцюды.

4. Музычны твор віртуознага характару.

Эцюды Чэрні для цымбалаў.

5. Від задання (у музыцы, шахматнай гульні і пад.).

Зборнік эцюдаў для шахматыстаў.

6. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства.

Паказаць э.

|| прым. эцю́дны, -ая, -ае (да 1, 3—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,

у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж. царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.

Да арт. Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЗМ (франц. académisme),

1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.

2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.

3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт. Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл. Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)