за 1, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., за межы якіх накіравана дзеянне, рух або за якімі, па другі бок якіх знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. Паехаць за горад. Жыць за ракой. ▪ За вёскай, у лесе, ладзілася маёўка. Асіпенка. // (з дзеясловамі «сесці», «усесціся», «стаць» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, каля якога хто‑н. размяшчаецца для работы або якога‑н. занятку. Сесці за стол. Стаць за пульт кіравання. Сядзець за рулём.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, услед за якімі рухаецца хто‑, што‑н. Хадзіць за плугам. ▪ За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш. Прыказка.

Часавыя адносіны

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, на працягу якога што‑н. адбывалася або адбылося. За ноч падмарозіла. Падрос за лета. ▪ Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас. А больш за ўсё бабе крыўдна, Што ён за свой казацкі век Клінком дамаскім, гартаваным, Яшчэ не ўсіх паноў пасек... Танк. // Ужываецца пры азначэнні прамежку часу, які патрабуецца для выканання чаго‑н. Ураджай можна ўбраць за месяц.

4. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адначасовасці, паралельнасці розных з’яў, дзеянняў і пад. Сустракаліся за работай. ▪ Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. За вячэрай.. пачыналася размова пра грыбы. С. Александровіч.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы і пад., у бытнасць, перыяд дзейнасці якіх адбываецца што‑н. За бацькамі лёгка жывецца. Звозіць снапы за пагодай. ▪ А зямелькі шнур, Пляц, якім валодала За царом карчма, Як зямля народная, Іхнім стаў дома. Куляшоў.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, які аддзяляе адно, папярэдняе дзеянне ад другога, наступнага, звычайна выражанага назоўнікам роднага склону з прыназоўнікам «да». За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. За год перад вайна Грысь... зрабіў на Стамагільскай рацэ паром. Кулакоўскі.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, за межы якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. ▪ Час падходзіў за Пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос. Колас.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. За летам прыйшла восень. ▪ За ветрам упалі першыя рэдкія буйныя кроплі. Галавач. // Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці падзей, з’яў. Мінае дзень за днём, за годам год мінае. Танк.

Аб’ектныя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія бяруць, да якіх дакранаюцца, за якія трымаюцца і пад. Павітацца, за руку. Узяць за плечы. Схапіцца за жывот. Учапіцца рукамі за маці. ▪ Ярмоленка ціхенька бярэцца за дзвярную ручку. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні занятку, да якога прыступаюць. Сесці за ўрокі. Узяцца за работу.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія выклікаюць тое ці іншае пачуццё, перажыванне. Непакоіцца за сына. Сорамна за непачцівасць. ▪ І ў сэрцы радасна бясконца За лёс краіны, за яе У вяках нягаснучае сонца, За песні, што народ пяе, За мірны і бясхмарны поўдзень Над беларускаю зямлёй. Танк.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, у дачыненні да якіх хто‑н. бярэ на сябе абавязкі, клопаты, адказнасць і пад. Ручацца за поспех. ▪ Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Броўка. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якіх падтрымліваюць, за якіх заступаюцца. Закінуць слова га таварыша. ▪ Ой, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца. Купала. За цябе, Беларусь, горда Пастаю на варце ля мяжы. Чарот. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, у імя якой што‑н. робіцца, выконваецца. Паднімем жа чаркі сям’ёю адзінай За матак, сясцёр і братоў. Броўка.

12. з Т (рэдка). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., па якія хто‑н. адпраўляецца. Хто палез за агуркамі, Хай той носіць пухіры. Крапіва. Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой. Янішчыц.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у абмен на які што‑н. набываецца, ствараецца, а таксама пры абазначэнні цаны, за якую купляецца або прадаецца што‑н. Набыць за грошы. Купіць за рубель. ▪ — Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася. Чорны.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., замест якога або ад імя якога дзейнічае хто‑н. Дзяжурыць за таварыша.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія выступаюць або прымаюцца ў якасці каго‑, чаго‑н., як хто‑, што‑н. Прыняць праект за аснову. Палічыць жарт за праўду. ▪ Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Шамякін. / Пры абазначэнні прафесіі, роду дзейнасці і пад. Быць за старшыню. Вывучыцца за настаўніка.

16. з В. Ужываецца пры параўнанні аб’ёму дзейнасці данай асобы са звычайнай нормай дзейнасці некалькіх асоб. Працаваць за трох. ▪ Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. Колас.

17. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая выступае жаніхом, мужам каго‑н. (з дзеясловамі «выйсці», «выдаць», «сватаць» і пад.). Выдаць замуж за брыгадзіра. Выйсці за доктара. Была замужам за лейтэнантам.

18. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца аб’ектам назірання, дагляду, увагі. Прыбраць за сабой. ▪ Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. Колас. Танца здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча. Мележ.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы (асоб), установы і пад., у распараджэнні якіх застаецца што‑н., за якімі лічыцца што‑н. Першынство засталося за дынамаўцамі. За ім лічыцца доўг. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., ад якіх залежыць наступленне якога‑н. дзеяння, стану. Слова за вамі.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі параўноўваецца, супастаўляецца хто‑, што‑н. Старэйшы за брата. Цвярдзейшы за камень. ▪ Праўда даражэй за золата. Прыказка. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «перш за ўсё», «хутчэй за ўсё».

21. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета гаворкі, сведчання і пад. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Колас.

Прычынныя адносіны

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з’явы і пад., якія з’яўляюцца прычынай, падставай для якога‑н. дзеяння або стану. Хваліць за кемлівасць. Караць за здраду. ▪ Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу. Броўка. Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Брыль.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай для дзеяння ці наступлення пэўнага стану. За ветрам нічога не чуваць. За работай не мае вольнай хвіліны. ▪ За дурной галавою і нагам няма спакою. Прыказка.

Мэтавыя адносіны

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца мэтай дзеяння, руху. Звярнуцца за дапамогай. ▪ [Мікалая Патапавіча] ужо ніхто не будзіць, ніхто не турбуе, ніхто не заходзіць у хату з пытаннямі, за парадамі. Кулакоўскі.

Колькасныя адносіны

25. з В. Ужываецца пры абазначэнні велічыні адлегласці, выражанай у якіх‑н. адзінках. Мястэчка знаходзілася за сорак вёрст ад чыгункі. Корбан. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы. Броўка.

26. з В. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, колькасці. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. С. Александровіч.

Акалічнасныя адносіны

27. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую да сябе — усю за раз, з усімі яе думкамі. Брыль. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі. Кулакоўскі.

Азначальныя адносіны

28. з Т. Ужываецца пры абазначэнні знешняй прыметы чаго‑н. па нумару, подпісу і пад. Даведка за подпісам старшыні. ▪ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! Куляшоў.

29. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’ёму ведаў. Экзамен за курс пачатковай школы.

за 2, прысл.

У падтрымку, на карысць каго‑, чаго‑н. — А ты свае [лугі] не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла. — Ды я што, супроць? — Не, не супроць, але і не за. Броўка.

•••

За і супроць — тое, што пацвярджае, апраўдвае якое‑н. рашэнне, дзеянне ў супастаўленні з тым, што яго адмаўляе, абвяргае. Узважыць усе за і супроць.

Што за ... гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука назоўнік | жаночы род

  1. Верхняя канечнасць чалавека ад пляча да кончыкаў пальцаў, а таксама ад запясця да кончыкаў пальцаў.

    • Правая р.
    • Доўгія рукі.
    • Выпасці з рук.
    • Паціснуць руку каму-н. (у знак прывітання або ўдзячнасці).
    • Павітацца за руку (пра поціск рукі).
    • Рукі не падаваць каму-н. (у знак пагарды не абменьвацца рукапацісканнем).
    • Весці за руку (трымаючы за руку).
    • Узяцца (пабрацца) за рукі.
    • Пад рукі весці (падтрымліваючы з двух бакоў пад сагнутыя локці).
    • Пад руку ісці з кім-н. (апіраючыся на чыю-н. сагнутую ў локці руку).
    • На рукі ўзяць каго-н. (пасадзіць да сябе на калені ці, падняўшы, прытуліць да сябе; звычайна пра дзіця).
    • На руках трымаць каго-н. (узяўшы на рукі).
    • На руках насіць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: надта песціць, балаваць; размоўнае).
    • Рукі апусціліся ў каго-н. (таксама пераноснае значэнне: прапала жаданне рабіць што-н., быць актыўным).
    • У рукі аддаць каму-н. (самому, асабіста).
    • На руку надзець.
    • Не па руцэ рукавіцы (вялікія або малыя).
    • Залатыя рукі ў каго-н. (умелыя; размоўнае).
    • Рукам волі не давай (не біся, прымі рукі; размоўнае).
    • З рук выпусціць (таксама пераноснае значэнне: упусціць што-н., не выкарыстаць што-н. выгаднае; размоўнае).
    • Рукі грэць на чым-н. (пераноснае значэнне: нажывацца несумленным спосабам; размоўнае неадабральнае).
    • Рукі прэч ад каго-, чаго-н.! (таксама пераноснае значэнне: патрабаванне не ўмешвацца ў чые-н. справы).
    • Р. не задрыжыць у каго-н. (таксама пераноснае значэнне: хопіць рашучасці зрабіць што-н. дрэннае).
    • За руку схапіць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: злавіць на месцы злачынства; размоўнае).
    • Цвёрдая р. ў каго-н. (пераноснае значэнне: упэўнены ў сабе, строгі).
    • У руках у каго-н. (таксама пераноснае значэнне:
      • 1) маецца, ёсць. Доказ у руках у следчага;
      • 2) у поўным падначаленні, залежнасці. Уся група ў яе ў руках;
      • 3) злоўлены. Злачынец у руках у міліцыі).
    • У руках або ў сваіх руках трымаць, мець што-н. (таксама пераноснае значэнне: трымаць у сваёй уладзе, валодаючы чым-н.).
    • Уруках трымаць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: у строгасці; размоўнае).
    • Руку прылажыць (таксама пераноснае значэнне: паставіць свой подпіс; устарэлае).
    • У рукі або ў свае рукі захапіць, узяць што-н. (таксама пераноснае значэнне: узяць сабе або пад свой кантроль, сваё кіраўніцтва).
    • У рукі ўзяць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: зрабіць больш дысцыплінаваным, прымусіць падпарадкавацца; размоўнае).
    • У нашых (маіх, яго) руках (таксама пераноснае значэнне: у нашых магчымасцях, наша права; размоўнае).
    • Усё валіцца з рук (пераноснае значэнне: за што ні вазьміся, нічога не атрымліваецца, ні на што няма сіл; размоўнае).
    • У добрыя, дрэнныя, чужыя рукі аддаць, трапіць або ў добрых, дрэнных, чужых руках быць, знаходзіцца (пераноснае значэнне: да добрых, дрэнных, чужых людзей або ў добрых, дрэнных, чужых людзей; размоўнае).
    • У адны рукі прадаць, адпусціць (пераноснае значэнне: аднаму чалавеку; размоўнае).
    • У рукі само (сам) ідзе (пераноснае значэнне: аказваецца лёгка даступным, дасягальным; размоўнае).
    • У чатыры рукі іграць (іграць на раялі ўдваіх).
    • Голымі рукамі не возьмеш каго-н. (пераноснае значэнне: пра таго, хто хітры, выкрутлівы; размоўнае).
    • З рук у рукі перадаць каго-, што-н. (пераноснае значэнне: непасрэдна перадаць каму-н.).
    • З рук у рукі пераходзіць (пераноснае значэнне: пераходзіць у валоданне то да аднаго, то да другога папераменна).
    • Пад гарачую руку трапіць (у сярдзітую хвіліну, калі хто-н. раздражнёны, раззлаваны; размоўнае).
    • Пад руку папасці, трапіць (пераноснае значэнне:
      • 1) выпадкова трапіцца. Пад руку трапіла цікавая кніжка;
      • 2) тое, што і пад гарачую руку трапіць; размоўнае).
    • Пад рукой (таксама пераноснае значэнне: у непасрэднай блізкасці, так, што зручна карыстацца; размоўнае).
    • Пад руку гаварыць каму-н. (пераноснае значэнне: гаварыць, перашкаджаючы таму, хто заняты справай; размоўнае).
    • На руках біць або ўдарыць (таксама пераноснае значэнне: заключыць здзелку, дамовіцца; размоўнае).
    • Па руках даць каму-н. (таксама пераноснае значэнне: даць каму-н. пострах; размоўнае).
    • На руках памерці чыіх-н. або ў каго-н. (пераноснае значэнне: у прысутнасці таго, хто быў побач, блізка).
    • Падаць, працягнуць руку дапамогі (пераноснае значэнне: дапамагчы; высокае).
    • Падняць руку на каго-н. (пераноснае значэнне: намерыцца ўдарыць або забіць каго-н.).
    • Рукамі і нагамі адбівацца, адпіхвацца (таксама пераноснае значэнне: катэгарычна адмаўляцца; размоўнае).
    • З рукамі і нагамі (пераноснае значэнне:
      • 1) ахвотна, з прыемнасцю; размоўнае З рукамі і нагамі возьмуць такога працаўніка;
      • 2) увесь, цалкам. Выдаць сябе з рукамі і нагамі; размоўнае).
    • Рука ў руку ісці (узяўшыся за рукі; таксама пераноснае значэнне: дзейнічаць сумесна, дружна).
    • Рукой не. дастаць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: пра таго, хто дасягнуў высокага становішча, а таксама пра таго, хто далёка; размоўнае).
    • Руку налажыць, накласці на што-н. (пераноснае значэнне: завалодаць чым-н.; размоўнае неадабральнае).
    • Р. не падымаецца ў каго на каго-, што-н. (пераноснае значэнне: не хапае смеласці, рашучасці зрабіць што-н.; размоўнае).
    • Рукі развязаць каму-н. (таксама пераноснае значэнне: даць магчымасць свабодна дзейнічаць; размоўнае).
    • Рукі атрэсці (пераноснае значэнне: катэгарычна адмовіцца ад каго-, чаго-н.; размоўнае).
    • Рукі свярбяць у каго-н. (таксама пераноснае значэнне:
      • 1) на каго, хочацца пабіцца; размоўнае;
      • 2) на што і з інфінітывам, хочацца заняцца якой-н. справай; размоўнае Рукі свярбяць на працу або працаваць).
    • Прайсці праз чые-н. рукі (пераноснае значэнне: быць прадметам чыёй-н. дзейнасці, уздзеяння, увагі).
    • Р. руку мые (прыказка пра тых, хто пакрывае дрэнныя ўчынкі адзін аднаго).
    • Чыстымі рукамі рабіць што-н. (таксама пераноснае значэнне: не крывячы душой, з чыстым сумленнем).
  2. пераноснае значэнне: Манера пісьма, почырк.

    • Увесь тэкст напісаны адной рукой.
  3. пераноснае значэнне: Старана, бок, напрамак (размоўнае).

    • Па правай руцэ цягнуўся лес (справа).
  4. пераноснае значэнне: Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю (размоўнае).

    • Свая р. дзе-н. у каго-н.
    • Моцная р.

Фразеалагізмы:

  • Ад рукі напісаць — пяром, карандашом, у адрозненне ад машынапіснага, друкаванага тэксту.
  • Воля рук (кніжнае) — свабода дзеянняў.
  • Да рук прыбраць каго-што —
    • 1) прысвоіць або завалодаць, захапіць (размоўнае неадабральнае).
      • Прыбраць да рук чые-н. рэчы;
    • 2) поўнасцю падпарадкаваць сабе каго-н. (размоўнае).
  • З другіх (трэціх) рук (даведацца, атрымаць звесткі) — не непасрэдна ад каго-н.
  • З першых рук (даведацца, атрымаць звесткі) — з першакрыніцы, непасрэдна ад каго-н.
  • З рук вон (размоўнае) — вельмі дрэнна, нікуды не варта.
  • З рук збыць каго-што (размоўнае) — пазбавіцца ад каго-, чаго-н.
  • З рук сысці (размоўнае) — застацца беспакараным.
    • Правіннасць сышла з рук.
  • З чужых рук глядзець (размоўнае неадабральнае) — быць у залежнасці ад іншых.
  • На руках —
    • 1) быць, мецца ў наяўнасці.
      • Даведка на руках;
    • 2) у каго, на чыім-н. утрыманні, пад апекай каго-н.
      • У мяне на руках вялікая сям’я.
  • На рукі выдаць што каму — уручыць.
  • На руку каму што (размоўнае) — выгадна каму-н., супадае з чыімі-н. інтарэсамі.
  • На руку нячысты (размоўнае) — схільны да крадзяжу, махлярства.
  • На ўсе рукі майстар (размоўнае) — усё умее рабіць.
  • Не з рукі (размоўнае) —
    • 1) каму, пра нязручнае становішча рукі ў момант якога-н. занятку.
      • Пісаць лежачы — не з рукі;
    • 2) не варта, не падыходзіць.
  • Не пакладаючы рук (размоўнае) — старанна, не перастаючы.
  • Па руках пайсці (хадзіць) (размоўнае) — пераходзіць ад аднаго да другога.
  • Прасіць чыёй рукі — зрабіць каму-н. прапанову выйсці замуж за сябе.
  • Рукі не дайшлі (не даходзяць) да чаго (размоўнае) — не паспявае хто-н. зрабіць што-н. з-за вялікай колькасці іншых спраў.
  • Рукі не даходзяць навесці парадак у кладоўцы.
  • Рукой падаць (размоўнае) — вельмі блізка.
    • Да лесу рукой падаць.
  • Руку (і сэрца) прапанаваць каму (устарэлае) — тое, што і прасіць чыёй-н. рукі.
  • Сон у руку (размоўнае) — пра сон, які спраўдзіўся.
  • Трымаць руку чыю (устарэлае і размоўнае) — быць чыім-н. прыхільнікам; падтрымліваць каго-н. у чым-н.
  • Узяць сябе ў рукі — прымусіць сябе супакоіцца.
  • Як рукой зняло што (размоўнае) — поўнасцю прайшло (звычайна пра боль).

|| памяншальная форма: ручка.

  • За ручку вадзіць каго-н. (таксама пераноснае значэнне: залішне апекаваць, пазбаўляць магчымасці дзейнічаць самастойна; неадабральнае).

Да ручкі дайсці (дабіцца) (размоўнае) — да галечы ці да зусім бязвыхаднага становішча.

|| памяншальная форма: ручачка.

|| павелічальная форма: ручышча.

|| прыметнік: ручны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незак.

1. каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. ▪ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. ▪ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. ▪ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у перан. ужыв. Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».

2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.

3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. ▪ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.

4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.

5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.

6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. ▪ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.

7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.

8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.

9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. ▪ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у перан. ужыв. Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.

10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.

11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. ▪ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.

12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам. / у безас. ужыв. Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безас. ужыв. Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.

13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. ▪ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. ▪ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. ▪ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.

14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.

15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.

16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.

17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.

18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.

19. Разм. Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.

20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.

21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.

•••

Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што‑н.

Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.

Браць (узяць) верх над кім — дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго‑н.

Браць (узяць) волю над кім — навязваць (навязаць) каму‑н. свае жаданні, сваю волю.

Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім‑н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам — дамагацца чаго‑н. крыкам.

Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.

Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.

Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.

Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым‑н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.

Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.

Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго‑н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго‑, што‑н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго‑н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.

Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (гл. чэрпаць).

Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.

Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.

Браць на бога — выпытваць што‑н., ставячы правакацыйныя пытанні.

Браць (узяць) на буксір — памагаць каму‑н., хто адстае, выконваць што‑н.

Браць (узяць) на веру што — верыць, давяраць, калі па якой‑н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н.

Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што‑н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.

Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго‑, што‑н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім‑, чым‑н.

Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што‑н. рабіць.

Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім‑н. напрамку.

Браць на пуп (груб.) — перанапружвацца фізічна.

Браць (узяць) на сябе што — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.

Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.

Браць (узяць) пад абстрэл гл. узяць.

Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.

Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.

Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.

Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.

Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.

Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.

Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.

Браць (узяць) слова з каго — дамагацца (дамагчыся) ад каго‑н. абяцання выканаць што‑н.

Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.

Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.

Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.

Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.

Браць (узяць) у галаву што — многа думаць пра што‑н.

Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Браць у рукі каго, што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.

Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.

Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.

Дзіва бярэ гл. дзіва.

Ліха яго бяры гл. ліха.

Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.

Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.

Смех бярэ гл. смех.

У рот не браць — нічога не есці.

Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.

Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.

Чорт не бярэ гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука, ‑і, ДМ ‑руцэ; мн. рукі, рук, ж.

1. Верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў. [Гаспадыня] прысеўшы на кукішкі, накладала сабе на руку пасечаныя Валодзем дровы. Арабей. // Гэтая ж канечнасць ад запясця да канца пальцаў; кісць. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. — Дзякую, — сказаў Бярозін і шчыра паціснуў руку Шусту. Шчарбатаў. // Пярэдняя канечнасць у малпы. / у перан. ужыв. Аднойчы ранкам непадалёку ад нас падняў у неба сваю магутную руку вежавы кран. Гарбук. З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак. Танк.

2. Верхняя канечнасць чалавека як прылада працы. — Вы ў такім стане, што я не магу вам дазволіць рабіць аперацыю. Для гэтага патрэбна спакойная рука... Шахавец. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. // След, вынік чыёй‑н. дзейнасці. Ва ўсім адчувалася вока і руплівая рука добрага гаспадара. «Беларусь». Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку. Мурашка.

3. толькі мн. (рукі, рук). Людзі, якія выконваюць работу; рабочая сіла, работнікі. А лішнія калгасныя рукі паехалі на зарабаткі. Баранавых. Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі. Колас.

4. толькі адз. Манера пісьма, почырк; стыль. І ў тым і ў другім творы відаць рука аднаго аўтара. Шкраба.

5. перан. Пра чалавека, краіну і пад., як уладу над кім‑н., як уладальніка чаго‑н. [Тапурыя:] — Пакутаваў бы ты пад гаспадарскай рукой да старасці год. Самуйлёнак. Хата стаяла тая ж самая і на тым жа месцы, але людзі, якія цяпер жылі ў ёй — маці Ціхамірава прадала хату, як сабралася ехаць гады праз два пасля вайны ў Сібір, — не ведалі Ціхаміра, бо гэта былі ўжо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук. Чыгрынаў.

6. Ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, а таксама з азначэннямі «правая», «левая», ужываецца ў значэнні: старана, бок. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі. Колас. З правай рукі, на поўдні, грымела таксама. Брыль.

7. перан. Ужываецца для абазначэння ўласцівасці і якасці характару чалавека. Жалезная рука. Цвёрдая рука. ▪ Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам, да таго ж у старшыні ў раёне была шчодрая рука. Дуброўскі.

8. толькі адз. Разм. Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму‑н. [Таркайла:] — З’явіліся нейкія людзі.. Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце... Караткевіч. — Што яму, пану, зробіш? Ён дзе ні пайшоў — усюды ў яго свая рука... Якімовіч.

9. толькі адз. Ужываецца ў некаторых спалучэннях у значэнні: згода на шлюб з кім‑н. Калі будавалася [Міхаліна], не было адбою ад леснікоў і шафёраў: кожны халасты прапаноўваў сваю руку, угаворваў выйсці замуж. Ракітны. Прыйшоў не насмяяцца, а прасіць яе [Раісы] рукі. Гроднеў.

10. У вінавальным склоне адз. л. з прыназ. «пад» і азначэннем. Азначае стан, настрой і пад. Пад гарачую руку. Пад п’яную руку.

•••

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Абедзвюма рукамі трымацца гл. трымацца.

Абедзвюма рукамі ўхапіцца гл. ухапіцца.

Абы з рук — абы-як, недабраякасна (рабіць што‑н.).

Адбівацца рукамі і нагамі гл. адбівацца.

Адбіцца ад рук гл. адбіцца.

Адваліліся рукі — прапала ахвота (што‑н. рабіць).

Адмахвацца рукамі і нагамі гл. адмахвацца.

Ад рукі — рукой (пісаць, чарціць і пад.).

Ад рук і ног адстаць гл. адстаць.

Апусціць рукі гл. апусціць.

Астацца без рук гл. астацца.

Без рук — не дакранаючыся; не б’ючы.

Без рук, без ног — а) ляжаць нерухома, не валодаючы ні рукамі, ні нагамі; б) быць вельмі стомленым пасля доўгай хады, цяжкай працы і пад.

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Браць ногі ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) у рукі каго-што гл. браць.

Валіцца з рук гл. валіцца.

Выпусціць з рук гл. выпусціць.

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Вялікай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якой‑н. якасці.

Гаварыць у руку гл. гаварыць.

Глядзець з рук каго або чыіх гл. глядзець.

Грэць рукі гл. грэць.

Гуляць па руках гл. гуляць.

Даць волю рукам гл. даць.

Даць (сунуць) у руку гл. даць.

Дзіравыя рукі — пра няўмелага, нязграбнага чалавека, у якога ўсё валіцца з рук.

Доўгія рукі ў каго — аб тым, хто мае схільнасць да кражы.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Заламаць рукі гл. заламаць 1.

Залатыя рукі — а) пра чые‑н. умелыя рукі. Інструментаў у .. [кузні] было мала, але рукі ў каваля былі залатыя, і неабходны інструмент ён рабіў сам. Машара; б) пра ўмелага, дзелавітага чалавека. [Сіман:] Добра, — Цябе я знаю: залатыя рукі. Клімковіч.

Запусціць руку гл. запусціць 1.

Збыць з рук гл. збыць.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму гл. звязаць.

З голымі рукамі — без усялякай зброі; нічога не маючы ў руках.

З другіх (трэціх) рук — праз пасрэднікаў (атрымаць, даведацца і пад.).

Злажыць рукі гл. злажыць.

З лёгкай рукі чыёй — пра чыё‑н. удалае пачынанне, прыклад.

З-пад рук — у час патрэбы (браць, хапаць у каго‑н.).

З першых рук — непасрэдна ад каго‑н., без пасрэднікаў (атрымаць, уведаць і г. д.).

З пустымі рукамі — нічога не маючы пры сабе; нічога не атрымаўшы, не дастаўшы (з’явіцца, прыйсці, апынуцца, вярнуцца і інш.).

З рук — не ў магазіне (купіць, прадаць і інш.).

З рукамі адарваць гл. адарваць.

З рукамі і нагамі — ахвотна, з прыемнасцю.

З рук вон гл. вон.

З рук не выпускаць чаго гл. выпускаць.

З рук у рукі — непасрэдна каму‑н., ад аднаго другому (аддаць, здаць).

(І) карты ў рукі каму гл. карта.

Ірваць з рук гл. ірваць 1.

Ісці міма рук гл. ісці.

Ісці рукою гл. ісці.

Караючая рука каго-чаго (высок.) — той (тое), хто (што) карае. Нехта сачыў за кожным крокам фашыстаў і ўмела накіроўваў караючую руку народных мсціўцаў. Мяжэвіч.

Круціць рукі каму гл. круціць.

Ламаць рукі гл. ламаць.

Лезці пад рукі гл. лезці.

Лёгкая рука ў каго; лёгкі на руку — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лізаць рукі каму гл. лізаць.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Махнуць рукой на каго-, што‑н. гл. махнуць.

Мець руку гл. мець.

Набіць (наламаць) руку гл. набіць.

На борздую (скорую) руку — паспешліва, хутка.

Нагрэць (пагрэць) рукі гл. нагрэць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць.

Налажыць (накласці) руку на што гл. налажыць.

На руках чыіх, у каго — а) пад апекай у каго‑н., на ўтрыманні ў каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.). [Мігуцкі:] Даўно я вас не бачыў. [Гудовіч:] Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках. Крапіва; б) пад наглядам, пад адказнасцю. Уся ферма была на руках загадчыка; в) у чыім‑н. карыстанні (быць, знаходзіцца і г. д.). Кніга паўгода была на руках.

На рукі — каму‑н. у асабістае распараджэнне (даць, выдаць, раздаць і г. д.).

На руку — выгадна, зручна, супадае з чыімі‑н. інтарэсамі.

Насіць на руках гл. насіць.

На ўсю (поўную) руку — на ўсю сілу, моц.

Не з рукі каму — а) нязручна, нявыгадна. Але ці гожа, ці прыстойна? Не — для дзяўчыны не з рукі. На крок адважыцца такі. Колас; б) не варта, не згадзіцца (рабіць што‑н.). — Паляваць з беркутам на машыне — не з рукі казаху. Беразняк.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) гл. ведаць.

Не ідзе ў руку гл. ісці.

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.) рук гл. мінуць.

Не пакладаючы рук гл. пакладаючы.

Ні рук, ні ног — не магчы нічога рабіць.

Ні рук, ні ног не чуць гл. чуць.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Нячысты на руку гл. нячысты.

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук гл. валіцца.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі гл. падаць.

Падняць (узняць) руку на каго-штогл. падняць.

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым гл. падпісацца.

Пад рукамі (пад рукой) — блізка, так што можна дастаць, выкарыстаць (быць, знаходзіцца, мець і пад.).

Пад руку — не да месца, замінаючы (гаварыць), калі хто‑н. што‑н. робіць.

Пад руку (ісці і пад.) — абапіраючыся рукою на чыю‑н. сагнутую ў локці руку або прытрымліваючы каго‑н. рукою за локаць ці вышэй локця.

Пайсці па руках гл. пайсці.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму гл. папасціся.

Першай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якога‑н. майстэрства, якой‑н. якасці.

Правая рука чыя — першы памочнік.

Прайсці праз рукі каго, чые гл. прайсці.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Прылажыць (прыкласці) рукі да каго-чаго гл. прылажыць.

Прылажыць руку да чаго або пад чым гл. прылажыць.

Пэцкаць рукі гл. пэцкаць.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Развесці рукі (рукамі) гл. развесці.

Развязаць рукі каму гл. развязаць.

Рука не задрыжыць у каго, чыя — хопіць смеласці, рашучасці, адвагі (зрабіць што‑н.).

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца — не хапае рашучасці (зрабіць што‑н.).

Рука руку мые — аб адносінах людзей, калі яны пакрываюць дрэнныя ўчынкі адзін другога.

Рука ў руку — а) узяўшыся за рукі; б) сумесна, дружна.

Рукі адваліліся ў каго — надта стаміўся ад работы рукамі.

Рукі апусціліся — прапала жаданне або здольнасць рабіць што‑н.

Рукі атрэсці гл. атрэсці.

Рукі кароткія — няма дастатковай магчымасці, права (зрабіць што‑н.).

Рукі не адваляцца — нічога не здарыцца з кім‑н. ад таго, што ён выканае якую‑н. работу.

Рукі не дайшлі (не даходзяць) — не было часу, не выпадала, не хацелася.

Рукі па нівах — па стойцы «смірна», з выцягнутымі ўдоўж тулава рукамі (стаяць, трымацца і г. д.).

Рукі свярбяць у каго — а) на каго хочацца пабіцца. пабіць каго‑н.; б) хочацца заняцца чым‑н.

Рукі ўгору! — загад каму‑н. падняць рукі, каб пазбавіць магчымасці супраціўляцца.

Рукой дастаць гл. дастаць.

Рукой падаць гл. падаць.

Скласці рукі гл. скласці.

Склаўшы рукі гл. скласці.

Сон у руку гл. сон.

Схапіць за руку гл. схапіць.

Сысці з рук гл. сысці.

Сядзець злажыўшы рукі гл. сядзець.

Сярэдняй рукі — сярэдні, нічым не вызначаецца па сваіх здольнасцях, становішчы і пад.

Трапіць пад руку гл. трапіць.

Трымацца рукамі і зубамі гл. трымацца.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

У адны рукі — аднаму чалавеку (прадаваць, адпускаць і пад.).

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

Умыць рукі гл. умыць.

У руках каго, чыіх, у каго — а) у залежным становішчы (быць, знаходзіцца і г. д.); б) у карыстанні, у распараджэнні каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.).

У рукі плыве гл. плысці.

У рукі просіцца гл. прасіцца.

Усе козыры ў руках у каго гл. козыр.

Ухапіцца абедзвюма рукамі за што гл. ухапіцца.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Цягнуць руку чыю, каго гл. цягнуць.

Цяжкая рука; цяжкі на руку — а) пра таго, хто моцна і балюча б’е; б) пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.

Чужымі рукамі — не самастойна, выкарыстоўваючы працу, энергію, сілы і пад. іншых.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Як без рук без каго-чаго — бездапаможны без каго, чаго‑н.; не быць у стане што‑н. зрабіць без каго‑, чаго‑н.

Як рукой зняло гл. зняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)