згуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Аб’яднаць у гурт, наблізіўшы аднаго да другога. Ды і ўсе армейскія коні, відаць, такія. Прывыкаюць да гурту, адзін да аднаго. Магчыма, баі і страхі іх так згуртавалі. Няхай.
2. перан. Аб’яднаць; зрабіць узгодненымі, аднадушнымі чые‑н. дзеянні. Верны, светлы праклала нам партыя шлях, Згуртавала, з’яднала нас воляй адзінай. Танк. Сам таго не заўважыўшы, .. [Мікалай] згуртаваў вакол сябе моладзь. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зліць, злучыць з кім‑, чым‑н., утварыўшы цэлае. Мы вызвалілі з-пад прыгнёту польскіх паноў нашых заходнебеларускіх братоў і з’ядналі вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Купала.
2. перан. Згуртаваць, дасягнуўшы адзінства думак, поглядаў, дзеянняў. Пастанова з’яднала для творчай працы лепшыя савецкія літаратурныя сілы. Чорны. Усіх нас адзінаю воляй з’яднала Магутная партыя бальшавікоў. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выпадко́васць, ‑і, ж.
1. Асаблівасць выпадковага.
2. Нечаканая, непрадбачаная з’ява. Па шчаслівай выпадковасці.
3. Акалічнасць, якая не абумоўлена непасрэднай прычынай. Людзі самі робяць сваю гісторыю, але да гэтага часу яны рабілі яе, не кіруючыся агульнай воляй па адзінаму агульнаму плану, нават у рамках пэўнага, абмежаванага, данага грамадства. Іх імкненні перакрыжоўваюцца, і ва ўсіх такіх грамадствах пануе з гэтай прычыны неабходнасць, дапаўненнем і формай праяўлення якой з’яўляецца выпадковасць. Энгельс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зале́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які падпарадкуецца чыёй‑н. уладзе, волі, знаходзіцца ў залежнасці. Залежныя краіны. □ [Алесь] не хацеў верыць гэтаму, бо надакучыла быць залежным, схіляцца перад кожным. Чарнышэвіч. // Абумоўлены чым‑н., звязаны чужой воляй. Залежнае становішча.
2. Які выражае залежнасць (у 3 знач.). Залежнае слова.
3. Здольны паказваць на тое, што аб’ект дзеяння ў сказе з’яўляецца дзейнікам, а суб’ект — прыладай дзеяння (пра дзеяслоўныя формы, канструкцыі і пад.). Залежны стан дзеяслова. Дзеепрыметнік залежнага стану. Залежная канструкцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак.
1. каго. Разабраўшы абставіны, факты, устанавіць, хто правы, хто вінаваты. [Кулагін:] — Ніхто не паверыць, што ўсё робіцца без майго ведама. Ну, добра. Няхай нас з табой праўленне рассудзіць. Гаўрылкін.
2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, прыйсці да якой‑н. пэўнай думкі, рашэння; разважыць, рашыць. А кім быц[ь], сам рассудзіш сваёй добрай воляй. Колас. — Ды будзе не будзе пагоды, а дзён праз дзесяць трэба збірацца на касавіцу, — рассудзіў Хведар. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суб’ектыві́зм, ‑у, м.
1. Светапоглядная пазіцыя, якая ігнаруе аб’ектыўны падыход да рэчаіснасці, адмаўляе наяўнасць аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства.
2. Напрамак у буржуазнай сацыялогіі, які сцвярджае, што развіццё грамадства вызначаецца не аб’ектыўнымі заканамернасцямі, а суб’ектыўнымі фактарамі — воляй, жаданнямі і імкненнямі пэўных асоб.
3. Асабісты, пазбаўлены аб’ектыўнасці погляд на што‑н. Суб’ектывізм у навуцы. □ Суб’ектывізм крытычных ацэнак — вельмі непажаданая з’ява. Ён сведчыць, што крышку нестае эстэтычнай адукаванасці, умельства знаходзіць галоўную сутнасць у мастацкім творы. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,
формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.
Літ.:
Предмет и система этики. М.;
София, 1973;
Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;
Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат. М., 1994;
Зеленкова И.Л. Основы этики. Мн., 1998;
Основы этических знаний. СПб., 1998.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
суб’ектыві́зм
(ад лац. subiectivus = суб’ектыўны)
1) ідэалістычны светапогляд, які адмаўляе аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету і лічыць, што прадметы і з’явы існуюць толькі ў свядомасці чалавека;
2) кірунак у сацыялогіі, які сцвярджае, што развіццё грамадства вызначаецца не аб’ектыўнымі заканамернасцямі, а воляй, імкненнямі пэўных асоб;
3) асабістыя, прадузятыя адносіны да чаго-н.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Я.М.Бабосаў.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.
2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.
3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)