Су́бар ’сумесь збожжавага насення’ (Нас.; парыц., Янк. Мат.; Мат. Гом.; асіп., Сл. ПЗБ; маг., гом., ЛА, 4), ’зерневыя адходы пры веянні збожжа’ (Мат. Маг.; рагач., асіп., Сл. ПЗБ; Шатал., Ян.; ЛА, 2), су́бырь, су́барь ’розная мука, сабраная ў млыне ад дзесяціны’ (Шымк. Собр.), ’высеўкі, вотрубі’ (Растарг.), субо́р ’куча дробнага камення, сабраная на полі’ (Касп.; полац., Нар. лекс.), ’мука, атрыманая ад памолу сумесі ячменю і грэчкі’ (Ян.), ’натоўп, зборышча’ (Станк.; маст., Нар. сл.), сюды ж су́барны: субарная мука ’мука з сумесі рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), суба́рніца ’сумесь рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ), суба́рніна ’бязглуздзіца, кавардак’ (Касп.). Рус. суба́р ’адходы, сумесь’, пск. субо́р ’каменне, сабранае з поля і складзенае ў кучу’. З су- і браць, гл. (Фасмер, 3, 791–792). Параўн. аналагічнае славен. sọbra ’крупы’ < *sǫ‑bьra (Сной у Бязлай, 3, 282), што дае падставы для рэканструкцыі *sǫ‑borъ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 206). Значэнне ’куча камення на полі’ не звязана з бор ’узвышэнне, пясчаны бугор’ (Талстой, Геогр., 40). Борысь (Prefiks., 93) узнаўляе прасл. *sǫborь/*sǫborъ < прасл. *sъ‑berǫ, *‑bьrati з адпаведнікамі ў балцкіх мовах: літ. súmbaris ’ссыпанне, складванне разам’, sǫ́barios ’дажынкі’, лат. suobara ’сумесь розных гатункаў збожжа’. Варбат (Слав. языкозн., VII, 110–111) больш позняй праславянскай лічыць і *sǫbarъ з падаўжэннем апафанічнага *o ў корані аналагічна *udarъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь*‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАМЕ́ННЫ ВЕК,

найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн. г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс. г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс. г. назад) і ашэльскую (гл. Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс. г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс. г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс. г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс. г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс. г. да 7 тыс. г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.

На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).

Літ.:

Борисковский П.И. Древнейшее прошлое человечества. 2 изд. Л., 1979;

Елинек Я. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. Прага, 1983;

Палеолит СССР. М., 1984;

Мезолит СССР. М., 1989;

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

І.М.Язэпенка.

Каменны век. Востраканечнік і скрэблападобная прылада працы. Знаходкі каля в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)