кантыне́нт

(лац. continens, -ntis)

буйны ўчастак сушы, акружаны акіянам; мацярык (напр. Афрыканскі к.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),

найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям. гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн. г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.

Л.​І.​Цягака.

Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.​Бурыян.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗА́ЛА (Odzala),

нацыянальны парк у Конга. Засн. ў 1935 (да 1940 запаведнік) у вярхоўях р. Мамбілі (прыток р. Ліквала). Пл. 110 тыс. га. Біясферны рэзерват. Захоўваюцца вільготны трапічны лес і саванна. У фауне звычайныя афрыканскі слон, буйвал, карлікавы буйвал, бонга, кустовая свіння, леапард, залаты кот і інш.

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),

вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн. г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.

Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.

Праконсул афрыканскі.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БЕН (ням. Graben літар. роў),

выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.

А.​А.​Саламонаў.

Грабен.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мары́мба

(ісп. marimba, з афр.)

1) афрыканскі ўдарны музычны інструмент, разнавіднасць ксілафона;

2) язычковы шчыпковы музычны інструмент, пашыраны ў Конга і Усх. Афрыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАДАРЭ́ЗЫ (Rynchopidae),

сямейства птушак атр. сеўцападобных. 3 віды: вадарэз афрыканскі (Rynchops flavirostis), вадарэз амерыканскі, або чорны (R. nigra), вадарэз індыйскі (R. albicollis). Жывуць у тропіках у вусцях вял. рэк, каля марскіх узбярэжжаў і на вял. унутр. вадаёмах Афрыкі, Паўд. Амерыкі, ПдУ Паўн. Амерыкі, Індастана і часткі Індакітая.

Даўж. да 45 см. Зверху чорныя, знізу белыя. Крылы доўгія і вострыя. Дзюба доўгая, ніжняя частка на ​1/3 даўжэйшая за верхнюю. Ногі кароткія. Шчылінападобная зрэнка — выключэнне ў класе птушак Лятаюць над вадой у пошуках корму, здабываюць дробную рыбу, вадзяных насякомых, рачкоў. Гнёзды на водмелях пясчаных астравоў. Нясуць 2—5 яец.

Вадарэз індыйскі.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКА́НІЯ-НО́ВА,

запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс. га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.​Ф.​Іванова.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,

захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)