ДУБРО́ЎСКІ (Віктар Паўлавіч) (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),
рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар.арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж.сімф. аркестры СССР, Дзярж.акад.рус.нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.Вагнера, фантазіі на тэмы бел.нар. песень В.Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.Будніка, 8-й сімфоніі Дз.Смольскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец.муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял.тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,
разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.Шонберг), лірыка-драм. (А.Анегер, К.Караеў), апаэтызаваная (Б.Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, А.Залётнева, В.Капыцько, В.Кузняцова, К.Цесакова і інш.
Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» і «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг.літ. часткі Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар.арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ АКАДЕ́МИЯ»,
штоквартальны музычны навук.-тэарэт. і крытыка-публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1933 у Маскве на рус. мове, да 1992 наз. «Советская музыка». Асвятляе падзеі муз. культуры Расіі і замежных краін. Мае рубрыкі: «Духоўная культура Айчыны», «Спадчына», «Пра музыку, пра сябе», «Па гарадах Расіі», «На скрыжаванні мастацтваў», «Гістарычныя эцюды», «За рубяжом» і інш. Змяшчае праблемныя навук.-тэарэт. матэрыялы, дыскусійныя артыкулы, пераклады, рэдкія і архіўныя дакументы, звесткі пра творчасць кампазітараў, фестывалі, конкурсы, прэм’еры, нотныя і муз.-бібліягр. выданні і інш. У розныя гады ў часопісе друкаваліся бел. кампазітары: Г.Вагнер, Г.Гарэлава, У.Дарохін, С.Картэс, В.Кузняцоў, І.Лучанок, Р.Пукст, Ю.Семяняка, Я.Цікоцкі, Л.Шлег, М.Шчаглоў, музыказнаўцы Р.Аладава, Т.Дубкова, І.Зубрыч, А.Ладыгіна, З.Мажэйка, Т.Мдывані, Л.Мухарынская, І.Назіна, І.Нісневіч, А.Ракава, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, Н.Юдзеніч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,
музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз. музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л.бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел.муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.Аладава, Э.Алейнікава, У.Алоўнікаў, В.Антаневіч, Г.Глушчанка, Т.Дубкова, І.Зубрыч, І.Лучанок, Л.Мухарынская, І.Нісневіч, Р.Сергіенка, В.Сізко, Б.Смольскі, Л.Сцяпура, Г.Цітовіч, Т.Шчарбакова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІЁВІЧ (Леў Майсеевіч) (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.
Тв.:
4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф.арк.;
канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.Шастаковіча (1976) з сімф.арк.;
арыя для скрыпкі і камернага арк.;
санаты;
фп. цыкл «Фрэскі»;
паэма для голасу з фп.;
зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Ф.Цютчава, Р.Бёрнса, А.Пушкіна;
«Партызанскія балады» на вершы А.Астрэйкі, М.Танка, У.Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;
хары, песні, музыка да радыёспектакляў.
Літ.:
Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.