завярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Змяніць напрамак свайго руху; павярнуць. Вось машына завярнула з бальшака ў стэп і спынілася. Няхай. Ішла [Хіма] шырокай вуліцай, потым завярнула направа. Вось і дом, куды ёй патрэбна. Каваль.

2. каго-што. Прымусіць рухацца ў іншым напрамку; павярнуць. Касмач завярнуў каня і, ударыўшы яго доўгім лазовым дубцом, паехаў у вёску. М. Ткачоў. // каго. Зайшоўшы, забегчы наперад, пераняць, павярнуць у другі бок. Завярнуць кароў ад шкоды. □ Ігнась завярнуў чараду на палетак і сеў ад ветру на.. шырокай мяжы. Мурашка.

3. што. Паварочваючы, змяніць становішча чаго‑н. Віктар спрытна завярнуў .. [мужчыну] рукі назад і аклікнуў чалавека, які нясмела выглядваў з-за брамы. Асіпенка. // Загнуць, адвярнуць. Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса. Шамякін.

4. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнула ў лес.

5. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам. І пасля паўдня ўжо то той, то другі заверне пад Гнілое балота, хоць здалёк паглядзець, што там робіцца. Колас. [Чыжык] не сказаў Саўчанку пра жонку, сказаў толькі, што заверне да бацькоў на якую гадзіну. Лупсякоў.

6. каго-што. Разм. Заваліць, закідаць чым‑н. Князевы слугі, віжуючы навокал, толькі і чакалі зручнага моманту: падкраўшыся да соннага асілка, яны завярнулі яго векавымі соснамі. У. Калеснік.

•••

Завярнуць аглоблі — тое, што і павярнуць аглоблі (гл. павярнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос, ‑а; мн. насы, ‑оў; м.

1. Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху. Я пацягнуў глыбока носам і шапнуў тату: — Чуеце, як пахне хлеб... Пальчэўскі. Алесь прыхінуўся да Шуры, паклаў на плячо галаву. Ужо носам пасвіствае. Навуменка. Са злосці .. [воўчы важак] ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Чорны.

2. Дзюба ў птушкі. Буслы клякочуць, бусляняты Пішчаць жалобна, як шчаняты, Насы закідваюць угору. Колас. Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос! Прыказка.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад. Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чыркнулі насамі па пяску. Брыль. Паправіўшы курс на чатыры градусы, Сіняўскі паставіў нос самалёта на захад. Алешка. Танк спыніўся, нязграбна ўткнуўшыся носам у канаву. Шамякін.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога‑н. прадмета. Крышыла лёд, Крышыла скалы аб нос бетоннага быка... Кляшторны. На самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. В. Вольскі.

5. Тое, што і насок (у 1 знач.). Боты з тупымі насамі. □ Ногі былі мокрыя вышэй каленяў, і я з жалем успомніў пра свае юхтовыя боты, сумна глянуўшы на камашы з вострымі насамі. Кірэенка.

•••

Арліны нос — нос з гарбінкай.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Аж нос гнецца у каго — прагна, з апетытам есць хто‑н.

Астацца з носам гл. астацца.

Без фігі не да носа — аб ганарыстым чалавеку, да якога ніяк нельга падступіцца.

Біць (даваць) у нос гл. біць.

Бубніць (сабе) пад нос гл. бубніць.

Вадзіць за нос гл. вадзіць.

Ветрыць носам гл. ветрыць.

Высунуць (выткнуць) нос гл. высунуць.

Вярнуць нос гл. вярнуць ​2.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Драць нос гл. драць.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос гл. дуля.

Заараць носам (зямлю) гл. заараць.

Задраць нос гл. задраць.

Зарубіць (сабе) на носе гл. зарубіць.

Зарыць носам (зямлю) гл. зарыць.

Застацца з носам гл. застацца.

З-пад (самага) носа — на вачах у каго‑н., у непасрэднай блізкасць ад каго‑н.

Камар носа не падточыць (не падаткне, не падсуне) гл. камар.

Кляваць (дзюбаць) носам гл. кляваць.

Крукам (шастом) носа не дастаць гл. дастаць.

Круціць носам гл. круціць.

На носе — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што‑н.). [Сабураў:] — Ні адна са стратэгічных задач не дасягнута, а зіма на носе. Навуменка.

Не ў нос (не па носе) — не даспадобы.

Нос адвярнуць гл. адвярнуць.

Носам рыць гл. рыць.

Носам чуць гл. чуць.

Носа не ўбіць гл. убіць.

Нос у нос; носам к носу — вельмі блізка адзін да другога; твар у твар. Дні праз тры Міхась сустрэўся з камендантам нос у нос... Якімовіч.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос гл. павесіць.

Пад (самым) носам; перад (самым) носам — блізка, побач, у непасрэднай блізкасці ад каго‑, чаго‑н.

Пакінуць з носам гл. пакінуць.

Паляцець носам гл. паляцець.

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос гл. соваць.

Соваць (тыцкаць) пад нос гл. соваць.

Сунуцца з (сваім) носам гл. сунуцца.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

Тыцнуць носам гл. тыцнуць.

Уткнуцца носам гл. уткнуцца.

Уцерці (падцерці) нос гл. уцерці.

(Хоць) кроў з носа гл. кроў.

Хоць (ты) нос затыкай гл. замыкаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

turn

[tɜ:rn]

1.

v.i.

1) круці́цца

2) паваро́чвацца

Turn over on your back — Павярні́ся на сьпі́ну

3) паваро́чваць, зваро́чваць

The road turns to the north here — Даро́га паваро́чвае тут на по́ўнач

4) перахо́дзіць

The street turned into a highway — Ву́ліца перайшла́ ў аўтастра́ду

5) блядне́ць, бяле́ць

She turned pale — Яна́ зьбяле́ла

6) зварача́цца, зьвярта́цца

He turned to his father for help — Ён зьвярну́ўся да ба́цькі па дапамо́гу

2.

v.t.

1) круці́ць; паваро́чваць, пераваро́чваць

to turn the key in the lock — павярну́ць ключ у замку

to turn a furrow — адвярну́ць баразну́

to turn a page — перавярну́ць бачы́ну

2) пераклада́ць, перака́зваць

3) пары́раваць

to turn a punch — пары́раваць уда́р

4) загіна́ць; скру́чваць

5) спаўня́цца

He turned sixty — Яму́ спо́ўнілася шэсьцьдзеся́т

6) Figur. настаўля́ць, нацко́ўваць

to turn friends against friends — нацко́ўваць пры́яцеляў на пры́яцеляў

7) выме́ньваць, абме́ньваць

to turn stock into cash — вы́меняць а́кцыі на гато́ўку

8) зьмяня́ць рэлі́гію

3.

n.

1) абаро́т -у m.

at each turn of the wheel — пры ка́жным абаро́це ко́ла

2) паваро́т -у m.

a turn to the left — паваро́т нале́ва

right, left, about turn! — напра́ва! нале́ва! круго́м! (вайско́выя кама́нды)

3) паваро́т, заваро́т -у m.

a turn in the road — паваро́т даро́гі

4) зьме́на f.

a turn for the better (for the worse) — зьме́на на ле́пшае (го́ршае).

5) зьме́на f., перало́м -у m.

the turn of the year — перало́м го́ду, кане́ц го́ду

6) віто́к -ка́ m., адно́ ко́лца скрутка́ (вяро́ўкі)

7) чарга́ f.

to wait one’s turn — чака́ць свае́ чаргі́

8) Figur. учы́нак -ку m.

a good turn — до́бры ўчы́нак

9) прагуля́нка, прагу́лка f., шпа́цыр -у m.

- at every turn

- by turns

- in turn

- out of turn

- take turns

- turn down

- turn in

- turn loose

- turn off

- turn on

- turn out

- turn over

- turn to

- turn up

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)