Сту́га ‘саламяная (або лазовая) бочка з накрыўкай’, ‘нешта падобнае на такую бочку’ (ТС), ‘кораб, сплецены з саломы і лазы’ (кам., Ск. нар. мовы), сту́жка ‘сплеценая з саломы пасудзіна для мукі’, памянш. сту́жэчка (брэсц., З нар. сл.), ‘посуд з саломы’ (Бес.). Укр. сту́га ‘лазовая каробка, абмазаная глінай для мукі, зерня’, ‘каробка з лубу’, памянш. сту́жка, сту́жечка, польск. stągiew ‘вялікая бочка для вады, шырэйшая ўнізе, на ножках’, якое лічыцца крыніцай запазычання ўсходнеславянскіх слоў, параўн. таксама чэш. štoudev ‘высокая пасудзіна’, што выводзяць з ст.-в.-ням. standa ‘высокая пасудзіна’ ад stantan ‘стаяць’ (Брукнер, 515; ЕСУМ, 5, 456), аднак гэта не вельмі пераконвае. У народнай мове звязваецца з сту́га, сту́жка ‘вузкая палоска (у прыватнасці, сплеценая з саломы)’, з якой, сшываючы лазой, выплятаюць бочкі. Параўн. таксама серб.-харв. сту̏га ‘пустая калода’, якое, паводле Мяркулавай (Этимология–1983, 66–67), да і.-е. *(s)teug‑ ‘калода’. Яшчэ раней Трубачоў (Труды, 1, 293) параўноўваў серб.-харв. сту̏га ‘выдзеўбаная калода для захавання збожжа’ з літ. stũlgas ‘круглы, авальны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру I у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.​Л.​Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)