род кветкавых раслін сям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (B. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК.
Існаваў у 1623—1830. Засн. ў паўн. прадмесці Брэста Пяскі. Напачатку быў драўляны. Мураваны касцёл Дабравешчання Марыі асвячоны ў 1751; адначасова пабудаваны 2-павярховы кляштарны корпус, які застаўся незакончаным. Увенчаны 8-граннай вежай храм меў незвычайны для бел. архітэктуры авальны план з асобнай капліцай для манашак. Інтэр’ер быў аздоблены стукавай лепкай і 11 разьбянымі алтарамі. Існавалі гасп. будынкі: стайні, хлявы, свірны, карэтнік і інш. Да іх прымыкалі сад і агарод. Уся тэр. была абнесена мурам. Пры пабудове Брэсцкай крэпасці кляштар быў зачынены, у ім размяшчалася арыштанцкая рота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІПА́ЛЫ, прыліпалавыя (Echeneidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных (па інш. класіфікацыі — атр. прыліпалападобных). Вядомы з эацэну (каля 50 млн.г. назад). 7 родаў, 7 (10) відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных акіянічных водах. Дарослыя асобіны прысмоктваюцца да рыб, чарапах, кітоў, днішчаў суднаў. Могуць весці і свабодны спосаб жыцця (напр., прыліпала звычайны — Echeneis naucrates).
Даўж. да 1 м. Першы спінны плаўнік перамешчаны на галаву і ператвораны ў прысосак — авальны дыск, абкружаны пругкім мускульным валікам. Промні плаўніка падзелены на 2 гарыз.ч., якія ўтвараюць на прысмоктвальным дыску быццам бы папярочныя складкі, якія ўтвараюць вакуум, калі прыўздымаюцца. Кормяцца планктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЧО́К (Alyssum),
алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.
Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в.Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МРА,
старажытнарускі нар. струнны шчыпковы муз. інструмент. Найб. пашырана ў 16—17 ст. Мела грыф, авальны корпус. Як сольны і ансамблевы інструмент выкарыстоўвалася скамарохамі, якія стварылі сям’ю Д. (домрышка, Д., Д. басістая). У 2-й пал. 18 ст. паступова знікла. У сучасным выглядзе рэканструявана В.Андрэевым (1896). Мае паўсферычны корпус. кароткую шыйку з грыфам, на якім прарэзаны метал. лады, галоўку з калкамі, 3 метал. струны. Гук здабываецца плектрам. На аснове гэтай Д. ў 1896—98 С.Налімаў стварыў сям’ю аркестравых Д., якая стала асновай Велікарускага аркестра імя Андрэева. У 1908 Р.Любімаў і С.Бураў стварылі струнную Д. Абедзве разнавіднасці выкарыстоўваюцца ў аркестрах рус.нар. інструментаў. На Беларусі прафес. і самадз. музіцыраванне на Д. (сольнае, ансамблевае, аркестравае) развіваецца пераважна ў гар. асяроддзі. Секстэт Д. працаваў на Бел. тэлебачанні і радыё. Класы Д. ёсць у муз.навуч. установах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,
агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.
Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн.м²/сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.