БА́БА (тэхн.),
ударная частка молатаў, капроў і інш. машын, якія выконваюць карысную работу за кошт энергіі ўдару. Выкарыстоўваецца пры забіванні паляў, коўцы і штампоўцы розных дэталяў. Падыманне бабы выконваецца ручным або эл. прыводам, а таксама парам ці сціснутым паветрам. Маса бабы можа дасягаць 30 т.
т. 2, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКА́К (цюрк.),
у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
акіянскія і марскія адклады, якія намнажаюцца на глыб. 200—3000 м, на мацерыковым схіле і часткова ў найб. глыбакаводных участках шэльфа. Займаюць каля 20% плошчы Сусветнага ак. Прадстаўлены тэрыгеннымі асадкамі (больш за 56%), разнастайнымі муламі (вапняковыя, крамяністыя) і інш. Гл. таксама Батыяль.
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСТ (перс.),
у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРКАВЕ́ННЕ,
працэс адкладання тлушчападобнага рэчыва суберыну ў абалонках клетак шматгадовых раслін. Характэрна для клетак покрыўных тканак — экзадэрмы і корку, якія ахоўваюць унутр. тканкі кораня і сцябла ад страты вільгаці і ваганняў т-ры. Корак не дае раслінам высыхаць і ахоўвае жывыя клеткі, спрыяе загойванню ран.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНІ́ЧНАСЦЬ фатаграфічная,
здольнасць светлавога выпрамянення аказваць фатагр. ўздзеянне на святлоадчувальны матэрыял. Пры нязменным у часе выпрамяненні мерай адноснай актынічнасці з’яўляюцца адносіны асветленасцяў, утвораных у плоскасці фатагр. матэрыялу дадзенай крыніцай і крыніцай параўнання, якія пры аднолькавых экспазіцыях і хім.-фатагр. апрацоўцы даюць аднолькавы фатагр. эфект.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Х (ад араб. ілах бажаство),
адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),
армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́ ПЕ́ЛЕ (ад імя Пеле — багіні агню ў стараж. гавайцаў),
тонкія бурыя ніткі вулканічнага шкла, якія ўтвараюцца ў выніку ўздзеяння моцных патокаў газаў і вятроў на фантаны вельмі вадкай лавы. Характэрныя для вывяржэнняў вулканаў на Гавайскіх а-вах. Назіраліся пры вывяржэннях Талбачынскай сопкі на Камчатцы.
т. 3, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага вярчэннем малекулы як цэлага. Складаюцца з асобных амаль роўнаразмешчаных ліній, на якія распадаюцца, напр., палосы вагальных спектраў. Назіраюцца таксама ў мікрахвалевай вобласці, далёкай інфрачырвонай вобласці і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. Гл. таксама Інфрачырвоная спектраскапія, Малекулярныя спектры.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)