ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),

адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.

Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБЫ́ СВО́ЙСКІЯ,

птушкі сямейства галубоў атр. голубападобных. Паходзяць ад дзікага шызага голуба (Columba livia). Вядома больш за 150 парод галубоў свойскіх, якія падзяляюцца на паштовых, спартыўных, дэкаратыўных і мясных. Паштовыя галубы свойскія (чырвоны паштар, бельгійскія) здольныя пралятаць да 1000 км са скорасцю 100 км/гадз. Раней іх выкарыстоўвалі для сувязі. Спартыўных (мікалаеўскі, нежынскі, курскі і інш.) і дэкаратыўных галубоў свойскіх (дутышы, паўліны, якабіны, турманы, чайкі і інш.) гадуюць аматары дзеля хуткага палёту, прыгожага апярэння, своеасаблівай формы цела і буркавання. Мясных галубоў свойскіх (карно, кінг, рымскія і інш.) у многіх краінах гадуюць на мяса.

Жывая маса мясных галубоў 700—1100 г, самак 600—700 г. Спароўванне з 5-месячнага ўзросту. Наседжваюць яйцы галубка і голуб 18 сутак. Бацькі выкормліваюць птушанят «валлёвым малаком» (малакападобнай кашкай). У 30—40-дзённым узросце выкарыстоўваюцца на мяса.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),

сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр. Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.

Літ.:

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШКАЎ,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.

М.​І.​Лашанкоў.

Гліняная фігурка каня з гарадзішча Гарошкаў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.​Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.​Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.

Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.​Арцімовіч. 1979.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),

манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.

Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.

Гіяцынт (садовая форма).

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСА́РЫЙ (ад лац. glossarium слоўнік глос),

1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.

2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.

М.​Р.​Суднік.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),

група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.

Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.

Гнаевікі: геатрупы (1 — гнаявік звычайны; 5 — гнаявік веснавы); гнаевічкі (2 — афодый рыючы; 3 — афодый чырванакрылы); гнаевікі (4 — скарабей свяшчэнны; 6 — копр месяцовы; 7 — калаед-бык; 8 — гнаявік Шрэбера).

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Gómez de la Serna) Рамон) (5.7.1888, Мадрыд — 12.1.1963),

іспанскі пісьменнік і публіцыст. Адзін з буйных прадстаўнікоў ісп. авангардызму (прапагандыст дадаізму), ідэі якога абагульніў у кн. «Ізмы» (1931). Вядомасць прынеслі кнігі эсэ і нарысаў «Растра» (1915), «Цырк» (1917), а таксама «грэгерыі» — парадаксальныя афарызмы. Яго эксперым. драматургія (п’есы «Беатрыс», 1909, «Паўлюдзі», 1929, «Лесвіцы», 1935) істотна паўплывала на фарміраванне тэатра абсурду. Аўтар больш як 20 раманаў і аповесцей. Найб. значныя: зб. навел «Незвычайны доктар» (1914), у якім прадугаданы шматлікія адкрыцці ў галіне псіхалогіі, і раман «Кіналандыя» (1923) — фантаст.-сатыр. адлюстраванне тагачаснай кінаіндустрыі. Пісаў аўтабіягр. і мемуарную прозу. Творы Гомеса дэ ла Серна вызначаюцца гумарам, стылістычнай свабодай і яркімі моўнымі навацыямі. З 1936 жыў у Аргенціне.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

К.​М.​Міхееў.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр. Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.

Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.

Да арт. Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)