шабулды́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. што. Кінуць што‑н. у ваду або выплеснуць ваду куды‑н. Шабулдыхнуць камень у ваду. □ Шабулдыхнуў [ражку] з вадою на галаву. Тады не было калі мыцца, а ў гэтай мясцовасці і не было дзе. Сташэўскі.

2. Тое, што і шабулдыхнуцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шала́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пласкадонная несамаходная баржа, якая служыць для пагрузкі і разгрузкі суднаў, для перавозкі грунту з землечарпальных снарадаў. Выгружаць зямлю з шаланды.

2. На Чорным моры — парусная пласкадонная рыбацкая лодка. Рыбацкія шаланды. □ На новую шаланду рыбакі З уловам невад выбіраюць. Корбан.

[Фр. chaland.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эльдара́да, нескл., н.

Краіна казачных багаццяў і цудаў. Погляд з горада ў вёску ўзнікае тут [у паэме «Новая зямля»] зусім не як плач па тым, што адыходзіць, і не дзеля малявання эльдарада ці ідылій, якіх у вёсцы на самай справе не было. Лойка. // перан. Месца, дзе ў дастатку знаходзіцца што‑н.

[Ад ісп. el dorado — залатая краіна, якую шукалі іспанцы пры заваяванні Паўднёвай Амерыкі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́цца

1. (надзейна ўмацавацца) sich heráusbilden; sich éinbürgern (пра погляды, традыцыі і г. д.);

усталява́ўся звы́чай der Brauch hat sich éingebürgert;

усталява́лася до́брае надво́р’е gutes Wétter hält an;

зіма́ канчатко́ва ўсталява́лася der Wínter ist éndgültig éingezogen;

усталява́лася ду́мка [трады́цыя] der Gedánke [die Traditión] hat sich heráusgebildet;

2. (уладкавацца, асесці дзе-н.) sich éinrichten; sich níederlassen*, sich ánsiedeln

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

твой, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж.; тваё, твайго́, н.; мн. твае́, тваі́х; займ. прыналежны да ты.

1. Які мае адносіны да цябе, належыць табе. Твая хата. Тваё паліто. Твая думка. □ Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. [Максім да Данілы:] — Я на тваім месцы наняў бы машыну, насыпаў бы ў кузаў яблык і гайда іх на Урал. Капыловіч. Аднаму ўсё ж сумнавата, браце, у твае гады. Машара. // Такі, як у цябе, падобны на твой. Твае [маці] ў мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс. Вярцінскі. // Зроблены, ажыццёўлены і пад. табою. Тваё пісьмо. Твае распараджэнні. // Звязаны з табою, знаёмы табе. Ну дзе ж твой абяцаны тэхнік? // у знач. наз. тваё, твайго́, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва табе. Твайго мне не трэба.

2. Які належыць табе па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. Твой бацька. Твая маці. Тваё дзіця. Твае сябры. // у знач. наз. твае́, тваі́х. Разм. Родныя, блізкія. Прывітанне тваім. Твае дома? // у знач. наз. тво́й, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж. Разм. Муж, каханы або жонка, каханая. — Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец. — Усе яны .. на адзін капыл. Васілёнак.

•••

Каб і духу твайго не было дзе гл. быць.

Каб нагі тваёй не было дзе гл. быць.

Нагі тваёй не будзе дзе гл. быць.

Не твая бяда гл. бяда.

Няхай на тваім будзе — няхай будзе так, як ты хочаш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці, якая ўключае разведку, здабычу нафты і спадарожных ёй газаў, пач. падрыхтоўку нафты для яе транспарціроўкі і перапрацоўкі. Н.п. Беларусі грунтуецца на радовішчах у Гомельскай вобл. Прамысл. распрацоўка першага на Беларусі радовішча нафты пачалася ў 1965 (за год здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 уведзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (усе Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведаны 18 радовішчаў. Нафта ў іх залягае ў сярэдніх і малых радовішчах пл. ад 50 км² да 1—2 км². Дэбіт свідравін невялікі, асн. спосаб здабычы — помпавы. Эфектыўнасць нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты, дастатковай гасп. асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў (іх больш за 30) па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя), потым падаецца ў нафтаправод «Дружба» і на нафтаперапрацоўчыя з-ды. За 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты. У 1998 здабыта 1830 тыс. т (уключаючы газавы кандэнсат). Здабытай нафты для патрэб Беларусі не хапае, таму яна завозіцца з Расіі.

Сусв. запасы нафты складаюць больш за 130 млрд. т. Найб. запасы яе знаходзяцца ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іраку, Іране, дзе адпаведна сканцэнтравана значная частка Н.п. У Н.п. краін Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу, Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі пануюць манаполіі ЗША і Вялікабрытаніі, на долю якіх прыпадае больш як палавіна здабычы і перапрацоўкі нафты.

Да арт. Нафтаздабыўная прамысловасць. Нафтапромысел у Рэчыцкім раёне.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.

П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.

2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.

3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв. гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бурча́к 1 ’гатунак гароху’ (Сцяц., Жд., Касп.), ’гарох буйнога гатунку’ (КЭС, лаг.), бу́рчак ’буры гарох’ (Др.-Падб.). Польск. burczak ’звычайны або буры гарох’. Фасмер (1, 249) (без польскага матэрыялу) лічыць, што гэта запазычанне з цюрк. моў (тур., туркм., чагат. burčak ’гарох’). Наводзіць сумненне адсутнасць гэтага слова ва ўсходніх гаворках, рус. і ўкр. мовах. Можа, запазычанне з польск. burczak (якое, здаецца, Варш. сл., 1, 236, выводзіць ад bury): параўн. націск у бу́рчак.

Бурча́к 2 ’ручай з хуткім цячэннем вады’ (Арх. ГУ), ’адрэзак ракі, дзе хуткае цячэнне’ (Янк. I), бурча́ ’топкае месца’ (Яшкін). Укр. бу́рчак ’тс’. Да бурча́ць (гл.). Параўн. і бурку́н ’месца, дзе шуміць вада ў рацэ’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атле́т ’спартсмен, чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы’. Рус., укр. атлет ’спартсмен, цыркавы артыст’, польск. atleta ’спартсмен, сілач’, чэш., славац. atlet і г. д. У беларускай мове з рускай, дзе з нямецкай ці французскай (Фасмер, 1, 36), дзе з лацінскай (< ст.-грэч. ἀθλητής ’удзельнік спаборніцтва, барэц’). У рускай слова з XVIII ст. У народных гаворках пашырана атлёт ’дужы, моцны чалавек’, якое адлюстроўвае, відаць, кантамінацыю з адлёт (гл.); вандроўныя цыркі маглі ’спрыяць і засваенню слова атлет у форме атлёт, вядомай і рускім дыялектам у значэнні ’зух’. На грэчаскую крыніцу атлет указваў Булахаў, Курс суч., 163; параўн. Шанскі, 1, А, 171; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)