ГАРАДНІ́ЧЫ (Антон Ягоравіч) (каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАВІ́ЧЫ,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., на р. Раста, на аўтадарозе Магілёў—Чавусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Чавусы, 20 км ад Магілёва, 1,5 км ад чыг. ст. Раста. 890 ж., 370 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча жал. веку, курганны могільнік радзімічаў (9—11 ст.).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.​Гаўсмана),

мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn​2+Mn2​3+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЦЬ,

вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн. м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн. м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКУ́БА, Гекаба,

у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.​Шэкспір і інш.).

Прыям і Гекуба ўзбройваюць Гектара. Размалёўка чырвонафігурнай амфары Эўфіміда. Каля 510 да н.э.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Hess) Віктар Франц) (24.6.1883, замак Вальдштайн, каля г. Фронляйтэн, Аўстрыя — 17.12.1964),

аўстрыйскі фізік. Чл. Аўстрыйскай АН (1933). Скончыў ун-т у г. Грац (1906), дзе і працаваў з перапынкамі да 1938 (з 1925 праф.). У 1938—56 праф. Фордхемскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы касм. прамянёў, радыеактыўнасці, атамнай фізіцы і оптыцы. Адкрыў касм. прамяні (1912) і даследаваў варыяцыі іх інтэнсіўнасці. Нобелеўская прэмія 1936.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕРО́Н I (грэч. Hierōn) Старэйшы

(?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),

правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ, Гіякінф,

у грэчаскай міфалогіі прыгожы юнак, любімец Апалона; сын спартанскага цара Амікла, праўнук Зеўса. Дыск, кінуты Апалонам, выпадкова забіў Гіяцынта. З крыві Гіяцынта выраслі кветкі гіяцынты. Месцам культу Гіяцынта быў г. Аміклы каля Спарты. У гонар Апалона ладзілі свята гіякінфія. Сюжэт міфа адлюстраваны ў карціне Дж.​Цьепала, оперы В.​А.​Моцарта і інш.

Да арт. Гіяцынт. Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс. Мастак А.​А.​Іванаў. 1831—34.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЧКА,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Глыбачка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад Ушач, 85 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Полацк. 827 ж., 336 двароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнікі прыроды Глыбачанскія валуны.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (правы прыток р. Дрыса), за 28 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,34 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 13,3 км². Схілы катлавіны стромкія, выш. 15 м, на ПнЗ да 25 м. Праз возера цячэ р. Нячэрская (левы прыток р. Свольна).

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)