ЦЫГА́ЛЬ Уладзімір Яфімавіч (н. 30.9.1917, г. Адэса, Украіна),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1978). Правадз. чл. АМ СССР (1978). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1937—42, 1946—48). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца стрыманай выразнасцю пластычных і прасторавых вырашэнняў, эмацыянальнасцю і характарнасцю вобразаў. Аўтар надмагілля М.​Астроўскага ў Маскве (1954), помнікаў У.​Леніну ў г. Казань і Ульянаўск (абодва ўстаноўлены ў 1954), Дз.​М.​Карбышаву ў г. Маўтгаўзен (Аўстрыя, 1962), Р.​Зорге ў Баку (1981), шэрагу партрэтаў, мемарыяльнай стэлы Музея-помніка сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1968). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Героям грамадзянскай вайны і Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 гг.» у г. Новарасійск (1982, Ленінская прэмія 1984). Дзярж. прэмія СССР 1950.

У.Цыгаль. Мемарыяльны комплекс у гонар савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай Вобл. Архітэктары Я.​Белапольскі, В.​Хавін. 1968.

т. 17, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БА,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс. ж. (2000).

Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял. Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.

Працуюць акц. т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАСМА́НІЯ (Tasmania),

востраў каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Аддзелены ад мацерыка прал. Баса. Пл. каля 65 тыс. км². У рэльефе пераважаюць плато і нагор’і выш. 600—1000 м. Вылучаюцца Усх. нагор’е (выш. да 1572 м) і Цэнтр. плато (выш. да 1617 м). Карысныя выкапні: поліметал. і жал. руды, волава, медзь, золата і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд умераны. У г. Хобарт сярэдняя т-ра ліп. 8 °C, студз. 17 °C. Ападкаў ад 600 мм (на У) да 2800 мм (на З у гарах). Шмат паўнаводных горных рэк. На З і ПдЗ — вільготныя горныя лясы з эўкаліптаў і хвойных, дрэвападобных папарацей у спалучэнні з альпійскай расліннасцю, у астатніх раёнах пераважаюць эўкаліптавыя лясы, месцамі лугі і балоты. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя, сярод іх ёсць і драпежнікі (тасманійскі д’ябал). Востраў адкрыты А.Я.Тасманам у 1642, названы ў яго гонар у 1853. Аб насельніцтве і гаспадарцы гл. ў арт. штат Тасманія.

Краявід на Пд Тасманіі.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЛЬС, Казальс (Casals) Пабла (29.12.1876, Вендрэль каля г. Тарагана, Іспанія — 22.10.1973), іспанскі віяланчэліст, дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў Барселонскай і Мадрыдскай (з 1891) кансерваторыях. З 1901 гастраліраваў у многіх краінах свету (у 1905—13 у Расіі як саліст і ў ансамблях з С.​Рахманінавым, А.​Гальдэнвейзерам і інш., у фп. трыо з А.​Карто і Ж.Цібо). Арганізатар (1920) і дырыжор (да 1936) 1-га ў Барселоне сімф. аркестра, Рабочага муз. т-ва (кіраўнік у 1924—36), муз. школы, часопіса. З 1939 у Францыі, з 1956 у Сан-Хуане (Пуэрта-Рыка), дзе заснаваў сімф. аркестр (1959) і кансерваторыю (1960). Аўтар араторыі «Яслі» (1943), «Гімна міру» для арк. (1971), сімф., хар., камерна-інстр. і інш. твораў. З 1957 праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К. (1-ы ў Парыжы) і ў гонар К. (у Будапешце).

Літ.:

Гинзбург Л. Пабло Казальс. 2 изд. М., 1966;

Blum D. Casals and the art of interpretation. London, 1977.

П.​Касальс.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

гістарычная вобласць на У Румыніі паміж Усх. Карпатамі на З і р. Прут на Усх. Назва, верагодна, ад р. Малдова, названай так, паводле падання, легендарным заснавальнікам Малдаўскага княства В.​Драгашам у гонар свайго сабакі Молды, які патануў у час палявання на дзікага быка (выява галавы гэтага быка — асн. элемент гіст. герба малд. дзяржавы). Сляды чалавека ў М. прасочваюцца з часоў палеаліту. З 6 ст. да н.э. населена фракійскімі плямёнамі гета-дакійцаў, скіфамі і інш. У 1 ст. да н.э. ў складзе царства (плем. саюза) Берэбісты. У 6—7 ст. н.э. адбывалася засяленне М. славянамі. З 10 ст. яна ў складзе Кіеўскай Русі, з 11 ст. — Галіцкага княства. У 10—12 ст. печанегі і полаўцы знішчылі тут або выцеснілі на Пн слав. насельніцтва. У 13 — пач. 14 ст. М. падначалена Залатой ардзе, потым — Венгрыі. З 1359 яна з’яўлялася тэр. ядром Малдаўскага княства. З 1862 у складзе Румыніі.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў вер. 1941—ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та (з ліст. 1942), падп. райкомаў ЛКСМБ (з вер. 1943) і КП(б)Б (з ліст. 1943), у цесным кантакце са Скідзельскай раённай антыфашысцкай арганізацыяй. Складалася з падп. арг-цый і груп у г. Скідзель, вёсках Бандары, Кашублінцы, Княжаводцы, Крушнікі, Лаўна, Хвайняны, Чарлёны (кіраўнікі М.​С.​Дзелянкоўскі, А.​І.​Зелянкоўскі, У.​С.​Кізевіч, Ф.​І.​Макарчук, А.​К.​Ролік, І.​А.​Сеўрук, І.​М.​Сініца, І.​А.​Шчасны і інш.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, адзенне, медыкаменты, разведданыя пра фаш. гарнізоны і апорныя пункты, рух варожых падраздзяленняў па чыг. і шашэйных дарогах, удзельнічалі ў дыверсійных аперацыях партызан. У барацьбе з акупантамі загінула 13 падпольшчыкаў. У г. Скідзель у гонар падполля помнік.

Л.​В.​Аржаева.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖ,

вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ НАБЛІЖЭ́ННІ,

раздзел лікаў тэорыі, у якім вывучаецца рашэнне ў цэлых ліках лінейных і нелінейных няроўнасцей ці сістэм няроўнасцей з рэчаіснымі каэфіцыентамі. У прыватнасці, вывучаюцца набліжэнні рэчаісных лікаў рацыянальнымі. Названы ў гонар Дыяфанта.

Напр., для адвольнага рэчаіснага ліку α няроўнасць |α − ​p/q| < q​−2 мае бясконца шмат рашэнняў у цэлых ліках p і q (ням. матэматык П.​Дзірыхле), аднак няроўнасць |β − ​p/q| < c(β)q​−n пры пэўным значэнні c(β) не мае рашэнняў у алгебраічных ліках β ступені n (франц. матэматык Ж.​Ліувіль). З апошняй тэарэмы вынікае трансцэндэнтнасць лікаў тыпу ∑ n = 1 ∞ 10 −n! Д.н. маюць шмат дастасаванняў у розных раздзелах матэматыкі. Значны ўклад у развіццё Д.н. зрабілі ням. матэматык Г.​Мінкоўскі, англ. матэматыкі К.​Рот і А.​Бейкер, сав. матэматык А.​В.​Гельфанд, бел. матэматык У.​Г.​Спрынджук.

Літ.:

Виноградов И.М. Метод тригонометрических сумм в теории чисел. 2 изд. М., 1980;

Хинчин А.Я. Цепные дроби. 4 изд. М., 1978.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),

князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн. Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р.М. 14(27) сакавіка.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх. Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс. га, у т. л. 45 тыс. га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс. га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс. га) і балоты (больш за 17 тыс. га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пн еўрап. ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)